Сёлета Дзень народнага адзінства, які Лукашэнка зацвердзіў пасля апошняй прэзідэнцкай кампаніі, «адсвяткуюць» ужо чацвёрты раз. Каму і навошта трэба гэтае свята, а галоўнае, каго і якім чынам яно прывяло да яднання, шмат якія беларусы зразумець не могуць дагэтуль. Пры гэтым сам рэжым з усіх сілаў спрабуе зрабіць свята адным з самых галоўных у краіне – нароўні з 9 траўня і 3 ліпеня. Пакуль не выходзіць. «Белсат» адказвае на «наіўныя пытанні» пра Дзень народнага адзінства.
Чаму гэты дзень так называецца?
Дата свята прымеркаваная да падзеяў 17 верасня 1939 года. У гэты дзень пачаўся паход Чырвонай Арміі, у выніку якога Заходняя Беларусь, што з 1921 да 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы, была далучаная да СССР. Савецкая прапаганда называла ўварванне «вызваленчым паходам» і лічыла, што дагэтуль краіна і народ амаль два дзесяцігоддзі былі падзеленыя напалову.
Аб'яднанне гістарычных беларускіх земляў у складзе СССР, якое рушыла за ім, было наўпроставым наступствам пакту Молатава – Рыбэнтропа, адбылося ў кантэксце Другой сусветнай вайны і суправаджалася рэпрэсіямі ў Заходняй Беларусі.
Драматычныя падзеі верасня 1939 года доўгі час заставаліся па-за полем зроку ўладаў Беларусі і нейкім неверагодным чынам набылі палітычнае значэнне толькі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў.
У 2021 годзе Лукашэнка назваў 17 верасня Днём народнага адзінства. Адпаведны ўказ аб заснаванні свята быў падпісаны ім 7 чэрвеня 2021 года. І ўжо чатыры гады ў сувязі з новым святам прапаганда актыўна прасоўвае наратыў пра тое, што Дзень народнага адзінства – гэта Дзень вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад панскага прыгнёту, сцвярджаючы, што да 2021 года свята не адзначалі, нібыта каб не абвастраць абстаноўкі і беларуска-польскіх адносінаў.
Тым не менш, справядлівым будзе адзначыць, што ў рамках апытання брытанскага даследчага цэнтру «Chatham House», праведзенага ў красавіку 2021 года, 18 % гараджанаў заявілі пра тое, што знаёмыя з падзеямі верасня 1939 года. 61 % апытаных сапраўды ацаніў іх як «пачатак уз'яднання зямель Беларусі». 40 % адзначылі, што 17 верасня добра падыходзіць на ролю Дня адзінства беларусаў.
Дэмакратычныя сілы Беларусі новае свята рэжыму ігнаруюць. Замест яго робяць акцэнт на Міжнародным дні дэмакратыі, які адзначаецца 15 верасня. Чаму – зразумела. Сам рэжым не хавае, што для яго Дзень народнага адзінства – негалоснае свята «перамогі» рэжыму над апазіцыяй.

Як гэтае свята адзначаюць у Беларусі?
Зрабіць Дзень народнага адзінства значным святам – для рэжыму амаль прынцыповая задача. Такая ж, як і даказаць усім, што Лукашэнка – легітымны прэзідэнт. Таму рэжым робіць усё магчымае, каб Дзень народнага адзінства ўкараніўся ў грамадскай свядомасці і заняў «такія ж пазіцыі, як 3 ліпеня і 9 траўня». Адсюль – і манера святкавання. Трэшавыя флэш-мобы з чырвона-зялёнымі стужкамі, добраахвотна-прымусовая прысутнасць беларусаў на мітынгах, працоўных канцэртах і сходах. У гонар новага свята прыдумалі нават цэлы патрыятычны форум «Мы – беларусы!». Да прыкладу, летась яго правялі на «Менск-Арэне», куды, не пашкадаваўшы грошай, сагналі шматлікія дэлегацыі ад усіх вобласцяў і Менску: моладзь, спартоўцаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партыяў і СМІ. Ува ўсіх кутках краіны прапагандыстаў у гэты дзень абавязалі правесці «вялікую колькасць розных грамадска-палітычных і патрыятычных мерапрыемстваў», на якіх перакручвалі гісторыю і лаялі варожую Польшчу і Захад.
Дарэчы, як ні ўздымалі пытання аб тым, чаму б не зрабіць Дзень народнага адзінства выходным, раз ужо ён такі важны, Лукашэнка на гэта так і не пайшоў.

Ці ёсць падобныя святы ў іншых краінах?
Прататыпам для беларускага Дня народнага адзінства было... расейскае свята. Пачынаючы з 2005 года Дзень народнага адзінства, але толькі 4 лістапада, адзначаецца ў Расеі. І прымеркаваны ён да выгнання войскаў Рэчы Паспалітай з Масквы ў 1612 годзе. Гэтае свята прапаганда ў Расеі выкарыстоўвае як чарговую нагоду для распальвання антызаходніх настрояў. Да таго ж пры дапамозе гэтага свята Пуцін пазбавіўся ад спадчыны Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада. А вось Лукашэнка – не: ён сваёй любові да савецкасці не хавае і Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі не адмяніў.
,,У нас Дзень народнага адзінства наўпрост завязаны з 2020 годам, калі замест дыялогу з апанентамі Лукашэнка ўзяў курс на выкараненне іншадумства, пераслед, рэпрэсіі ды выцісканне іншадумцаў з краіны, а таксама на «ідэалагічнае перавыхаванне» насельніцтва. Дзень народнага адзінства ў Беларусі – гэта складнік ідэалагічнага праекту. Выбар на карысць 17 верасня быў абумоўлены стаўкаю на антызаходнія наратывы. І калі ў Расеі Дзень народнага адзінства выкарыстоўваецца хутчэй у якасці важнага прапагандысцкага і ідэалагічнага інструменту ў вайне супраць Украіны, то ў Беларусі гэтае свята звязанае з перыядам гвалту і рэпрэсіяў у Беларусі, у тым ліку ў яе найноўшай гісторыі.
Чаму рэжым у гэтае свята вызваляе вязняў?
Палітвязні для Лукашэнкі – асабістыя ворагі, інструмент маніпуляцыі і разменная манета для перамоваў з Захадам. Апошнім часам прапагандысты адкрыта кажуць: Лукашэнка гатовы адпусціць яшчэ больш палітвязняў у абмен на прызнанне сваёй легітымнасці.
Такім чынам ён спрабуе размарозіць адносіны з Захадам і выгандлеваць адмену санкцыяў. Эксперты ў адзін голас сцвярджаюць: усякую гуманітарную матывацыю ў сувязі з вызваленнем палітвязняў у святы трэба выключыць. Усе гэтыя дзеянні – усвядомлены і спланаваны палітычны жэст. Гэты год не быў выключэннем. Так, напрыклад, 16 верасня сталася вядома, што Лукашэнка збіраецца памілаваць яшчэ 37 палітвязняў. Прытым акцэнт робіцца выключна на слове «памілаваць», што нібыта падкрэслівае гуманнасць Лукашэнкі. Нагадаем, паводле Закону аб амністыі, праціўнікі рэжыму (гэта значыць людзі, якія трапілі ў турму паводле палітычных артыкулаў, «датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці, або якія ўваходзяць у пералік арганізацыяў і фізічных асобаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці») трапіць пад амністыю не могуць. Яны могуць быць толькі памілаваныя. Адпаведна, чарговае рашэнне Лукашэнкі аб памілаванні з нагоды нібыта свята – не што іншае, як вынік ягонай чарговай палітычнай маніпуляцыі, пагаднення паміж Менскам і Захадам або абмену на новыя дыпламатычныя магчымасці.
Надзея Вольная belsat.eu