На поле для гольфа, дзе гуляў кандыдат на прэзідэнцтва ЗША Доналд Трамп, Сакрэтная служба адкрыла агонь у стралка ў кустах 15 верасня. FBI мяркуе, што быў відавочны замах на забойства Трампа, піша «Reuters».
Падазраваны пакінуў на месцы здарэння аўтамат АК-47 ды іншыя прадметы і ўцёк на аўтамабілі, пасля чаго быў арыштаваны.
Інцыдэнт адбыўся ў Флорыдзе ўсяго праз два месяцы пасля таго, як у Доналда Трампа стралялі на перадвыбарным мітынгу ў Пенсільваніі, у выніку чаго палітык атрымаў нязначнае раненне правага вуха.
,,«Я хацеў бы падзякаваць усім за клопат і добрыя пажаданні, гэта быў, несумненна, цікавы дзень!» – напісаў Трамп у сацыяльных сетках, падзякаваўшы Сакрэтнай службе і паліцыі за тое, што яны запэўнілі ягоную бяспеку.
CNN, «Fox News» і «The New York Times» са спасылкай на неназваныя праваахоўныя органы паведамілі, што падазраваны – 58-гадовы Раян Ўэслі Раўт з Гавайскіх выспаў. FBI адмовілася ад каментароў.
Незразумела, ці ведаў падазраваны, што Трамп у гэты час гуляе ў гольф, і які быў матыў ягоных дзеянняў.
Афіцыйныя асобы прызналі перад журналістамі, што, паколькі Трамп не займае пасады прэзідэнта, поле для гольфа не было цалкам ачэпленае.
«Калі б ён быў на пасадзе, мы б акружылі ўсё поле для гольфа», – сказаў шэрыф акругі Палм-Біч Рык Брэдшо.
Неўзабаве пасля інцыдэнту Трамп разаслаў сваім прыхільнікам электронны ліст, у якім сказаў: «Нішто мяне не спыніць. Я ніколі не здамся!»
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пазней заявіў, што даручыў сваёй камандзе забяспечыць Сакрэтную службу рэсурсамі, неабходнымі для бяспекі Трампа, гаворыцца ў заяве Белага дому.
Агенцтва «Reuters» знайшло на сайтах X, Facebook і LinkedIn профілі з іменем Раяна Раўта, аднак не змагло пацвердзіць, што гэта ўліковыя запісы падазраванага. Праваахоўныя органы адмовіліся ад каментароў, але публічны доступ да профіляў у Facebook і X быў выдалены праз некалькі гадзінаў пасля інцыдэнту.
Тры ўліковыя запісы з імем Раўта сведчаць пра тое, што ён быў заўзятым прыхільнікам Украіны ў яе вайне супраць Расеі. У некаторых паведамленнях Раўт, відаць, спрабаваў дапамагчы набраць жаўнераў для ваенных дзеянняў ва Украіне.
Сын меркаванага стралка, Эдам, з якім звязалася агенцтва «Reuters», сказаў, што яшчэ не чуў пра новы замах на Трампа і не валодае «ніякай інфармацыяй», дадаўшы, што, на ягоную думку, ягоны бацька не мог бы так паступіць. Пазней рэпарцёр датэлефанаваўся да калегі Эдама, і той сказаў, што мужчына пайшоў дадому ў тэрміновай справе.
Арсен Рудэнка belsat.eu