Сітуацыя ў Курская вобласці РФ, дзе баі ідуць з пачатку жніўня, застаецца заблытанай. На мінулым тыдні Расея распачала контрнаступ і мела пэўныя поспехі, але неўзабаве Украіна ўчыніла новы прарыў на мяжы і цяпер расейцы рызыкуюць трапіць у «мяшок». Вынік гэтай бітвы прадказаць цяжка, як і яе наступствы для сітуацыі на Данбасе, дзе расейцы працягваюць паступова прасоўвацца наперад. «Белсат» аналізуе апошнія падзеі на фронце.
Пуцінскі контрнаступ
10 верасня стала вядома, што расейская армія перайшла ў контрнаступленне ў Курскай вобласці. Украінскія пазіцыі былі прарваныя ў Коранеўскім раёне, бронетанкавая калона расейцаў імкліва ўварвалася ў сяло Снагасць. З’явіліся кадры дзевяці ўкраінскіх палонных. Таксама паведамлялася пра расейскія атакі на ўсходнім флангу ўкраінскага плацдарму. 12 верасня Мінабароны РФ заявіла, што ў Курскай вобласці былі вызвалены ўжо 10 населеных пунктаў, а 16 верасня паведаміла пра яшчэ два пасёлка.
Імаверна, Мінаабароны РФ як заўсёды моцна перабольшвае дасягненні расейская арміі. Аналітыкі ISW заўважылі: расейцы прасунуліся наперад у асноўным у тых раёнах, якія ЗСУ яшчэ не цалкам кантралявалі. Снагасць сапраўды атрымалася захапіць, таксама расейцы выйшлі да Вішнеўкі і Чырвонаакцябрскага. Аднак пацвярджэння іншых поспехаў зафіксавана не было. Наадварот з’явілася інфармацыя пра няўдачы расейскіх вайскоўцаў: са Снагасці яны спрабавалі адразу прарвацца ў Любімаўку, але трапілі на засаду і згубілі пяць баявых машын дэсанту (БМД).

Тым не менш, агулам падчас контрнаступу расейцы здолелі ўзяць пад кантроль тэрыторыю плошчай ад 58 да 100 кв. км і стварыць пагрозу ўкраінскаму плацдарму ў Курскай вобласці. «Сітуацыя на левым фланзе нашай групоўкі на Куршчыны пагоршылася», - канстатаваў украінскі аналітычны праект DeepState 11 верасня.
Прыярытэтная задача контрнаступу РФ - дэблакаванне Глушкоўскага раёну Курскай вобласці, які ў выніку ўкраінскай аперацыі аказаўся ў частковай ізаляцыі. З захаду і поўдня гэты раён мяжуе з Украінай, на ўсходзе з захопленым ЗСУ плацдармам, а на поўначы абмежаваны натуральнай воднай перашкодай - ракой Сейм. Станцыянарныя масты праз Сейм украінцы разбамбілі яшчэ ў жніўні і потым рэгулярна знішчалі пантонныя пераправы. Пад пагрозай акружэння аказаліся некалькі тысяч расейскіх жаўнераў. Аднак сітуацыя аказалася не безнадзейнай. Нягледзячы на рэгулярныя ўдары па пераправах, расейцы здолелі забяспечыць групоўку ў Глушкоўскім раёне і нават перакінуць праз раку дадатковыя сілы.
Сюрпрыз ад ЗСУ
Аднак 14 верасня сітуацыя зноў памянялася: ЗСУ самі нанеслі ўдар у Глушкоўскім раёне. Украінцы прарвалі мяжу на ўчастку, дзе раней баі не вяліся, захапілі сяло Новы шлях і ўварваліся ў Вясёлае.

Forbes зазначае ЗСУ атакуюць пры падтрымцы танкаў і авіяцыі, а з расейскага боку пазіцыі на гэтым участку займаюць кепска падрыхтаваныя салдаты тэрміновай службы.
«Тое, што спачатку здавалася кароткім і неглыбокім украінскім штурмам, насамрэч ператварылася ў нешта значна больш небяспечнае для расейскага кантролю над Курскам», - піша выданне.
Сэнс манеўру становіцца відавочным, калі паглядзець на мапу. З аднаго боку, цяпер ЗСУ пагражаюць пераправам на Сейме - да ракі ўсяго 7,5 км. З іншага боку, украінцы могуць выйсці ў тыл расейскай групоўцы, што ўзяла Снагасць. Калі ЗСУ спыніць не атрымаецца, то расейцы могуць трапіць у «мяшок».
Z-каналы прызнаюць, што ЗСУ здолели ўклініцца ў расейскую абарону на адлегласць да 5 км, сітуацыя ў раёне Вясёлага цяпер вельмі складаная, «моцна ўзрасла актыўнасць баёў, якія зараз супастаўныя з баямі пачатку ўварвання ЗСУ ў Курскую вобласць», - паведаміў расейскі Z-канал «ZАПИСКИ VЕТЕРАНА» увечары 14 верасня.
Акрамя таго, паводле DeepState, ЗСУ захапілі паселішчы Ветраны, Дураўка і частку Жураўлёў Каранеўскага раёну, што на поўначы ад зоны расейскага контрнаступу.
Тым часам, 16 верасня ўлады Курскай вобласці былі вымушаны абвясціць эвакуацыю ў 15-кіламетровай памежнай зоне Рыльскага і Хамутоўскага раёнаў.
Хто трапіць у пастку?
Сітуацыя ў Курскай вобласці развіваецца вельмі дынамічна - гэта адзінае месца на фронце, дзе цяпер ідзе сапраўдная манеўраная вайна. Папярэдні досвед паказвае, што ў манеўраваная вайна больш выгадная Украіне: яна дае магчымасць ЗСУ праявіць свае найлепшыя якасці і нівелюе перавагу расейцаў у рэсурсах.
,,«Расейцы наступаюць у Курскай вобласці. Усё ідзе па нашым украінскім плане», - заявіў 12 верасня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Словы Зяленскага могуць падацца бравадай, але яны цалкам упісваюцца ў логіку першапачатковага замыслу ўкраінскай аперацыі на Куршчыне. Мэтай Украіны быў не захоп тэрыторыяў і паселішчаў, а адцягванне сілаў праціўніка і навязванне расейцам баёў у нязручных умовах, калі ініцыятывай валодае ЗСУ.
«У гэтым і сутнасць усёй гэтай аперацыі, - зазначае лейтэнант ЗСУ з пазыўным «Алекс», які вядзе Telegram-канал «Офіцер», - Не ўзяць Курск і паболей тэрыторыяў, а манеўрамі акружыць і разграміць падраздзяленні ворага, узяць трафейную тэхніку, папоўніць абменны фонд, нанесці псіхалагічны ўдар іншым падраздзяленням УС РФ і іхняму насельніцтву».
Адцягнуць частку расейскіх сілаў у ЗСУ ўжо атрымалася. Як заявіў спікер аператыўна-тактычнай групы ВСУ «Поўнач» Вадзім Мыснік, да пачатку аперацыі ў Курскай вобласці Расея трымала там каля 11 тысяч вайскоўцаў, а цяпер – ад 30 да 45 тысяч. Аналітычны гурт Conflict Intelligence Team ацэньвае расейскую групоўку ў 30-35 тысяч.
У тым ліку былі перакінуты элітныя падраздзяленні Узброеных сілаў РФ. У прыватнасці, аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційны спротив» Канстанцін Машавец паведаміў, што ў Курскай вобласці Расея ўвяла ў бой два батальёны 155-й асобнай брыгады марской пяхоты і шэраг падраздзяленняў са складу 106-й паветрана-дэсантнай дывізіі.
Але ці атрымаецца «акружыць і разграміць» расейскія сілы або хаця бы проста нанесці паразу - пытанне адкрытае.

Пагроза на Данбасе
Таксама цяжка ацаніць доўгатэрміновы ўплыў падзеяў у Курскай вобласці на сітуацыю на фронце ў цэлым. Як ужо было сказана раней, расейцы сапраўды былі вымушаны адцягнуць на новы кірунак частку рэзерваў. Аднак падчас такіх аперацыяў заўсёды ўзнікае пытанне: а ці не адцягвае больш сілаў той, хто наступленне распачаў першым?
Калі ў пачатку жніўня адбыўся прарыў ЗСУ ў Курскай вобласці, Уладзімір Пуцін вырашыў, што прыярэтам мусіць застацца Данбас, дзе расейская армія вядзе наступленне адразу на некалькіх кірунках. У жніўні агрэсар дэманстраваў досыць высокія па мерках пазіцыйнай вайны тэмпы прасоўвання, у першую чаргу на Пакроўскім кірунку. Пры гэтым украінскія падраздзяленні наракалі на недахоп асабовага складу, боепрыпасаў і нават мін.
У верасні ЗСУ перакінула на Данбас свежыя рэзервы і тэмпы расейскага прасоўвання на Пакроўскім кірунку заўважна знізіліся, а на тарэцкім кірунку ўкраінцы нават паспяхова контратакавалі і часткова аднавілі кантроль за пасёлкам Нью-Ёрк.

Разам з тым, расейскае наступленне на Данбасе не спынілася. Расейцы моцна ціснуць у раёне Вуглядара і на Курахаўскім кірунку, прасоўваюцца на Купянскім кірунку і каля Часавага Яру. Паводле Канстанціна Машаўца, на Пакроўскім кірунку, у раёне Селідава і Гарняку, склалася «вельмі небяспечная» сітуацыя, якая можа набыць «катастрафічны характар» для ўсяго фланга ўкраінскай групоўкі.
Telegram-канал «Говорять Снайпер», які вядзе ўкраінскі вайсковец Станіслаў Бунятаў, піша, што на Пакроўскім кірунку «акружэнні, паўакружэнні і агнявы кантроль дарог» з боку праціўніка сталі ўжо звычайнай справай. У крызісе ён вінаваціць камандаванне, якое нібыта не ставіцца да сітуацыі на Данбасе належным чынам.
«Я не ведаю на што спадзяецца наша вышэйшае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва і чаму такое халатнае стаўленне да баявых дзеянняў на Данбасе, але асабіста ў мяне ўражанне, што ідзе апошняя «гульня» і на кон «пастаўлена ўсё», - наракае «Говорять Снайпер».
Хутчэй за ўсё, украінскі вайсковец пад уздзеяннем эмоцыяў згушчае фарбы, але стаўкі цяпер сапраўды вельмі высокія. Калі Украіна не здолее спыніць расейскі наступ на Данбасе, то гэта ў значнай ступені абясцэніць поспехі ЗСУ ў Курскай вобласці. Тым больш, што вынік бітвы на Куршчыне яшчэ таксама не вызначаны.
Глеб Нержын belsat.eu