Прарасейская арганізацыя «Рускі дом у Гомлі» абвясціла аб зборы гуманітарнай дапамогі для Курску з фармулёўкай «у сувязі з падзеямі, якія адбыліся ў Курскай вобласці». Гаворка ідзе аб контрнаступленні ЗСУ на тэрыторыю Расеі. Але пакуль што, мяркуючы па справаздачах самой арганізацыі, адгукнулася не так шмат жадаючых. Самая вялікая дапамога – 350 кг кансерваў ад Жлобінскага мясакамбінату.
Як паведамляе кіраўніца «Рускага дому ў Гомелі» Вольга Бараненка, гуманітарную дапамогу плануюць адправіць у 143 пункты часовага размяшчэння жыхароў Курскай вобласці. Мяркуючы па справаздачах арганізацыі, размешчаным у яе афіцыйным telegram-канале, акрамя самога «Рассупрацоўніцтва», самы вялікі ўклад у фармаванне гуманітарнай дапамогі ўнёс Жлобінскі мясакамбінат, які ахвяраваў 350 кг кансерваў. Са спісу грамадскіх арганізацый збор падтрымаў яшчэ толькі Беларускі фонд міру.
Што 16 жніўня адбывалася ў Курскай вобласці
· Ракетная небяспека ў рэгіене была абвешчаная ўжо 13-ы раз.
,,«У выніку ўдару з боку Украіны быў разбураны аўтамабільны мост праз раку Сейм у Глушкаўскім раёне», – напісаў часова выконваючы абавязкі губернатара рэгіёну Аляксей Смірноў у Telegram-канале.
· Мінабароны Канады абвясціла, што Украіна можа выкарыстоўваць перададзенае ёй узбраенне на тэрыторыі Расеі.
,,«Канада не ўсталёўвала якіх-небудзь геаграфічны абмежаванняў», – заявіў прадстаўнік абароннага ведамства Андрэ-Ан Пулен.
· ЗША не хочуць дазваляць Украіне ўжываць дальнабойныя ракеты ATACMS для ўдараў па Курскай вобласці, паколькі іх запасы абмежаваныя, паведамляе CNN. Са словаў ананімных суразмоўцаў тэлеканала, нежаданне Вашынгтона не звязанае з рызыкай эскалацыі. Там лічаць, што гэтыя ракеты лепш выкарыстоўваць для ўдараў па аб'ектах у Крыме.
· У 19 рэгіёнах Расеі разгорнута 153 пункты часовага размяшчэння (ПВР), у якія ўжо вывезены 10 тыс. чалавек з Курскай вобласці. У гатоўнасці знаходзяцца яшчэ больш за 480 ПВР умяшчальнасцю звыш 38 тыс. чалавек, паведамляе МНС Расеі.
Надзея Вольная, «Белсат»