Што гэта было, невядома: пілоты нічога падазронага не заўважылі.
Міністэрства абароны Латвіі на сваім сайце паведаміла пра вылет знішчальнікаў NATO да мяжы з Беларуссю з увагі на неапазнаны аб'ект, што набліжаўся да паветранай прасторы балтыйскай краіны.
Пры гэтым нічога падазронага пілоты не заўважылі, і летакі вярнуліся на месца дыслакацыі.
У Міністэрстве абароны заклікалі грамадзянаў «неадкладна паведамляць пра падазроныя прадметы або дзеянні ў прымежнай зоне Латвіі».
7 верасня на тэрыторыі суседняй краіны ўпаў расейскі беспілотнік, што заляцеў з Беларусі. Праз два дні на прэс-канферэнцыі ў Рызе кіраўніцтва ўзброеных сілаў Латвіі абвесціла, што гэта быў «Шагэд» з выбухоўкаю, ён абясшкоджаны, цяпер трывае аналіз. Таксама высвятляецца, ці мае БПЛА заходнія дэталі.
У абаронным ведамстве не палічылі таго інцыдэнту атакаю на Латвію, бо цэллю дрона-камікадзэ была Украіна. Але паветраную абарону на ўсходніх межах тады пастанавілі ўзмацніць.
Сцяпан Кубік belsat.eu