Пасля некалькіх тыдняў без вялікіх чэргаў на мяжы ля пераходу «Берасце – Тэрэспаль» зноў сабралася 48 аўтобусаў, паведамляе Дзяржпамежкамітэт Беларусі. Даведаліся, якая сітуацыя на мяжы.
У чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы, адзін з пасажыраў аўтобуса пісаў раніцай 16 верасня, што на пераходзе «Берасце – Тэрэспаль» чарга ў кірунку Польшчы не рухаецца восем гадзінаў. Людзі пытаюцца, чаму так адбываецца, але адказаў няма.
На ўездзе з Польшчы ў Беларусь чэргаў няма, адзначаюць у чатах.
«Паводле стану на 10:00 чарга легкавога транспарту фіксуецца толькі перад польскім памежным пераходам Тэрэспаль (Берасце). Уезду на сумежную тэрыторыю чакаюць 300 легкавікоў. З пятніцы Польшча прымала на сваю тэрыторыю ў сярэднім 33 % транспарту за содні», – піша Дзяржпамежкамітэт.
Таксама цяжкая сітуацыя з грузавымі аўтамабілямі.
«Самым загружаным кірункам застаецца літоўскі – 1140 грузавікоў.
За выходныя дні ў Літву прайшло 24 % грузавікоў ад нормы. Менш за ўсё аформілі працаўнікі пункту пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог) – 144 фуры з 1000 магчымых за двое содняў.
У чарзе на ўезд у Польшчу перад памежным пераходам Кукурыкі (Казловічы) застаюцца 850 вялікагрузаў. Сумежны бок прыняў на сваю тэрыторыю 52 % вялікагрузаў ад нормы.
Праз латышскі пункт пропуску Патэрніекі (Грыгораўшчына) у краіны ЕЗ за два дні заехала 48 % грузавікоў», – заключае Дзяржпамежкамітэт.
Арсен Рудэнка belsat.eu