Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім фактычна забараняе фізічным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам гандляваць крыптавалютай па-за беларускімі крыптабіржамі.
Указ №367 «Аб звароце лічбавых знакаў (токенаў)» быў апублікаваны прэс-службай Аляксандра Лукашэнкі.
Як гаворыцца ў апісанні да дакумента, указ прадугледжвае забарону для фізічных асобаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў – рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, на пакупку і продаж крыптавалюты па-за беларускамі крыптабіржамі (крыптаабменнікамі).
Як вынікае з дакументу, цяпер беларусам будзе забаронена набываць ці прадаваць крыптавалюту праз такія вядомыя замежныя крыптабіржы, як Binance, Bybit і г.д., або іншыя крыптаабменнікі. Такія ўгоды будуць лічыцца незаконнымі, на іх накладаецца забарона.
Савету Міністраў да 1 чэрвеня 2025 года загадана выпрацаваць прапановы пра ўсталяванне адміністратыўнай адказнасці за парушэнні патрабаванняў дадзенага ўказу.
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, прыняцце дакументу «будзе спрыяць развіццю празрыстага і кантраляванага абарачэння лічбавых знакаў (токенаў), у першую чаргу крыптавалюты, і перадухіленню вываду з краіны выкрадзеных з банкаўскіх рахункаў грамадзян грашовых сродкаў шляхам іх абмену на крыптавалюту на замежных крыптапляцоўках».
У той жа час, як каментуе прыняцце гэтага ўказу тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», «абсалютна відавочным з'яўляецца тое, што гэтыя патрабаванні фактычна забараняюць людзям у Беларусі ананімна выкарыстоўваць крыптавалюту».
Раман Шавель belsat.eu