Крымінальную справу супраць Яна Дзюрбейкі скіравалі ў Вярхоўны Суд самаабвешчанай рэспублікі. Беларуса вінавацяць паводле артыкулу аб найміцтве.
Як паведаміла Генеральная пракуратура Расеі, Ян Дзюрбейка «з лютага да ліпеня 2022 года браў удзел у баявых дзеяннях на баку Украіны ў розных пунктах баявога сутыкнення ў якасці найміта». Ведамства сцвярджае, што беларус атрымаў за гэта ўзнагароду «ў эквіваленце 300 тысячаў рублёў» (у беларускіх рублях гэта 10,5 тысячы).
Раней Расея абвесціла Дзюрбейку ў міжнародны вышук, яго завочна арыштавалі.
Ваяры палка Каліноўскага Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў трапілі ў расейскі палон падчас бою каля Лісічанску ў Луганскай вобласці 26 чэрвеня 2022 года. Тады загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук і трое добраахвотнікаў: Васіль Парфянкоў, Васіль і Вадзім Шатровы.
Украіна адразу залучыла ваяроў у спісы на абмен, аднак, як кажуць у палку Каліноўскага, расейскі бок у свае пералікі іх не дадае.
Падчас дыскусіі на канферэнцыі «Новая Беларусь» 4 жніўня ў Вільні амбасадар Украіны ў асаблівых даручэннях для Беларусі Ігар Кізім адзначаў, што на тэму абмену палоннымі шмат публічна не скажаш, «каб не нашкодзіць». Дыпламат, зрэшты, адзначыў: пытанне ў фокусе, не забытае і абмяркоўваецца, усе магчымыя сродкі выкарыстоўваюцца.
Сцяпан Кубік belsat.eu