навіны

170 асуджаных супраць 30 «памілаваных». «Вясна» паведамляе пра істотны рост палітычных рэпрэсіяў у ліпені

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: plit.ua
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: plit.ua
podpis źródła zdjęcia

У ліпені праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі «істотнае павелічэнне колькасці грамадзянаў, супраць якіх быў ужыты судовы пераслед у крымінальным парадку паводле палітычных матываў». Паводле папярэдніх звестак, за ліпень былі асуджаныя 170 чалавек, з якіх 36 жанчын і 134 мужчыны.

Найбольш асобаў у ліпені былі пераследаваныя ў крымінальных справах з палітычных прычынаў у Менску — 78, найменш у Віцебскай вобласці — трое.


Праваабаронцы адзначаюць, што структура крымінальнага пераследу паводле палітычных матываў у ліпені вызначалася інэрцыяй рэпрэсій, звязанай з затрыманнямі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года. З 170 чалавек, якія з высокай доляй верагоднасці былі асуджаныя за мінулы месяц, у 59 % у абвінавачванні меўся артыкул 342 КК, які прадугледжвае адказнасць за арганізацыю або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Часта «народны» 342 артыкул КК выкарыстоўваецца для пераследу цэлых сем’яў або груп сваякоў. 


Таксама праваабаронцы адзначаюць, што ў ліпені «стала прыкметна больш актыўна ўжывацца судовай сістэмай» працэдура адмысловага вядзення. У выніку былі асуджаныя 28 асобаў («аналітыкаў Святланы Ціханоўскай», «Форуму дэмакратычных сілаў Беларусі» і іншых). Іх завочна асудзілі на тэрміны ад 5 да 12 гадоў зняволення.

,,

«Папярэдні аналіз дазваляе зрабіць выснову аб тым, што беларускія ўлады такім чынам пазбаўляюць усякага палітычнага пачатку любую публічную ініцыятыву, якая магла б мець уплыў на грамадскую думку ўнутры краіны, непасрэдна перад зменай электаральных цыклаў, звязаных з выбарамі прэзідэнта ў 2025 годзе», — гаворыцца ў справаздачы «Вясны».


Таксама крымінальны пераслед паводле палітычных матываў «інтэнсіўна выкарыстоўваецца ўладамі для паўторнага і наступнага асуджэння грамадзян, што стварае эфект „працяглага і бесперапыннага рэпрэсіўнага ўздзеяння“». Гэтак, у ліпені былі паўторна асуджаныя палітвязні Дзмітрый Загалавец, Андрэй Кудзік, Зміцер Дашкевіч, Мікіта Залатароў, Руслан Волкаў, Сяргей Дзяцук, Эдуард Бабарыка, Цімур Рызапур.


Апроч таго, у ліпені Магілёўскім абласным судом былі асуджаныя на чатыры і тры гады пазбаўлення волі журналісты Алесь Сабалеўскі і Яўген Глушкоў.


Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня анансаваў выхад на волю некаторых палітвязняў «праз некалькі дзён». 16 жніўня прапагандысцкія тэлеграм-каналы паведамілі, што самаабвешчаны кіраўнік Беларусі падпісаў указ аб вызваленні палітвязняў. Як адзначаецца, былі вызваленыя 30 чалавек: 14 жанчын і 16 мужчын.


Якуб Хруст, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10