Італьянская амбасада збіраецца праводзіць выбарачны маніторынг мэтавага выкарыстання выдадзеных візаў.
Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце амбасады. Пад мэтавым выкарыстаннем візаў мяркуецца, што галоўнай краінай прызначэння з’яўляецца менавіта Італія. Пры гэтым не выключаецца транзіт або знаходжанне ў іншых краінах Шэнгенскай зоны.
З мэтай праверкі пры наступным звароце грамадзянаў за візай італьянская амбасада просіць заяўнікаў прыкласці сведчанні папярэдніх паездак у Італію.
Сярод прыкладаў такіх сведчанняў пералічаецца наступнае:
• аплачанае пражываннне ў Італіі з указаннем прозвішчаў і датаў;
• аплачаныя білеты ў Італію або пасадачны талон;
• імянныя чэкі на расходы ў Італіі (сума аднаго не меншая за 50 еўраў) ;
• выпіска з банкаўскага рахунку, у якой будуць адлюстраваныя расходы ў Італіі;
• сумесныя фотаздымкі — гэты пункт датычыцца тых, хто наведваў краіну па запрашэнні грамадзянаў Італіі.
На старонцы амбасады згадалі, што ўсе адзначаныя матэрыялы не ўваходзяць у абавязковы пакет дакументаў, але могуць сыграць у плюс пры прыняцці рашэння аб выдачы візы.
Акрамя таго, пазначаныя дакументы павінны перадавацца максімум на 4 аркушах.
Нагадаем, што з 1 па 16 жніўня выдачу шэнгенскіх візаў прыпыніла амбасада Балгарыі. У амбасадзе патлумачылі гэта тэхнічнымі прычынамі. У гэты перыяд заяўкі прымаюцца толькі ў экстраных і гуманітарных выпадках.
Раман Шавель, «Белсат»