навіны

Да ваеннага партнёрства вельмі далёка. Эксперт пра планы Мінабароны па супрацы з Кітаем

img
Кітайскія і беларускія вайскоўцы. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін быў у Кітаі на Пекінскім Сяншаньскім форуме па бяспецы. Па выніках візіту ён пахваліўся кітайскаму тэлебачанню пра пашырэнне супрацы з Кітаем у ваеннай галіне. «Белсат» даведаўся ў доктара палітычных навук, дырэктара інстытуту «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, ці можа Хрэнін разлічваць на задавальненне жаданняў беларускіх уладаў.

Хрэнін заявіў, што яны з міністрам абароны Народна-вызваленчай арміі Кітая правялі сустрэчу і вызначыліся, што «павінны сумесна падняць нашу супрацу на больш высокі ўзровень». Паводле чыноўніка, мерапрыемствы і новыя сферы па нарошчванні супрацы ўжо абмеркаваныя, але «пакуль рана пра іх казаць».

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч адзначае, што пакуль у ваеннай супрацы Беларусі і Кітая нічога новага не бачна.

«Супраца пачалася прынамсі напрыкансы нклявых – пачатку дзесятых гадоў. Праводзіліся абмены тэхналогіямі і тэхнікай, аказвалася дапамога з боку Кітая беларускай арміі, была супраца па асобным праектам і гэтак далей. Усё адно ўзровень ваеннай супрацы дастаткова нізкі, калі мы прынамсі параўнаем супрацу Беларусі і Расеі ці супрацу паміж краінамі NATO», – кажа Казакевіч.

Беларускім уладам вельмі хацелася б пашыраць ваенныя адносіны з Кітаем, лічыць супразмоўца.

«Заўсёды важна паказаць, што ў Беларусі ёсць заступнікі, і гэта не толькі Расея, а яшчэ і вялікі Кітай. У ідэале для беларускіх уладаў было б, каб Кітай быў яшчэ і гарантам бяспекі Беларусі, але, да гэтага вельмі-вельмі далёка, калі гэта ўвогуле выканальна. У лепшым выпадку паміж Беларуссю і Кітаем можа быць абмежаваная вайсковая супраца.

Можа быць, яна можа быць больш актыўнай, чым цяпер, але пакуль не зразумела, якім чынам яна магла б вырасці ў больш выразнае вайсковае партнёрства ці адносіны саюзнікаў», – падводзіць рысу эксперт.

Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10