Упершыню з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расеі на тэрыторыю Украіны ўкраінскаму журналісту ўдалося працаваць з тэрыторыі краіны-агрэсара. Карэспандэнтка ТСН Наталля Нагорная распавяла «Белсату», як жывуць прыфрантавыя населеныя пункты і як уласныя ж тэрыторыі руйнуюць расейскія войскі.
Наталля Нагорная прызнаецца, што паездка ў Суджу была вельмі для яе рызыкоўнай, бо нават калі расейскія войскі былі адсунутыя далей углыб Расеі, то авіябомбы і ракеты туды далятаюць і зараз.
«З таго, што мы бачылі і чулі сёння, сапраўды, вельмі шмат авіябомбаў, амаль пастаянна чулі выбухі. Таму, у першую чаргу, калі мы рушылі туды, гэта быў небяспечны момант. І мы гаварылі з нашымі суправаджальнікамі, якім я таксама моцна ўдзячная, якія зрабілі так, каб гэта было бяспечна, зрабілі так, каб мы маглі заехаць і выехаць з гэтага населенага пункту», – адзначыла яна.
Журналістка распавяла пра свае хваляванні пры ўездзе на тэрыторыю Курскай вобласці, а таксама пачуццё ўдзячнасці ўкраінскім абаронцам, якія ствараюць гэтую санітарную зону, каб па Чарнігаўскай і Сумскай вобласцях было як мага меней абстрэлаў. Бо толькі ад пачатку жніўня было каля 2500 атак гэтых тэрыторыяў:
«Натуральна, вельмі складана праз тое, што пастаянна чуеш выбухі авіябомбаў. Вельмі шмат Расея выкарыстоўвае авіябомбаў, руйнуючы тыя тэрыторыі, якія цяпер пад кантролем ЗСУ».
Калі ж казаць пра колькасць мірных жыхароў, што засталіся ў Суджы, то, паводле Наталлі Нагорнай, гэта больш як 100 асобаў. Карэспандэнты бачылі людзей, якія хаваюцца ў падвалах, у бамбасховішчах. Сярод іх ёсць дзеці – падлеткі 13-14 гадоў і дзяўчынка 1, 3 гады.
«У той момант, калі мы былі, дзіцё спала, то мы не сталі трывожыць, проста пабачылі, як украінскія абаронцы перадалі гуманітарную дапамогу для яе сям’і. Гэта была вада, гэта была ежа», – распавяла журналістка і падкрэсліла, што стала сведкай таго, як украінскія жаўнеры дапамагаюць мясцоваму насельніцтву, якое больш за тыдзень хаваецца ў бамбасховішчах, а вось агрэсіі ні з аднаго боку яна не ўбачыла.

«У мяне не было, ведаеце, радасці. Але, напрыклад, калі я бачыла спаленую калону, ёсць фотаздымак, на якім я ўсміхаюся. Але ў той момант я радвалася толькі таму, што гэтая калона не дайшла да Украіны, і той танк, які там стаяў спалены, што ён не страляў па Украіне. У мяне не было нянавісці да мясцовых жыхароў, ды цывільных людзей. Я не ведаю, што гэта за людзі, але я разумею, што ім патрэбная дапамога. І мне становіцца лягчэй ад думкі, што ўкраінцы застаюцца людзьмі», – сказала Наталля Нагорная.
На дадзены момант сабраны матэрыял рыхтуюць да вялікага эфіру.
Вайсковая аперацыя Збройных сілаў Украіны на тэрыторыі Курскай вобласці РФ ладзіцца з 6 жніўня. З таго моманту ўкраінскія вайскоўцы, паводле розных ацэнак, захапілі да 1000 квадратных метраў тэрыторыі і да 70 населеных пунктаў, у тым ліку і раённы цэнтр, горад Суджа.
Чытайце таксама: Што адбываецца ў Курскай вобласці: ЗСУ працягвае наступ, бакі падцягваюць рэзервы і абкопваюцца
Іван Лысюк, Марыя Голдстэйн, «Белсат»