Мо вы і думаеце, што ковід – гэта штосьці з мінулага, але каронавірус так не думае. Ён працягвае мяняцца, заражаць і забіваць новых людзей. Апошнім часам у шэрагу краінаў стала расці колькасць захворванняў – не выключана, што новы варыянт вірусу мог ужо дабрацца і да Беларусі. «Белсат» расказвае, што цяпер важна ведаць пра SARS-CoV-2 і COVID-19.
З дакладнымі лічбамі праблема
Што цяпер з ковідам у маштабах усёй планеты, не ведае ніхто. Некалі папулярны зборнік статыстыкі па каронавірусе на сайце «Worldmeters» cпыніў працу яшчэ ў красавіку, бо большасць краінаў перасталі публікаваць справаздачы. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (WHO) яшчэ працягвае публікаваць зборы статыстыкі, але яны выглядаюць дзіўна: быццам бы ў Афрыцы за тыдзень ніхто не захварэў на ковід, а ва Усходнім Міжземнамор’і ніхто не заражаўся ўжо тры месяцы.
Што ў Беларусі – тым больш невядома. Міністэрства аховы здароўя апошні раз публікавала сваю статыстыку больш за два гады таму. І тая статыстыка была вельмі сумнеўнай: спачатку журналісты разгадвалі «рэбусы» Мінздароўя, а потым, дзякуючы «Кіберпартызанам», выкрылі заніжэнне смяротнасці ў 14 разоў. З пачатку 2024 года Мінздароўя агулам нічога не пісаў пра ковід у Беларусі.
Шмат дзе захворвальнасць расце. У тым ліку ў суседзяў Беларусі
З таго, што ведае WHO, вялікі рост захворвальнасці каронавіруснай інфекцыяй за мінулы месяц – у Італіі, Расеі, Грэцыі, Злучаным Каралеўстве, Новай Зеландыі, Румыніі, Малдове…
У Злучаных Штатах на ковід нядаўна хварэў нават прэзідэнт Джо Байдэн. Паводле звестак амерыканскага Цэнтру кантролю і прадухілення хваробаў (CDC), рост шпіталізацыяў з каронавірусам пачаўся яшчэ ў траўні, а ў чэрвені пайшлі ўгару смерці інфікаваных. Цяпер лічбы далёкія ад пікаў 2020–23 і нават ад зімовага піку, але для лета гэтая хваля надзіва моцная.
Сярод амерыканцаў, якія нядаўна захварэлі на ковід, быў спрынтар Ноа Лайлз, які на Алімпійскіх гульнях узяў бронзу ў бегу на 200 метраў. Таксама на Алімпіядзе выявілі ковід у пяці аўстралійскіх гульцоў у воднае пола і ў латвійскага лёгкаатлета, які, падобна выступаў у фінале скачкоў з шастом, быўшы ўжо хворым.
У Латвіі за мінулы тыдзень захворвальнасць на ковід вырасла на 19 %. Захворвальнасць расце і ў суседніх Літве і Эстоніі.
У Польшчы захворвальнасць таксама расце. На момант публікацыі штодня выяўляюць сотні новых і паўторных заражэнняў, амаль кожны дзень фіксуюць новую смерць ад ковіду. І гэта пры тым, што тэстаў на ковід амаль не робяць. Непрапарцыйна шмат выпадкаў ковіду выяўляюць у сталічнай вобласці – Мазавецкім ваяводстве. Пік чакаюць у сярэдзіне верасня.

Ва Украіне захворвальнасць за месяц вырасла ў шэсць разоў: у чэрвені фіксавалі 2 тысячы выпадкаў, у ліпені – 12 тысяч. Вядома, лічбы няпоўныя, і не толькі праз тых, хто не звяртаецца да лекараў, а і праз поўнамаштабную вайну. Ды пакуль узровень шпіталізацыяў з ковідам ва Украіне яшчэ не такі высокі, каб перагрузіць сістэму аховы здароўя, а рэвакцынацыю пакуль рэкамендуюць толькі людзям з групаў рызыкі.
У Расеі, паводле афіцыйных звестак, за мінулы тыдзень захворвальнасць на ковід вырасла на 29,1 % да мінулага тыдня, за пазамінулы тыдзень – на 28,2 %. За мінулы тыдзень ад ковіду памерлі 14 чалавек, за пазамінулы – 10. І гэта толькі тыя, хто трапляе ў афіцыйную статыстыку, а ў Расеі, таксама як у Беларусі, лічылі не ўсіх. Улады Расеі цяпер заяўляюць, што «сітуацыя стабільная», уздым захворвальнасці «звязаны з сезоннасцю». Але Уладзімір Пуцін усё яшчэ беражэцца і самаізалюецца, а акцыі пратэсту ўсё яшчэ забараняюць праз ковідныя абмежаванні.
З’явіліся новыя варыянты – FLiRT
WHO папярэджвае, што ў Еўропе зафіксаваны рост захворвальнасці на ковід у мінулыя тыдні складае 20 %, але сапраўдны можа быць вышэйшы і ў два, і ў дваццаць разоў. Каронавірус працягвае развівацца і распаўсюджвацца, таму захоўваюцца рызыкі з’яўлення больш небяспечных штамаў. А даступнасць вакцынаў пагаршаецца, бо змяншаецца колькасць вытворцаў. WHO заклікае перайсці ад крызіснага рэжыму да ўстойлівага і комплекснага падыходу да кантролю захворвальнасці і працягваць вакцынацыю групаў рызыкі.
Як мінімум у ЗША ўжо дамінуе новая група варыянтаў каронавірусу з кодавай назвай FLiRT – падварыянтаў «о-мікрон» з мутацыямі спайкавага бялку, якія могуць даваць вірусу лепшыя здольнасці ў абыходзе імуннай сістэмы. Гэтыя варыянты вірусу, імаверна, ужо сустракаюцца ў Беларусі – тыдзень таму ад FLiRT-у памерла жанчына ў суседняй Украіне
Вакцынаў спецыяльна пад гэтыя варыянты яшчэ не распрацавалі, пакуль вытворцаў толькі просяць абнавіць вакцыны з улікам новых варыянтаў. Вакцынацыя неадаптаванымі да новых варыянтаў вакцынамі не бароніць ад захворвання, але зніжае імавернасць цяжкай хваробы, шпіталізацыі і смерці. Таксама супраць вірусу па-ранейшаму дапамогуць маскі, мыццё рук і вентыляцыя памяшканняў.
Як абараніцца ў Беларусі
Па-першае, не панікаваць. Пакуль не падобна, каб новыя субварыянты былі значна больш смертаноснымі. Хіба больш заразлівымі. То бок рызыкі падвышаюцца, але не крытычна.

Па-другое, спадзявацца на сябе, а не на дзяржаву. У Беларусь наўрад ці прыйдуць абноўленыя заходнія вакцыны – як не прыходзілі і ранейшыя заходнія. Мяняць склад расейскага «Спутніку» пад новыя субварыянты не збіраюцца. Завод, дзе павінны былі вырабляць беларускую вакцыну, недабудаваны, хоць мусіў быць збудаваны год таму, а пра саму беларускую вакцыну няма навінаў з траўня – тады збіраліся правесці яе сертыфікацыю. Ёсць хіба ўскосныя прыкметы затрымання аднаго з кіраўнікоў стварэння гэтай вакцыны.
А значыць, для людзей з групы рызыкі варта захоўваць падвышаную пільнасць: лішні раз не з’яўляцца ў людных месцах, насіць маскі самім і прасіць насіць маскі іншых пры блізкім кантакце, мыць рукі, праветрываць памяшканні. Не адмаўляцца ад паўторнай (бустэрнай) вакцынацыі, калі такую раптам прапануюць – хай яна і не дае поўнай абароны, а толькі змяншае шанцы цяжкіх наступстваў. І сачыць за навінамі: не выключана, што сітуацыя з каронавірусам стане горшай, таксама як не выключана, што ў Беларусі нейкім цудным чынам з’явіцца актуальная вакцына.
Алесь Наваборскі, «Белсат»