У ноч з 15 на 16 верасня адзін дрон-камікадзэ «Шагэд» перасек мяжу з Беларуссю ў Гомельскай вобласці і правёў над Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведнікам каля 20 хвілінаў, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
«"Шагэд" зайшоў з Кіеўскай вобласці ў Гомельскую каля 03:15 ночы і трымаў курс на Хойнікі. Далей дрон наматаў некалькі кругоў у беларускім небе і развярнуўся назад ва Украіну, куды вярнуўся ўжо каля 03:40 і рухаўся курсам на Іванкаў», – піша «Беларускі Гаюн».
Апошнімі месяцамі ў Беларусь рэгулярна залятаюць дроны, што павінны былі атакаваць Украіну. У рэдкіх выпадках беларуская авіяцыя іх збівала.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін паскардзіўся ў Кітаі, што гэта Украіна парушае паветраную прастору Беларусі «рознымі беспілотнымі лётнымі апаратамі». Паводле Хрэніна, Аляксандр Лукашэнка даручыў рэагаваць на такія інцыдэнты.
«Паводле нашых звестак, мінулаю ноччу дзяжурная авіяцыя ВПС РБ не падымалася», – піша «Беларускі Гаюн».
Арсен Рудэнка belsat.eu