навіны

У Рагачове адкрылі «Першую пекарню». Уладальнікі сцвярджаюць, што памылкі ў назве няма

img
Адкрыццё пякарні ў Рагачове Гомельскай вобласці. 16 верасня 2024 года. Крыніца: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Аказалася, што гэта такі маркетынгавы ход: адно слова – па-беларуску, а другое – па-расейску.

Урачыстае адкрыццё пякарні зладзілі ў Рагачове 16 верасня і, вядома, прымеркавалі да гэтак званага Дня народнага адзінства. У цырымоніі ўзялі ўдзел кіраўнікі Гомельскага аблвыканкаму і Рагачоўскага гарвыканкаму, а таксама дырэктар мясцовага малочнакансервавага камбінату – менавіта гэтае прадпрыемства інвеставала ў новую вытворчасць, якую запусцілі ў памяшканнях былога хлебазаводу, што пуставалі.

Дырэктар Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату Уладзімір Луцкі, старшыня Гомельскага аблвыканкаму Іван Крупко і старшыня Рагачоўскага гарвыканкаму Віталь Сушко (злева направа) на адкрыцці «Першай пекарні». Рагачоў, Гомельская вобласць. 16 верасня 2024 года. Скрыншот: gomel_region_gov / Telegram
Дырэктар Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату Уладзімір Луцкі, старшыня Гомельскага аблвыканкаму Іван Крупко і старшыня Рагачоўскага гарвыканкаму Віталь Сушко (злева направа) на адкрыцці «Першай пекарні». Рагачоў, Гомельская вобласць. 16 верасня 2024 года. Скрыншот: gomel_region_gov / Telegram
На Рагачоўскім малочнакансервавым камбінаце карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе сказалі, што ў назве пякарні памылкі няма:
,,

«Назва насамрэч на двух мовах: „першая” – на беларускай, „пекарня” – на расейскай. Гэта такая задума. Агулам гэта пякарня, а яе таварны знак, назва – „Першая”. Таму так і атрымалася».


Над назваю, што выклікала пытанні, працавала маркетынгавая служба камбінату.


«Вы не першая асоба, якая звярнула ўвагу», – прызналіся на прадпрыемстве.


На просьбу «Белсату» такую «маркетынгавую хаду» пракаментаваў філолаг, які пагадзіўся паразмаўляць на ўмовах ананімнасці. Адмысловец палічыў назву дзікаватаю:

,,

«Назва атрымалася дзівакаватая, а абгрунтаванне цьмянае. Нават калі апусціць пытанне ўласна ідэі (спрэчная: імкнуліся падкрэсліць уласцівую нашай краіне двухмоўнасць? завабіць шырэйшую кліентуру?), то рэалізацыя няўдалая ўжо на этапе падбору словаў».


Цяперашняя назва не дазваляе зразумець ідэі і выглядае, як памылка: у школе вывучаюць, што «е» пераходзіць у «я» ў першым складзе перад націскам.


«Калі ўласнікі кавярні прагнуць пагуляць з дзвюма мовамі, урэшце могуць быць забаўныя варыянты, але варта звяртацца да спецыялістаў. Хаця, безумоўна, беларускую мову ў нэймінгу можна толькі вітаць», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10