У Беларусі сілавікі сядзяць у чат-рулетцы, каб набраць пабольш ахвяраў для рэпрэсіяў, а 60-гадовую жанчыну будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Пра гэта і іншыя рэпрэсіі ў Беларусі ў штодзённым аглядзе «Белсату».
Палітвязня Рамана Марусава будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі», паведамляе «Вясна».
Паводле звестак праваабаронцаў, Раман — кантрактнік з 103-й віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады, нарадзіўся ў Касцюковічах. Ён быў затрыманы 23 сакавіка 2021 года. Яго пакаралі шасцю гадамі калоніі паводле артыкула 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці») за перадачу інфармацыі «BYPOL».
,,«Яго збілі пры затрыманні. Сляды збіцця, кроў бачны і на “пакаяльным відэа”», – пішуць праваабаронцы.
Адбываць тэрмін Рамана адправілі ў віцебскую калонію № 3. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне. Па рашэнні суддзі Міхаіла Зубені яго перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. А 27 верасня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва над ім распачнецца суд паводле часткі 2 артыкула 411 КК нібыта за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі.
Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Рахманенка. Раману могуць дадаць яшчэ 2 гады зняволення.
Двух жыхароў Віцебска затрымалі пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы. Адзін з затрыманых сказаў падчас размовы з правакатарам сказаў «Жыве Беларусь», «Слава Украіне», а таксама, што хацеў бы атрымаць зброю ў ваенкамаце і паказаць «волю народа», распавядаюць праваабаронцы.
Шасцярых жыхароў розных месцаў Гомельшчыны абвясцілі экстрэмістамі, паведамляе «Гомельская вясна». Гэта вынікае з абноўленага «Спісу асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
Гэтым разам «экстрэмістамі»МУСаўцы назвалі Іллю Журава з Веткі, гомельцаў Дзяніса Жалязко, Руслана Кручыніна, Аляксея Чарнавусава, а таксама Глеба Дудко з Добруша і Ігара Скрыпея з Добрушскага раёна.
,,«Усіх іх карныя органы рэжыма зняволілі паводле палітычна матываваных крымінальных абвінавачванняў. Ілля Жураў, Дзяніс Жалязко, Руслан Кручынін і Ігар Скрыпей рэпрэсаваныя за ажыццяўленне права на свабоду выказвання меркаванняў. А Глеб Дудко і Аляксей Чарнавусаў кінутыя за краты за рэалізацыю свабоды асацыяцыяў», – падкрэсліваюць правабаронцы.
Цяпер у спісе «экстрэмістаў» 4436 чалавек, з іх 647 жыхароў Гомельшчаны.
Маладога лекара і чальца праўладнага прафсаюза Эміля Мельнікава рэпрэсавалі паводле «народнага» адміністрацыйнага артыкула. Ягоную абміністрацыйную справу разглядаў Аляксандр Зінчук. Мельнікава пакаралі паводле часткі 2 артыкула 19.11 («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, унесенай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыі») Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Вынесенае пакаранне зараз высвятляецца.
«Што канкрэтна паслужыла падставай для рэпрэсіі да Эміля Мельнікава, пакуль невядома. Але такі артыкул карныя структуры звычайна ўжываюць да людзей, якія рэалізуюць сваё неад’емнае права на свабоду выказвання меркаванняў, якое ўключае свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных межаў, зафіксаванае ў артыкуле 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэтае права людзі рэалізуюць праз падпіскі ў інтэрнэце на розныя крыніцы інфармацыі і рэпосты з іх на свае старонкі.
Але карныя органы кіроўнага ў Беларусі рэжыму практычна ўсе беларускія і многія замежныя крыніцы інфармацыі, альтэрнатыўныя дзяржаўным, абвясцілі экстрэмісцкімі матэрыяламі, ніякім чынам не абгрунтоўваючы для грамадскасці падставы для такіх абвяшчэнняў. Прычым, экстрэмісцкімі матэрыяламі яны могуць абвяшчаць увесь змест нейкага СМІ, тэлеграм-канала ці нават асабістай старонкі чалавека ў сацсетках. Менавіта карыстанне інфармацыяй з такой крыніцы ўлады выстаўляюць, як падставу для рэпрэсіяў», – падкрэслівае «Гомельская Вясна».
Эміль Мельнікаў працаваў лекарам-рэнтгенолагам у Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклініцы. Ён уваходзіў у склад Моладзевага савету Гомельскай абласной арганізацыіі Беларускага прафсаюза працаўнікоў аховы здароўя. Гэты прафсаюз уваходзіць у склад адзінай, дазволенай рэжымам Лукашэнкі, і ім жа створанай, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
60-гадовага псіхолага з вялікім стажам Наталлю Верабей судзяць за «садзейнічанне экстрэмізму». Хутчэй за ўсё, яе затрымалі за дапамогу палітвязням, паведамляе «Наша ніва».
Наталля Верабей працавала з рознымі катэгорыямі людзей. Вядома, напрыклад, што яна займалася псіхалагічнай падрыхтоўкай алімпіяднікаў, дзецьмі з ДЦП, псіхічнымі і псіхалагічнымі праблемамі, а таксама вучыла школьных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў. Таксама займалася жаночай псіхалогіяй, пісала артыкулы на тэму.
У прафесіі жанчына як мінімум з нулявых. У сацыяльна-педагагічным цэнтры Савецкага раёна Мінска Наталля Верабей працуе найменш з 2011 года.
Суд над Наталляй пачнецца 1 кастрычніка 2024 года. Яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Ёй пагражае да сямі гадоў калоніі. Невядома, ці жанчына за кратамі або яе пакінулі пад падпіскай.
Арсен Рудэнка belsat.eu