навіны

«Вось сыду, буду недзе ў вёсцы жыць, з вамі побач...»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і ягоны сын Мікалай збіраюць ураджай бульбы на полі ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі Дразды.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і ягоны сын Мікалай збіраюць ураджай бульбы на полі ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі Дразды за межамі Менску, Беларусь, 16 жніўня 2015 года. Фота: Reuters / Forum
podpis źródła zdjęcia

Ці можа быць у чалавека мара пра спакойнае жыццё на пенсіі? Менавіта такім уяўленнем пра ўласную будучыню падзяліўся з жыхарамі пасёлка Гарадзішча наш найважнейшы «пейзан» (селянін па-французску). І дадаў: «Вы маеце прывыкаць, што прэзідэнт будзе іншы...».

Паспрабуем уявіць сабе гэтую карцінку.

Спякотная летняя раніца, дзесьці ў ваколіцах гарадзішчаў. Сонца прыпякае, пеўні надрываюцца. З не так даўно пабудаванага дома выходзіць наш вусаты немалады селянін і спыняецца збянтэжаны. Чым жа выкліканая затрымка? Можа ён не ведае за што перш ўзяцца? Пайсці скасіць траву, ці можа час палоць агарод?

Не, вы не здагадаліся, дарагія чытачы. Наш селянін збянтэжаны перад цяжкім выбарам – які з аўтамабіляў выбраць для паездкі ў бліжэйшы сельмаг? «Майбах», падораны «сябрам Мішам» (за пэўныя паслугі), ці «Тэслу» ад самога Ілана Маска?

Выбар спыняецца на мяккіх абцякальных формах варожага заакіянскага аўтапраму і на задняе сядзенне ляціць спартовая торба з хакейнай амуніцыяй.

Наш селянін сваіх звычак не мяняе і пасля таго як атаварыцца ў мясцовай прадуктовай краме (моцна напалохаўшы сваім з'яўленнем прадавачку Любу), ён плануе адправіцца на чарговую трэніроўку ў так удала пабудаваны ў гэтай вёсцы сціплы хакейны палац, куды, цалкам добраахвотна, з'язджаюцца па серадах і суботах былыя прафесійныя хакеісты, яны ж – паспяховыя прадпрымальнікі, паспяховасць якіх ніякага дачынення да гульні ў хакей з нашым героем, вядома, не мае.

Машына ад'язджае, але недалёка, яе спыняе плач жанчынаў (у харавым выкананні, а капэла). Што гэта? А гэта з суседняе хаты выбеглі праводзіць нашага героя на ягоныя «працоўныя подзвігі» зграбныя супрацоўніцы службы пратаколу. І, здавалася б, што ім рабіць у такой глухмені? Ну не пакідаць жа іх у Менску было? Тым больш, што яны – прывыклі, а кавуновыя градкі – вось яны, чароўным чынам пераехалі з Драздоў услед на нашым селянінам. Разам з супрацоўнікамі Акадэміі навук, намаганнямі якіх і падтрымліваецца небывалая ўраджайнасць бахчавых у беларускай глухмені.

І ўсё ж, наш герой вырушыў ў шлях, хоць развітанне са «зборшчыцамі кавуноў» было кранальным дый заняло некаторы час.

Але пакідала двор «Тэсла» зусім не адна. Увязаліся за ёй пара чорных джыпаў і невялікі мікрааўтобус з цёмнымі шыбамі, якія выехалі з суседняга двара.

Што гэта? Хто гэта?

Дзіўныя трапіліся нашаму пенсіянеру суседзі. Спартыўныя, падцягнутыя і нешматслоўныя. Вельмі цёпла да яго ставяцца і таму кругласутачна клапоцяцца, каб удзячныя грамадзяне ад лішку пачуццяў выпадкам не нанеслі нашаму герою цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці… 

Калі я чарговы раз чую фантазіі «прэзідэнта ад народа» пра ягоную будучую пенсію, карцінкі ў маёй галаве ўсплываюць выключна падобных уласцівасцяў, і я нічога не магу з сабой зрабіць. Гэты «селянін» у дарагім спартовым касцюме і са швейцарскім гадзіннікам за некалькі дзясяткаў тысяч долараў мае такое ж дачыненне да беларускай вёскі, як я да паветранай акрабатыкі. Я, вядома, усё яшчэ магу сяк-так вываліцца з самалёта, але відавочна не больш за адзін раз.

Дурное гэта. І звяртаць на падобныя славесныя інтэрвенцыі ўвагу, як і пачынаць сур'ёзна абмяркоўваць змены ў заканадаўстве, адносна «абразы былога прэзідэнта», азначае зусім не разумець самое клінічнае карціны стану псіхікі нашага «пенсіянера» (а ўзрост у яго ўжо, вядома, пенсійны, як і фізічны стан).

Ён і ўлада – непадзельныя.

Прызначэнне «спадчынніка» немагчымае і ступень сваяцтва не мае значэння.

Мы маем справу з чалавекам, якім кіруе выключная прага ўлады і страх гэтую ўладу страціць. І няма ніякае «карцінкі будучыні» у якой ён адпраўляецца на спачын – ці то пад Гарадзішча, ці то пад Растоў, ці то куды-небудзь у Каракас або Дубай.

Ён будзе трымацца за трон да апошняга, і адтуль прыйдзецца яго альбо выкалупваць сілай, альбо – чакаць фізічнага канца.

Іншых сцэнароў – няма.

Ну а калі б і былі, пацешная гэта была б пенсія – з хакеістамі, эскортніцами і аховай. Недзе там, у палях, пад Гарадзішчам.

Аляксандр Кныровіч / ЮК «Белсат»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10