Прадстаўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі 14–15 верасня правяло ў Варшаве стратэгічную антыканферэнцыю «Belarusian ID Revival Days». Палітыкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, медыя, бізнесу, былыя сілавікі і медыкі абмяркоўвалі, як адраджаць Беларусь. Сабралі самыя цікавыя думкі пра тое, якое дачыненне нацыянальнае адраджэнне мае да дзяржаўнага апарату, праваахоўных органаў, эканомікі і медыцыны.
«90 % чыноўнікаў пасля пераменаў маюць застацца»
На тэму беларусізацыі ўраду і чыноўніцкага апарату разважаў кіраўнік НАУ, намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным Кабінеце Павел Латушка. Ён нагадаў, што калі сам прыйшоў працаваць у МЗС у 1995 годзе, беларуская мова ў ведамстве была прыярытэтам.
«Мы не маглі сабе ўявіць, каб напісаць ноту ў амбасаду, акрэдытаваную ў Менску, на расейскай мове. Усё пісалася выключна на беларускай мове, па-расейску – толькі калі нота была датычныя СНД, – прыгадаў палітык. – <…> На той час маладая частка МЗС была натхнёная развіваць і падтрымліваць родную мову. Усе двухбаковыя дамовы рыхтаваліся прыярытэтна на беларускай мове і той краіны, з якой мы падпісвалі пагадненне».
Сам Латушка з самога пачатку працы ў МЗС размаўляў па-беларуску, за што трапляў пад ціск прэс-службы Лукашэнкі. А вось тагачасны міністр замежных справаў дыпламата падтрымаў. І цяпер Павел Латушка перакананы: каб чыноўнікі размаўлялі па-беларуску, пачынаць маюць міністры.
«Чыноўнікі – як зграя. Калі важак будзе размаўляць па-беларуску, і яны будуць», – зазначыў палітык.

У будучыню кіраўнік НАУ глядзіць з аптымізмам і думае, што ў цяперашніх беларускіх чыноўнікаў «не ўсё страчана»:
«У 2020 годзе ў мяне былі сустрэчы з ААЦ Лукашэнкі. Яны кансультаваліся са мной як з былым амбасадарам, як упісаць у канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Беларусі пытанне нацыянальнае, падтрымку культуры, гісторыі. І калі яны былі гатовыя яшчэ ў 2020 годзе да гэтага, значыць, не ўсё страчана».
Але гэтых жа чыноўнікаў Латушка прапаноўвае катэгарызаваць, каб вызначыць, хто мусіць сысці пасля пераменаў, а каго можна пакінуць. Найперш пайсці маюць прарасейскія ўрадоўцы. Далей ідзе катэгорыя «прадзяржаўныя».
«І тут ёсць дэмакратычна, ліберальна, але не нацыянальна арыентаваныя. Але ёсць прадзяржаўныя нацыянальна арыентаваныя. Гэтыя другія мусяць быць асновай чынавенства, – тлумачыць Латушка. – Я перакананы, што 90 % чыноўнікаў маюць працаваць у новым апараце. Не можа працаваць найвышэйшы кадравы рэзерв Лукашэнкі. У ім 900 асобаў. І тое, трэба іх люстраваць, калі яны здзейснілі злачынствы супраць беларускага народу ці міжнародныя злачынствы. Але вырашаць гэта павінен толькі суд».
«Ніякай дэмакратыі і адраджэння не будзе без жанчын»
Марына Ментусава, ментарка і гендарная даследніца, пачала прамову са сцвярджэння: ніякай дэмакратыі і адраджэння не будзе без жанчын, а дэмакратычныя сілы мусяць гарантаваць, што жанчыны будуць у цэнтры будучай трансфармацыі Беларусі.

Марына перакананая, што гендарная роўнасць выгадная дзяржаве:
«Паводле даследаванняў, жанчыны ў кіраўніцтве прыносяць больш прыбытку прадпрыемствам. Не менш за 30 %, а лепш 40 % жанчын ва ўрадзе на кіроўных пасадах спрыяюць таму, што дзяржава пачынае клапаціцца пра сацыяльна ўразлівыя групы, робіць жыццё ў краіне лепшым, менш марнуе на замежную палітыку і вайсковыя выдаткі. Жанчыны прыносяць мір, рост эканомікі, фокус на сваім насельніцтве».А павялічыць колькасць жанчын даследніца прапаноўвае з дапамогаю гендарных квотаў.
Цяпер жанчыны ўсё яшчэ застаюцца шмат у якіх сферах на перыферыі, мяркуе спікерка. У якасці прыкладу прывяла імёны жанчын у тапаграфічных назвах:
«Ці ведаеце вы, колькі вуліцаў у Беларусі названыя ў гонар жанчын? Менш за адзін адсотак. Колькі названыя імёнамі беларусак? Менш за траціну ад адсотка. Большая частка – былыя прапагандысткі, партызанкі і гэтак далей».
Як беларусізаваць міліцыю?
Гісторык і падпалкоўнік міліцыі Андрэй Радаман таксама прыгадваў 1990-я і тое, як чытаў лекцыі ў Акадэміі МУС па-беларуску, як шмат тады было сярод міліцыянтаў настроеных апазіцыйна ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі, асабліва тых, якія вучыліся ў беларускіх школах у 1960-я гады.
Каб беларусізаваць праваахоўныя органы, калі дэмакратычныя сілы прыйдуць да ўлады, трэба стварыць Акадэмію праваахоўных органаў, якая будзе падпарадкоўвацца парламенту, мяркуе гісторык. Начальнік такой акадэміі ды ягоныя намеснікі маюць прызначацца адмысловымі пастановамі парламенту. Навучальныя праграмы варта абмяркоўваць ужо цяпер, а таксама задумацца, што няма падручнікаў на беларускай мове, перакананы Радаман.
Як асобную праблему былы міліцыянт вылучыў тое, што беларускія юрысты і супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія страцілі працу ў 2020 годзе, не могуць цяпер уладкавацца паводле спецыяльнасці за мяжою:
,,«Таму, калі мы абмяркоўваем праект беларускага ўніверсітэту за мяжою, важным становіцца праект стварэння ў гэтым універсітэце юрыдычнага факультэту, і людзі, якія туды прыйдуць, мусяць выпрацоўваць праект рэформы праваахоўных органаў».
Культ ахвяраў, пакутаў і мазахізм
Песімістычны позірк прэзентаваў палітык і прадстаўнік палка Каліноўскага Дзмітрый Шчыгельскі:
«Перш чым казаць, як мы будзем рабіць беларускае войска, беларускую дыпламатыю, адукацыю, трэба вярнуць дзяржаву. Мы страцілі дзяржаву, і пакуль яе ў нас не будзе, нічога не будзе. Праблема ў тым, што мы цяпер спрабуем зрабіць квазідзяржаву за мяжой. А гэта імітацыя».Шчыгельскаму не падабаецца «культ ахвяраў і пакутаў», які ён бачыць у дэмакратычных сілах:
«Гэта можна назваць проста мазахізмам. Нам трэба ганарыцца не ахвярамі. Іх трэба шанаваць. А ганарыцца трэба перамогамі».

У якасці прыкладу палітык прывёў украінцаў, якія таксама мелі такую ж схільнасць – лічыць сябе ахвярамі, але пасля 2014-га, а потым пасля 2022 года, калі ўсвядомілі сябе нацыяй, распачалі пераможны дыскурс.
«Гэта прыклад таго, што нам трэба перастаць канцэнтравацца на пакутах, ахвярах, і пачаць засяроджвацца на перамогах, і самае галоўнае – думаць, як вярнуць сабе дзяржаву. Без гэтага нічога не будзе працаваць. І ў рамках той вайны, якая цяпер ідзе, у нас ёсць магчымасці, і калі мы гэтыя магчымасці выкарыстаем, вернемся на радзіму, тады можна будзе казаць пра ўсё астатняе», – рэзюмаваў прадстаўнік беларускіх ваяроў ва Украіне.

Ці можа Беларусь трапіць у першы свет?
Пра адраджэнне эканомікі разважаў Павел Данейка, эканаміст BEROC. Эксперт аптымістычна заўважыў, што ў беларусаў, нягледзячы на ўсе правалы ў эканоміцы праз цяперашнюю дзяржаўную сістэму, ёсць добрая схільнасць ствараць прадукты, што будуць працаваць заўтра. А каб гэтая схільнасць эфектыўна рэалізоўвалася, трэба праводзіць рэформу адукацыі:
«Падставай у адукацыі на ўсіх узроўнях мае стацца творчасць, дыялогавы рэжым, а не лекцыі. Настаўнікі ў старэйшых класах маюць быць 50/50 мужчыны і жанчыны, а ў вышэйшай школе ў выкладніка мае быць не больш за 200 гадзінаў лекцыяў на год, каб у яго быў час займацца навукай і даследаваннямі».
Вольга Зазулінская, актывістка і кіраўніца фонду «Краіна для жыцця», казала пра тое, што краіны першага свету – гэта грамадствы, дзе чалавек адчувае сябе пад абаронаю, дзе паважаюць правы кожнага, дзе нікога не выкінуць за борт:
«Першы свет – гэта пра тое, дзе сацыяльная справядлівасць, годнасць і павага да чалавека – на першым месцы. Мы мусім забяспечыць сацыяльную абарону і роўнасць для ўсіх. Па-другое, мусіць быць узмацненне мясцовага самакіравання, дэцэнтралізацыя. Гэта магчымасць даць людзям кіраваць сваім жыццём на месцы. Па-трэцяе, барацьба з дыскрымінацыяй і забеспячэнне роўнасці. Сапраўдная сіла дзяржавы не ў багацці і не ў войску, а ў тым, як яна клапоціцца пра сваіх грамадзянаў з уразлівых групаў».
У якасці прыкладу, на які мусіць арыентавацца Беларусь, Зазулінская прывяла Швецыю. З ёй не пагадзілася Лізавета Пракопчык, дэлегатка КР ад «Моладзевага наступу». Палітычная актывістка зазначыла, што ў Беларусі няма цяпер такога капіталу, як у Швецыі, каб быць моцнай сацыяльнай дзяржавай, і што гэты капітал трэба спачатку зарабіць. А дзеля гэтага трэба стварыць максімальна свабодную эканамічную сістэму.

Што будзе з медыцынай у новай Беларусі?
Гарачую дыскусію выклікала прамова доктара і актывіста Станіслава Салаўя. Ён паўтарыў думку, якую агучваў раней у выступах і інтэрв’ю, што медыцыну ў Беларусі трэба рэфармаваць, аднак гэта немагчыма зрабіць за адзін момант. Таксама нельга цяпер казаць пра страхавую медыцыну, бо ў Канстытуцыі запісана, што медыцына ў нас бясплатная для ўсіх. Таму спачатку патрэбныя змяненні Канстытуцыі пасля сумленных выбараў.
Беларуская медыцына, якая пакуль працуе, з кожным годам будзе дэградаваць усё больш, бо «базуецца на татальнай хлусні і эксплуатацыі». І гэта якраз можа прывесці да калапсу сістэмы пасля пераменаў.
«У нас усё трымаецца на перапрацоўках. Калі стане нельга прымушаць перапрацоўваць, уся сістэма стане колам, - перакананы доктар. – Нам трэба ўжо цяпер думаць, што рабіць, каб гэтага не адбылося».
На думку Станіслава Салаўя, з тых медыкаў, якія з’ехалі з Беларусі, вернуцца не больш за 5 %, і больш за тое, адток медыкаў можа павялічыцца пасля пераменаў, калі стане магчымым свабодна мінаць мяжу. Аднак тыя медыкі, якія ўжо працуюць у еўрапейскай медыцыне, могуць быць рэсурсам, які дапаможа Беларусі дагнаць адэкватны ўзровень медыцыны.
За памылкі медыкаў не трэба судзіць?
Спрэчкі ў зале выклікала пытанне Салаўя, ці трэба ўносіць у заканадаўства змяненні, якія дэкрыміналізуюць доктарскія памылкі.
,,«Хтосьці падтрымае змены ў закон, калі праз памылку доктара чалавек губляе здароўе і жыццё, а гэты медык не будзе несці крымінальнай адказнасці, фінансавай таксама, перад пацыентам? Так, пацыент атрымае кампенсацыю, але не з кішэні медыка. Пракуратура не будзе мець дачынення да справы, а адзіныя, хто будзе ацэньваць і судзіць за памылку, – іншыя дактары?» – запытаўся медык.
Галасы прысутных раздзяліліся. Не ўсе пагадзіліся, што медыкі не мусяць несці крымінальнай адказнасці за свае памылкі. Станіслаў Салавей, тым не менш, перакананы, што такія змяненні неабходныя:
«На жаль, без гэтага не будзе эфектыўных зменаў. Пакуль у доктара не будзе інтарэсаў пацыента на першым месцы, а інтарэсу, як не сесці, добрай медыцыны не будзе. Доктар не мусіць думаць перад аперацыяй, ці не пасадзяць яго».Доктар і актывіст падзяліўся крыўдаю, што медыцына заўсёды ў парадку дня на апошніх пазіцыях:
«На першых – бізнес і да таго падобнае, а медыцына недзе ў хвасце. Але я думаю, нікога не трэба пераконваць у тым, што без медыцыны ў нас не будзе добрай краіны. Бо калі чалавек выбірае, дзе яму жыць, ён глядзіць, якая там медыцына».
Ганна Ганчар belsat.eu