навіны

У расследаванні смерці амерыканскага актора Мэт'ю Пэры адбыліся першыя арышты

Актор Мэт'ю Пэры. Крыніца: people.com
Актор Мэт'ю Пэры. Крыніца: people.com
podpis źródła zdjęcia

NBC News паведаміла, што ў расследаванні смерці актора Мэцью Пэры (зорка папулярнага тэлесерыялу «Сябры») адбыўся прарыў: некалькім асобам выстаўленыя абвінавачанні ў сувязі з яго смерцю, якая стала вынікам выпадковай перадазіроўкі кетамінам. 

Акрамя таго, раніцай 16 жніўня у Паўднёвай Каліфорніі ўжо былі арыштаваныя першыя падазраваныя, а федэральная пракуратура павінна апублікаваць абвінаваўчы акт з дэталёвым выкладаннем абвінавачванняў супраць гэтых дзвюх і іншых датычных смерці актора асоб.

Агулам вядома, што абвінавачанні ў сувязі з выпадковай смерцю актора выстаўленыя двум каліфарнійскім лекарам, гандлярцы наркотыкамі, вядомай як «каралева кетаміну», меркаванаму распаўсюдніку наркотыкаў і асабістаму памочніку Мэт'ю Пэры.

Згодна з абвінаваўчым заключэннем па 18 пунктах жыхарка Паўночнага Галівуду, якая прадавала кетамін і іншыя наркотыкі, дала памочніку Пэры кетамін, які ў выніку прывёў да смерці актора. Памочнік увёў Пэры наркотык у дзень ягонай смерці. Шпрыц быў дадзены лекарам, які таксама распаўсюджваў кетамін, Пэры і ягонаму памочніку ў мінулым, гаворыцца ў абвінаваўчым заключэнні. Арыштаваныя былі гандлярка наркотыкамі і лекар.

Мэт'ю Пэры быў знойдзены непрытомным у басейне сваёй рэзідэнцыі 28 кастрычніка мінулага года, і медыкі, якія прыбылі на месца, зафіксавалі ягоную смерць. У сярэдзіне снежня судмедэкспертыза ў акрузе Лос-Анджэлес вызначыла, што прычынай смерці 54-гадовага актора, вядомага найбольш па ролі ў «Сябрах», стала вострае ўздзеянне кетаміну – анестэтыка, які часам выкарыстоўваюць для дасягнення стану эйфарыі або стымуляцыі.

У прэс-рэлізе, выпушчаным пасля смерці актора, сярод фактараў, якія спрыялі ягонай смерці, былі пералічаныя ўтапленне, ішэмічная хвароба і ўздзеянне бупрэнарфіну, які выкарыстоўваецца для лячэння расстройстваў, звязаных з ужываннем апіоідаў.

Судмедэксперт, які праводзіў даследаванне цела актора, заявіў, што ўзровень кетаміну ў арганізме Пэры быў падобны да таго, які звычайна выкарыстоўваецца для агульнага наркозу. Такая высокая доза прывяла да перагрузкі крывяноснай сістэмы і дыхальнай недастатковасці, што ў выніку спрычынілася да ўтаплення актора ў басейне. 

Пэры праходзіў інфузійную тэрапію кетамінам для лячэння дэпрэсіі і трывожнасці, але апошняя працэдура была больш чым за тыдзень да ягонай смерці. Судмедэксперт адзначыў, што кетамін, выяўлены ў ягоным арганізме, не мог быць вынікам гэтай тэрапіі, улічваючы кароткі перыяд паўраспаду рэчыва. У выніку смерць актора была прызнаная няшчасным выпадкам. 

Амерыканскія медыі паведамляюць, што расследаванне смерці Пэры блізкае да завяршэння, і пракуратура можа выставіць абвінавачанні некалькім асобам.

Раман Шавель, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10