навіны

«Лісце і галлё забіваюць ліўнёўкі»: улады Берасця знайшлі вінаватых у патопе

img
Патоп у Берасці 14 верасня 2024 года. Фота: vb.by
podpis źródła zdjęcia

Моцны дождж прайшоў у горадзе ўвечары ў суботу, у выніку затапіла некалькі вуліцаў, былі выпадкі падзення дрэваў.

Берасцейскі гарадскі выканкам у сваім Telegram-канале запэўнівае, што камунальнікі «актыўна маніторылі сітуацыю» і працавалі «ва ўзмоцненым рэжыме», у тым ліку чысцілі калодзежы для сцёкаў «у праблемных пунктах»:

,,

«Ліўнёўка працуе ў штатным рэжыме, аднак часам стыхія робіць неспадзяванкі. Падчас залевы і ветру на дарогу падае лісце і галлё, якое забівае рашотку ліўневай каналізацыі, зніжаючы яе прапускную здольнасць. Гэта таксама робіць свой унёсак у падтапленні».


Ратаўнікі атрымалі 21 зварот грамадзянаў, якія прасілі прыбраць паваленыя дрэвы і адпампаваць ваду.

«На Кастрычніцкай вуліцы дрэва, што ўпала на аўтамабіль, распілоўвалі. Акрамя таго, ратаўнікі тройчы адпампоўвалі ваду з затопленых тэрыторыяў і памяшканняў у сутарэннях на вуліцах Скрыпнікава і Лучынскага, а таксама з сутарэння на бульвары Касманаўтаў», – паведамілі ў гарадскім упраўленні МНС.


Таксама жыхары скардзіліся на ваду, што зацякала ў кватэры праз дах або тэхнічныя паверхі, паведамілі мясцовыя камунальнікі. Абяцаюць усё адрамантаваць за дзень-два.

Наступствы непагадзі ў Берасці 14 верасня 2024 года. Фота: brestgik / Telegram
Наступствы непагадзі ў Берасці 14 верасня 2024 года. Фота: brestgik / Telegram

Берасце зачапіў цыклон Барыс, што пануе ў некалькіх краінах Еўропы: Польшчы, Чэхіі, Румыніі, Аўстрыі і Нямеччыне.


На паўднёвым захадзе Польшчы пацверджаная гібель адной асобы, шэраг паселішчаў або затопленыя, або адрэзаныя ад свету. Шмат дзе парушанае вода- і электразабеспячэнне, сувязь працуе з перабоямі. Працягваецца эвакуацыя, людзей вывозяць у тым ліку верталётамі.

У Румыніі ў выніку паводкі загінулі 5 асобаў, пацярпелі больш за 15 тысячаў жыхароў, часткова або цалкам разбураныя каля 5 тысячаў дамоў.


У Чэхіі эвакуяваныя 10 тысячаў чалавек, вада разбурае дамы і інфраструктуру. Больш за 260 тысячаў хатніх гаспадарак засталіся без электразабеспячэння, ёсць праблемы з сувяззю і інтэрнэтам.

У Аўстрыі ў федэральнай зямлі Ніжняя Аўстрыя загінуў ратавальнік. Небяспечная сітуацыя таксама на паўднёвым усходзе Нямеччыны, хаця там пакуль нязначныя паводкі.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10