Меркаваннi

Маленькія каментары перамогуць вялізны тэлевізар. І боты не дапамогуць

Мастак Уладзіслаў Сцяпной працуе над фрэскай «Курск, Данецк з табой!» у падтрымку жыхароў Курскай вобласці Расеі.
Мастак Уладзіслаў Сцяпной працуе над фрэскай «Курск, Данецк з табой!» у падтрымку жыхароў Курскай вобласці Расеі. Данецк, Украіна. 31 жніўня 2024 года. Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum
podpis źródła zdjęcia

Расейскія тэлеграм-супольнасці Курскай і Белгарадскай вобласцяў могуць даць вельмі шмат інфармацыі пра настроі людзей, іхнае стаўленне да ўладаў, сітуацыю ў зоне баявых дзеянняў. Гэта пры тым, што выказванні мадэруюцца і «ўсё непатрэбнае» прыбіраецца са стужак.


Цікава, што насельніцтва вобласцяў па-рознаму рэагуе на сітуацыю. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што жыхары Курскай вобласці першыя апынуліся ў зоне ўварвання войскаў ЗСУ і шмат каму з іх давялося бегчы са сваіх агародаў.


Па тым, як людзі пісалі, куды звяртацца па дапамогу, куды ехаць, дзе могуць прыняць сем'і з дзецьмі, можна заўважыць, як змянялася іхнае стаўленне да вайны і да ўладаў.


Нават не ведаючы пра сітуацыі, паводле гэтых кароткіх выразаў можна было зразумець, што людзі засталіся без падтрымання. Нехта пісаў, што аддзяленні МНС і паліцыі зачыненыя. «Дзе ўвогуле ўсе вайскоўцы? Куды зніклі памежнікі?! Бо ў іх ёсць транспарт! Чаму ніхто не займаецца эвакуацыяй?!» – абуралася жанчына, у якой двое дзяцей. Яна высвятляла, ці будзе транспарт менавіта для тых, хто з дзецьмі. Хтосьці ёй адказаў: «Усе драпанулі, думаюць, што нас не зачэпяць. А нічога, што ляцяць бомбы і могуць усё тут разнесці да д'ябла?! Пра гэта ніхто не падумаў?!»


Тады ў першыя содні цывільныя яшчэ пыталіся, хто ўвогуле страляе — як адрозніць, адкуль страляюць «нашыя» і «вораг». Менавіта з ТГ-каналаў робіцца ясна, што дзяржаўная мяжа практычна не ахоўвалася, а хвалёны «Ахмат» аказаўся кучкаю дэзерціраў, якія пакорліва здаліся ў палон. З'яўляліся нават фота палонных кадыраўцаў з украінскіх паблікаў, але іх выдалялі праз некаторы час мадэратары. Цэнзуры ніхто не адмяняў. Але хвалю абурэння наконт таго, што салдатаў тэрміновай службы кінулі пад кулямёты, мадэратарам збіць было нялёгка. Людзі выкладалі здымкі і абураліся дзеяннямі камандавання. У першыя дні ўвесь час мільгалі пытанні пра маўчанне Пуціна.


Пажылая жанчына па імені Валянціна размаўляе са сваімі суседзямі ў вёсцы Паўлаўка ў трох кіламетрах ад расейска-ўкраінскай мяжы. Курская вобласць, Расея. 15 верасня 2024 года. Фота: Fermin Torrano / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Пажылая жанчына па імені Валянціна размаўляе са сваімі суседзямі ў вёсцы Паўлаўка ў трох кіламетрах ад расейска-ўкраінскай мяжы. Курская вобласць, Расея. 15 верасня 2024 года. Фота: Fermin Torrano / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Людзі, якія яшчэ нядаўна, мяркуючы з апытанняў сацыёлагаў з Левада-Цэнтру, падтрымлівалі вайну, апынуліся сам-насам са сваёй бядой. Адна рэч – падтрымліваць на словах удары расейскага войска па аб'ектах энергетычнай сістэмы Украіны, а іншае – адчуць на сабе жыццё без электрычнасці, вады, мабільнай сувязі.


Мінула некалькі дзён – і з'яўляюцца абвесткі пра валанцёраў. З якіх вынікае, што ўсю нагрузку клопату пра насельніцтва ўзялі на сябе менавіта яны, і народ больш не разлічвае на ўлады – толькі на свае сілы. Але пры гэтым нідзе ў стужках няма нават згадкі, што трэба згуртавацца, стварыць нейкую структуру, абраць прадстаўнікоў, каб пачаць хаця б перамовы з уладамі на найвышэйшым узроўні для развязання сваіх праблемаў.


У ТГ-каналах паміж паведамленнямі мільгае рэклама – вокны ПВХ, цяпліцы, батарэі, аўтамабілі. І ўсё гэта ўперамешку з папярэджаннямі пра паветраную трывогу і звесткамі, дзе было траплянне гэтым разам. Да таго ж стала ў каментарах гучаць словы: «з першага дня вайны», «як толькі пачалася вайна». Агучваецца і дата – 6 жніўня. А да яе што было? Як ні дзіўна, толькі пару разоў гучала такое пытанне і на яго было адказам, што раней людзі «проста жылі». То бок дзесьці побач, за некалькі кіламетраў нешта такое было, але іх гэта як бы і не датычыла.


А што ж улады? А ўлады працягваюць інтэнсіўны PR губернатара. Усе каналы, у тым ліку, натуральна, і губернатарскія, транслююць ягоныя чарговыя заявы. Людзям расказваюць, якія віды ўзбраенняў ужываліся, называюць колькасць параненых жыхароў, паказваюць, колькі згарэла аўтамабіляў і якія разбурэнні ў гарадах.


Людзі праходзяць міма бетоннага сховішча ў Курску, Расея. 26 жніўня 2024 года. Фота: Tatyana Makeyeva / AFP / East News (edited)
Людзі праходзяць міма бетоннага сховішча ў Курску, Расея. 26 жніўня 2024 года. Фота: Tatyana Makeyeva / AFP / East News (edited)

Здавалася б, такія дзеянні маюць дапамагчы народу згуртавацца вакол уладаў. Але тут з'яўляюцца каментары, з якіх вынікае, што людзей аб'ядналі не ўлады, а агульная бяда. Кожны дзеіць самастойна. Прыкметная стомленасць і ўсё часцей гучыць незадаволенасць. Але ніхто не пытаецца, чаму ж усё гэта сталася магчымым.


Затое ў канале Краснай Яругі на Белгарадчыне адна дама задала рытарычнае пытанне: «А хто-небудзь ведае, калі ўсё мусіць скончыцца? Ёсць нейкая дата хаця б прыблізная?» Як ні дзіўна, адказу не было. Толькі смайлік з усмешкай.


Прымежжа Белгарадскай вобласці адрозніваецца ад Курскай. Тут амаль палова насельніцтва мае сваякоў ва Украіне. І для іх Харкаў – горад, у якім яны вучыліся, ездзілі па набыткі і ў пошуках забаваў. Грамадства з пачатку поўнамаштабнага ўварвання перажывае расслаенне на сваіх і чужых, на тых, якія з'ехалі і якія засталіся, на збяднелых і бенефіцыяраў вайны, на вайскоўцаў і ўхілістаў.


,,

На каналах Белгарадчыны відаць, што людзі проста любяць маўчаць на гэтую тэму: відаць, каб захаваць спакойны тон. Большасць каментароў адносіцца да бяспекі не столькі сваёй асабістай, колькі маёмасці. Марадзёрства. Можна сказаць, амаль у кожным каментары – гэтая трывожная тэма: людзі сочаць не толькі за сваёй маёмасцю, а яшчэ і сваіх сваякоў і знаёмых.



Найбольш падабаек сёння набіраюць паведамленні пра арышты найвышэйшых чыноўнікаў Міністэрства абароны Расеі. Прычым у гэтым адчуваюць еднасць — і белгарадцы, і куране. У траўні 2024 года Левада-Цэнтр апублікаваў вынікі апытання насельніцтва. 70 % негатыўна адклікаліся пра ЗША, Еўразвяз і Украіну. Галоўным калектыўным ворагам пры гэтым называлі NATO. Але сёння мы бачым у ТГ-каналах белгарадцаў занепакоенасць праз блізкасць да сваіх жа вайскоўцаў. Жыхары асцерагаюцца, што ўдары будуць наносіцца па іхных структурах, і такому суседству не радыя.


Сацыёлагі з даследчага агенцтва «ExtremeScan» даюць цікавыя вынікі апытання белгарадцаў: 25 % з іх неабходная абарона ад марадзёраў. Чым бліжэй да зоны размяшчэння вайскоўцаў, тым вышэйшая занепакоенасць мясцовых жыхароў — і ўжо 40 % думаюць, што марадзёрства можа зыходзіць менавіта ад іх.


Мабыць, таму ўжо больш за тыдзень сярод каментароў трапляюцца прэтэнзіі з боку вайскоўцаў. Яны абураюцца, што людзі сталі зачыняць дамы, не гавораць кодаў ад пад'ездаў, не пускаюць больш да сябе, каб тыя маглі памыцца і адпачыць у хатніх умовах.


Усё ж цікавая штука гэтыя ТГ-каналы. У кароценькіх выразах часам хаваецца вялізны сэнс. Назіраць, як змяняецца свядомасць людзей вельмі цікава, пагатоў мясцовыя жыхары больш за ўсіх іншых расейцаў падтрымлівалі вайну. Трэба пагартаць мясцовыя тэлеграм-каналы, каб убачыць, як фармуецца правал расейскага войска ў вачах абывацеляў. А можа, яшчэ і тое давядзецца пабачыць.


Любоў Лунёва belsat.eu


Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванне аўтара


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10