Украіна і Расея абмянялі па 103 ваеннапалонных. Украіна вярнула Расеі захопленых у палон у Курскай вобласці, а Расея – частку абаронцаў «Азоўсталі» і іншых.
Расейскія вайскоўцы былі вернутыя праз Беларусь, паведамляе
Мінабароны Расеі:
«У цяперашні час усе расейскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога, а таксама прадастаўлена магчымасць звязацца са сваякамі».
Адзначаецца, што Аб'яднаныя Арабскія Эміраты аказалі «пасрэдніцкія намаганні гуманітарнага характару».
Пра абмен таксама паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Нашы – дома. Яшчэ 103 воіны ўдалося вярнуць ва Украіну з расейскага палону. 82 радавых і сяржантаў. 21 афіцэра. Абаронцаў Кіеўшчыны, Данеччыны, Марыўпаля і «Азоўсталі», Луганшчыны, Запарожжа, Харкаўшчыны. Воінаў УСУ, Нацыянальнай гвардыі Украіны, памежнікаў, паліцэйскіх.
Дзякуй нашай камандзе, што займаецца абменамі, за такія добрыя навіны для Украіны», – гаворыцца ў пасце палітыка.
Праз якія тэрыторыі былі дастаўленыя дадому ўкраінскія вайскоўцы не паведамляецца.
Арсен Рудэнка belsat.eu