Пагрузка на Беларускай чыгунцы з пачатку 2024 года склала больш за 50 мільёнаў тон, што вышэй за леташні ўзровень на 5 %, паведамляе Беларуская чыгунка. Частка росту адбылася за кошт нафтапрадуктаў.
БЧ адзначае, што «дасягнуты аб'ём пагрузкі ёсць адлюстраваннем развіцця эканомікі і ўстойлівай працы прадпрыемстваў» Беларусі. Асноўнымі драйверамі для росту аб'ёмаў работы БЧ стала прадукцыя прадпрыемстваў будаўнічай, лясной, нафтаперапрацоўчай і хімічнай галінаў, якія «запатрабаваныя на вонкавых рынках збыту».
«Адным з прыярытэтных і перспектыўных напрамкаў ёсць пагрузка і транспартаванне грузаў у кантэйнерах. Яшчэ 26 жніўня транспартаванне кантэйнераў на Беларускай чыгунцы з пачатку 2024 года дасягнула аднаго мільёна кантэйнераў у дваццаціфутавым эквіваленце (TEU)», – піша БЧ.
Летась мільён такіх кантэйнераў у БЧ атрымалася перавезці толькі ў снежні 2023 года.
«Беларуская чыгунка разам з грузаадпраўляльнікамі нашай краіны прымае ўсе магчымыя захады дзеля стварэння ўстойлівых гандлёвых сувязяў пры пастаўках тавараў на экспарт», – піша БЧ.
Грузы, за кошт якіх БЧ павялічыла аб'ёмы, застаюцца пад санкцыямі Захаду. Напрыклад, беларуская драўніна, нафтапрадукты, азот і калій. Аднак ёсць звесткі, што забароненыя беларускія тавары ўсё ж паступаюць у ЕЗ.
Арсен Рудэнка belsat.eu