Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 902 дні. Але разам з тым 13 жніўня – восьмы дзень поўнамаштабнай вайны на тэрыторыі Расеі, то бок аперацыі ўкраінскіх сілаў у Курскай вобласці. «Белсат» спытаў колішняга спікера Генштабу ЗСУ пра мэты аперацыі, пагрозы атамным электрастанцыям і фантомныя дроны Лукашэнкі.
Навошта Украіне аперацыя ў Курскай вобласці?
Вайсковы аглядальнік, экс-спікер Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны ў 2014–2017 гадах Уладзіслаў Селязнёў у эфіры «Белсату» разважаў пра аперацыю Украіны ў Курскай вобласці: апаскі заходніх партнёраў адносна выхаду канфлікту за межы Украіны былі дарэмныя. Згодна дзейнай Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі, баявыя дзеянні ўжо два гады ідуць «на тэрыторыі Расеі», бо Крэмль «анексаваў» тое, чаго і акупаваць не паспеў.
А цяпер украінскія сілы абароны паказваюць, што і ад пераходу баявых дзеянняў на міжнародна прызнаную тэрыторыю Расеі не прывяло да радыкальнага адказу Крамлю, як то ўжывання тактычнай ядравай зброі. Максімум, чым адказала Расея, гэта «прававы рэжым КТО», нават не ваенны стан. Селязнёў дапускае, што Крэмль можа весці нейкія таемныя перамовы пра кампрамісы з Захадам, але дакладнай прычыны слабога адказу Крамлю ён не ведае.
«Я думаю, што нашыя заходнія партнёры дзьмуць на халодную ваду: іхныя перажыванні абсалютна марныя, што ўсялякі раз і даказваюць дзеянні ўкраінскай арміі», – кажа Селязнёў.
Эксперт упэўнены, што аперацыя ў Курскай вобласці Расеі патрэбная Украіне, каб стварыць буферную зону. Яшчэ нядаўна якраз пра буферную зону на мяжы марыў Уладзімір Пуцін – толькі на ўкраінскай, а не на расейскай тэрыторыі. Але цяпер ужо прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі кажа: ад 1 чэрвеня было 2100 абстрэлаў Сумскай вобласці, дык «нашыя дзеянні – гэта выключна пытанне бяспекі Украіны, вызваленне памежжа ад расейскіх вайскоўцаў».
Селязнёў дадае: у зоне рызыкі не толькі Сумшчына, а яшчэ Чарнігаўшчына, поўнач Харкаўшчыны – дык аперацыі ў стварэнні буфернай зоны будуць працягвацца.

Што з АЭС? Запарожская дыміць, а Курскую могуць захапіць?
Селязнёў сумняецца, што Украіна мае на мэце ўзяць пад кантроль атамную электрастанцыю ў Курскай вобласці Расеі. Маўляў, украінцы памятаюць, з якімі рызыкамі сутыкнуўся свет, калі расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС (адкуль ужо сышлі) і затым Запарожскую АЭС (тую яшчэ трымаюць).
Але ў Расеі, лічыць Селязнёў, моцна непакояцца наконт дынамікі баявых дзеянняў у Курскай вобласці і магчымасці таго, што Украіна сапраўды возьме АЭС пад кантроль. Таму, кажа ён, і ўчынілі правакацыю з чорным дымам на Запарожскай АЭС: каб стварыць «інфармацыйную карцінку».
Пажар нібыта быў на градзірні, то бок вежы для асцюджэння вады паветрам – гарэць там няма чаму, тлумачыць эксперт. Але карцінка з АЭС і чорным дымам дазволіла закінуць у інфармацыйную павестку тэзы: «украінцы абстрэльваюць Запарожскую АЭС і спрабуюць стварыць праблемы Курскай АЭС».
«У гэтай гульні і ў спробе падмануць сусветную супольнасць расейцы могуць сур’ёзна памыліцца – і тады іхныя правакацыі могуць трансфармавацца ў тэхнагенную катастрофу на аб’екце атамнай энергетыкі», – засцерагае Селязнёў.
Што за гульня Лукашэнкі з беспілотнікамі і мяжой?
Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня заявіў, што над Беларуссю збілі ўкраінскія беспілотнікі, таму трэба перакінуць беларускія войскі да ўкраінскіх межаў. Але вонкавыя назіральнікі не бачылі ні тых дронаў, ні спробы іх збіць, ні масавага сцягвання войскаў. На думку Селязнёва, Лукашэнка такім чынам ратуецца: выкручваецца, каб не даць уцягнуць беларускае войска ў расейскую вайну.
«Ён праяўляе мудрасць, – кажа Селязнёў пра Лукашэнку. – І спрабуе шляхам пэўных славесных, нават часам алармісцкіх заяваў збіць градус напружання і ўзровень уцягнутасці арміі Рэспублікі Беларусь у расейска-ўкраінскую вайну. Бо відавочна, што ў адваротным выпадку для беларускай арміі будуць сур’ёзныя праблемы, і яшчэ большыя праблемы будуць для Рэспублікі Беларусь».
Дзеянні Лукашэнкі ён называе «нанаснымі і паказушнымі» – яны наўрад ці кардынальна зменяць суадношанне сілаў і сродкаў. Украінская армія і так пастаянна ў баявой гатовасці, працягвае ствараць фартыфікацыйныя пабудовы на мяжы з Беларуссю. Алармісцкія заявы Лукашэнкі наўрад ці будуць скіраваныя на эскалацыю сітуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы.
То што ж, «добры Лукашэнка для Кіеву»? Не зусім так, адказвае Селязнёў. Лукашэнка «добры» найперш для сябе самога, бо разумее, якія рызыкі нясе рэальнае ўцягванне яго і ягонага войска ў прамое супрацьстаяння Расеі і Украіны. Ён дзейнічае максімальна рацыянальна ў частцы запэўнівання сваёй уласнай бяспекі, і тое, што ён цяпер ратуе сябе, дзейнічае пазітыўна для Украіны, рэзюмуе эксперт пра Лукашэнку.
Сяргей Падсасонны, Алесь Наваборскі, «Белсат»