Пасля доўгай хваробы памёр старшыня Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы Свет» Сяргей Калякін. Пра тое, якім ён быў чалавекам і палітыкам, за што змагаўся і чаму варты павагі, «Белсату» распавёў экс-кандыдат у прэзідэнты ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч.
Палітык згадаў, што шмат супрацоўнічаў з Сяргеем Калякіным і адзначыў ягоную непахіснасць у поглядах.
«Гэта быў годны чалавек. Чалавек прынцыпаў, каштоўнасцяў. Яны ў яго былі больш левыя. Я б не назваў яго камуністам, ён хутчэй быў сацыял-дэмакратам. З ім добра працавалася, ён быў выдатным менеджарам, і мы з ім прайшлі доўгі палітычны сумесны шлях. Ён быў начальнікам штабу на выбарах, дзе я быў адзіным кандыдатам ад аб’яднанай апазіцыі», — распавядае Аляксандр Мілінкевіч, называючы Калякіна «стрыжневым палітыкам, які спрыяў аб’яднанню».
Мілінкевіч згадвае, што ў тыя часы іх не цікавіла, хто хоча на захад, а хто — на ўсход, хаця, вядома, меркаванні б падзяліліся. Галоўнай жа цікавасцю было, якой будзе Беларусь. І Калякін, паводле палітыка, хацеў свабодную і дэмакратычную краіну, для яго вольныя выбары былі вялікай каштоўнасцю. І менавіта дзеля гэтага яны аб’ядналіся.
«Ён ніколі не прэтэндаваў, што ў праграме будзе тое, што яму важна, маю на ўвазе, левыя погляды, геапалітычны выбар. Ён казаў: ты выйграў выбары — і ты вызначаеш. На сходах я меў магчымасць гаварыць тое, што лічыў неабходным», — адзначыў палітык.
Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што Калякін быў абаронай, чалавекам слова і маральных каштоўнасцяў, з боку якога не чакаеш удару. На думку экс-кандыдата ў прэзідэнты, вялікую ролю ён адыграў у 2006 годзе, калі рыхтаваўся кангрэс, які быў не просты і трэба было адабраць тысячу дэлегатаў, і камуністычная партыя была вельмі моцнай:
«Калякін на папрокі, што ён гуляе ў гульню з некамуністамі казаў, што спачатку краіна, нам яе трэба зрабіць такой, як мы ўсе марым, а потым мы яшчэ паспрачаемся і нават паспрачаемся, як ва Украіне, у парламенце кулакамі. Ён такія словы любіў і казаў гэта шчыра».
Аляксандр Мілінкевіч зазначае, што ў сённяшняй апазіцыі акурат не хапае такіх жа прынцыповых людзей, якія вартыя ўсеагульнай павагі.
Пра смерць вядомага дзеяча левага руху Сяргея Калякіна пасля працяглай хваробы сталася вядома 15 жніўня. Палітыку было 72 гады. З 1994 года ён узначальваў партыю «Справядлівы свет» (да 2009 года яна называлася «Партыя камуністаў Беларусі»). У 2023 годзе яе ліквідаваў Вярхоўны суд.
У снежні 2023 года Калякін увайшоў у арганізацыйны камітэт па стварэнні марксісцкай партыі. Таксама Сяргей Калякін быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XIII склікання і прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнты на выбарах 2015 года.
Сяргей Падсасонны, Марыя Голдстэйн, «Белсат»