навіны

Роўна 25 гадоў таму бясследна зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Фота: калаж з фота / Вікіпедыя
Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Фота: калаж з фота / Вікіпедыя
podpis źródła zdjęcia

Вечарам 16 верасня 1999 года без вестак зніклі апазіцыйны палітык, колішні старшыня ЦВК Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. 

Шматлікія звесткі сведчаць пра тое, што, хутчэй за ўсё, яны былі схопленыя і пазней забітыя.

Іх схапілі па дарозе ў лазню, размешчаную на вуліцы Фабрычнай у Менску – на гэтым месцы пазней былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля і сляды крыві.

Знікненне Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага звязваюць з іхнаю палітычнай дзейнасцю. Паводле адной з найбольш верагодных версіяў, яны маглі стацца ахвярамі так званых эскадронаў смерці, што праводзілі рэпрэсіі супраць апазіцыі на загад уладаў.

Адною з нагодаў для расправы над Ганчаром, паводле ягонага паплечніка Васіля Шлындзікава, быў намер правесці 19 верасня 1999 года пашыранае паседжанне разагнанага на той момант Вярхоўнага Савету 13-га склікання з удзелам незалежных прафсаюзаў і апазіцыйных актывістаў. Адной з мэтаў гэтага паседжання мусіла быць прыняцце рашэння пра пачатак нацыянальнай кампаніі для адхілення Лукашэнкі ад улады за парушэнні законаў краіны.

Пра тое, што палітыкі былі схопленыя ды, імаверна, забітыя на загад найвышэйшага кіраўніцтва краіны, сведчаць шматлікія доказы. Пра гэта расказваў былы начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў (ён сведчыў, што напярэдадні знікнення выдаў «расстрэльны пісталет», з якога, хутчэй за ўсё, і былі забітыя палітык і бізнесовец). Пра гэта сведчаць паказанні экс-байца Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання Юрыя Гараўскага, які сцвярджаў, што быў удзельнікам «эскадронаў смерці» і беспасярэдне ўдзельнічаў у выкраданні Ганчара і Красоўскага. Акрамя таго, у 2004 годзе адмысловы спавяшчальнік ПАРЕ Хрыстас Пургурыдыс, які расследаваў гэтую справу, прыйшоў да высновы, што Ганчара, Красоўскага і былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку (знік у траўні 1999 года) выкраў спецатрад сілавікоў, якім камандаваў Дзмітрый Паўлічэнка, і што ўсё гэта адбывалася з ведама кіраўніцтва краіны.

Нягледзячы на розныя міжнародныя расследаванні і спробы высветліць лёс зніклых, улады Беларусі робяць усё, каб замяць гэтыя справы. У выніку справа Ганчара і Красоўскага, побач са справамі пра знікненне Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага, застаецца адной з неразвязаных праблемаў беларускай палітычнай гісторыі.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10