З моманту, калі ЗСУ ўвайшлі на тэрыторыю Курскай вобласці (гэта адбылося 6 жніўня – рэд.), мінуў тыдзень. З тае пары ўкраінскім вайскоўцам удалося пранікнуць на некалькі дзясяткаў кіламетраў углыб тэрыторыі Расеі. На дадзены момант плошча РФ, якую яны кантралююць, ацэньваецца ў сотні квадратных кіламетраў.
Украінскія войскі працягваюць наступаць у Курскай вобласці і браць пад кантроль новыя населеныя пункты, нягледзячы на нядаўнія заявы расейскіх праваенных блогераў аб пачатку стабілізацыі лініі фронту. Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Толькі за апошнія некалькі дзён украінскія войскі распачалі серыю новых наземных нападаў на захадзе Курскай вобласці – у раёне вёскі Слабодка-Іванаўка, пасёлка гарадскога тыпу Цёткіна, сёлаў Гардзееўка, Успенаўка і Віктараўка, – паведамляе ISW.
Спасылаючыся на кадры геалакацыі, ISW сцвярджае таксама, што падчас механізаванай атакі ЗСУ прасунуліся ў лясістай мясцовасці ў напрамку Каўчуку за 27 км ад мяжы. Пра атакі ЗСУ на гэтых кірунках, а таксама ў раёне стратэгічна важнай вёскі Мартынаўка паведамляе і расейскі прапагандыст Сямён Пегаў:
«Праціўнік працягвае наступальныя дзеянні: ЗСУ спрабуюць перахапіць кантроль у населеным пункце Мартынаўка, таксама не пакідаюць спробаў зайсці ў Каранёва, перарэзаць трасу на Рыльск, і робяць спробы наступаць на поўнач ад Суджы».
У панядзелак з'явіліся відэапацверджанні фарсіравання ўкраінскімі падраздзяленнямі ракі Псёл і заняцця імі вёскі Гуева на ўсход ад Суджы.
У раёне іншых вёсак на ўсход ад Гуева ішлі баі, былі паведамленні, што тыя таксама перайшлі пад кантроль ЗСУ, але гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная. Удзельнікі баёў з расейскага боку адзначаюць, што перадавыя падраздзяленні ЗСУ імкнуцца не ўступаць у лабавыя сутыкненні з расейскімі часткамі – карыстаюцца свабодай манеўру, абыходзяць іх з флангаў альбо абмяжоўваюцца выведкай боем.
Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі ўжо прызнаў, што ўварванне ажыццяўляюць рэгулярныя часткі ўкраінскай арміі. Паводле яго, падчас аперацыі ЗСУ захапілі каля 1000 кв. км расейскай тэрыторыі. Украінскі даследчы партал DeepState піша, што на дадзены момант ЗСУ кантралююць каля 800 кв. км Курскай вобласці, а сітуацыя яшчэ на 230 кв. км застаецца смутнай.

У сваю чаргу часова выконваючы абавязкі губернатара Курскай вобласці Аляксей Смірноў на нарадзе Уладзіміра Пуціна з сілавікамі адрапартаваў, што пад кантролем Украіны знаходзяцца 28 населеных пунктаў, а «глыбіня пранікнення на тэрыторыю Курскай вобласці складае 12 кіламетраў, шырыня па фронце – 40 кіламетраў».
13 жніўня пачалася эвакуацыя насельніцтва Курскай вобласці. Расейскія ўлады вывезлі ўжо больш як 120 тысяч чалавек, усяго эвакуацыі падлягаюць 180 тысяч чалавек у Курскай вобласці. Лёс каля дзвюх тысяч жыхароў вобласці на гэты момант застаецца невядомым, Расея перакідвае ў Курскую вобласць падмацаванні, аднак, як адзначае ISW, многія з іх недастаткова падрыхтаваныя і ўкамплектаваныя. Магчыма, менавіта таму расейскае камандаванне пакуль не фарсіруе аперацыю па выцясненні ўкраінскіх фармаванняў з расейскай тэрыторыі, а імкнецца выйграць час, засяродзіўшыся на абароне і спробах лакалізаваць прарыў ЗСУ.
Як піша Forbes, ЗСУ пачалі абкопвацца на захопленых тэрыторыях Курскай вобласці, што сведчыць пра тое, што яны плануюць застацца там надоўга. Расейцы таксама абкопваюцца. Абодва бакі пачалі фармаваць лінію фронту, падагнаўшы прамысловыя экскаватары. Аднак суцэльная лінія фронту ў Курскай вобласці надалей адсутнічае, удары ЗСУ ідуць па розных напрамках адзін за адным. Расейская армія працягвае валодаць ініцыятывай на іншых участках фронту і павольна, але ўпарта прасоўвацца на Данбасе.
Характэрна, што і ўкраінская, і расейская армія паведамляюць пра поспехі, выкладваюць відэазапісы забітых жаўнераў праціўніка і знішчанай вайсковай тэхнікі. Акрамя таго, ЗСУ дэманструюць кадры з узняццем украінскіх сцягоў у захопленых населеных пунктах Курскай вобласці, а таксама з вялікай колькасцю расейскіх ваеннапалонных.
Увечары 13 жніўня Уладзімір Зяленскі апублікаваў відэа размовы з галоўнакамандуючым ЗСУ Аляксандрам Сырскім, які далажыў, што пад кантролем Украіны знаходзяцца ўжо 74 населеныя пункты Курскай вобласці. Мінабароны РФ у сваю чаргу заяўляе, што расейскія вайскоўцы і ФСБ «працягваюць знішчаць збройныя фармаванні ЗСУ». Ведамства сцвярджае, што ўдалося не дапусціць прасоўвання ўкраінцаў углыб тэрыторыі РФ.
Надзея Вольная, «Белсат»