Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка і Аліна Коўшык сустрэліся з прадстаўнікамі польскага Міністэрства адукацыі ды абмеркавалі найбольш надзённыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія студэнты.
Гэтак, падчас сустрэчы ў польскім МЗС з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Польшчы намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка і прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык абмеркавалі праблемы, з якімі сутыкнуліся беларускія абітурыенты і студэнты пры паступленні ды працягу навучання ў польскіх установах вышэйшай адукацыі.
У выніку прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Польшчы запэўнілі, што будуць працаваць над тым, каб адмяніць пункт у заканадаўстве пра неабходнасць легальнага побыту на тэрыторыі Польшчы для атрымання адукацыі (пакуль ён застаецца ў моцы). Таксама прагучала абяцанне паспрыяць асобнай сустрэчы з суперінтэндантамі ў пытаннях адукацыі (kuratory oświaty), каб спрасціць і ўніфікаваць патрабаванні да беларускіх абітурыентаў і студэнтаў.
Прадстаўнікі АПКБ па выніках сустрэчы паведамілі, што падрыхтуюць адмысловую інструкцыю для абітурыентаў аб працэдуры паступлення і атрымання пасведчання ад управыф адукацыі (kuratorium oświaty) на беларускія дакументы, а таксама будуць працаваць над пошукам сярод чальцоў беларускіх няўрадавых арганізацыяў упаўнаважаных асобаў для рэпрэзентацыі інтарэсаў беларускіх абітурыентаў і студэнтаў у Польшчы. Праз чат-бот Аб’яднанага пераходнага кабінету @belcabinet_bot і рахунак Прадстаўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэння АПК у Instagram беларускія абітурыенты і студэнты, якія маюць праблемы з дакументамі для навучання ва ўніверсітэтах, могуць атрымаць адпаведную кансультацыю.
«Польскае Міністэрства адукацыі падтрымлівае абавязак падання абітурыентамі сертыфікатаў цэнтральнага тэставання, бо гэта абумоўлена польскім заканадаўствам, якое аднолькавае для ўсіх. Мы перадалі ў ведамства дакументы, якія могуць змяніць яго стаўленне, прадстаўнікі міністэрства ўзялі іх для далейшага юрыдычнага аналізу», – адзначыла Аліна Коўшык.
Разам з тым яна падкрэсліла, што з боку МЗС і Міністэрства адукацыі Польшчы бачыцца добрая воля ў развязанні гэтай справы, але ўсе праблемы «вынікаюць з таго, што ў 2023 годзе рэжымнае ведамства ў аднабаковым парадку разарвала дамову аб узаемным прызнанні дыпломаў з Польшчаю».
Нагадаем, што вялікая колькасць беларускіх абітурыентаў сутыкнулася з тым, што не можа падаць дакументаў у польскія ВНУ. Гэта атрымалася ў выніку таго, што Беларусь адмяніла пагадненне пра ўзаемнае прызнанне дакументаў аб адукацыі з Польшчай – у звязку з гэтым у беларускіх студэнтаў узніклі цяжкасці з пацвярджэннем атэстатаў. І нягледзячы на тое, што польскі ўрад зрабіў захады для спрашчэння гэтай працэдуры, усё ж існуе шэраг патрабаванняў, у тым ліку цэнтралізаванае тэставанне, што ставіць шмат якіх студэнтаў у складанае становішча.
Раман Шавель belsat.eu