Генпракуратура РФ 13 верасня прызнала «Белсат» непажаданай у Расеі арганізацыяй. Улады Расеі заявілі, што мэтай тэлеканалу ёсць «дыскрэдытацыя ўнутранай і замежнай палітыкі расейскіх уладаў», «стварэнне негатыўнага вобразу» Расеі і «крытыка інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі». Вось што з гэтай нагоды кажа кіраўніцтва тэлеканалу «Белсат».
Выканальнік абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі паабяцаў, што гэта не перашкодзіць гледачам і чытачам мець доступ да праўдзівай і свабоднай ад прапаганды інфармацыі:
«Гэта чарговая праява ў доўгім спісе рэпрэсіяў, якія за 17 гадоў існавання закранулі «Белсат» і яго журналістаў за тое, што яны сумленна і бескампрамісна робяць сваю працу. 26 студзеня рэдакцыя «Вот так» – арыентаваная на карыстальнікаў расейскамоўнага парталу і навіннай праграмы – унесеная Крамлём у рэестр «замежных агентаў». А ў 2021 годзе пастановамі беларускіх судоў тэлеканал, сайт і ўсе інтэрнэт-профілі прызнаныя экстрэмісцкімі і пагрозаю грамадскаму парадку. Цяпер у лукашэнкаўскіх турмах застаюцца 17 працаўнікоў «Белсату» – гэта цудоўныя людзі, якія, нягледзячы на небяспеку, ніколі не пераставалі быць журналістамі, – кажа ён. – Дакумент Генпракуратуры дае расейскім уладам новыя магчымасці для ўскладнення нашай працы, у тым ліку крымінальны пераслед. Уся каманда «Белсату» перажывае за лёс сваіх калег, якія застаюцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Акурат іхную працу – «ілжывыя публікацыі пра нібыта агрэсію супраць Украіны і незаконную анексію Крыму, ДНР, ЛНР, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў» – Крэмль лічыць непажаданаю дзейнасцю і спрабуе яе перадухіліць. Мы не здаёмся. Мы будзем працаваць гэтак жа – толькі з большай асцярожнасцю, – бо ўспрымаем сённяшнюю пастанову як праяву найвышэйшага прызнання, якое можа атрымаць незалежны журналіст.
У той жа час дзякуем за ўсе словы салідарнасці, якія мы атрымалі сёння і апошнім часам ад журналісцкай супольнасці і ад вас – нашых гледачоў, чытачоў і падпісчыкаў. Нягледзячы на ўсе перашкоды, мы не пакінем вас без штодзённага доступу да праўдзівай і свабоднай ад прапаганды інфармацыі».
Навіну таксама пракаментаваў выканальнік абавязкаў намесніка дырэктара «Белсату» Сяргей Пеляса.
«Гэта крок, які мы ўспрымаем сур’ёзна, таму што «Белсат» – гэта відэа, якія таксама працуюць для аўдыторыі Расеі. Асабліва нашая расейскамоўная рэдакцыя «Вот так» і «Вот так TV» закранутыя гэтым рашэннем расейскіх уладаў, – кажа Сяргей Пеляса. – Аднак у самім тэксце рашэння ёсць некаторыя памылкі. Вось напрыклад: адной з задач з’яўляецца «дыскрэдытацыя ўнутранай і замежнай палітыкі расейскіх уладаў», «стварэнне негатыўнага вобразу нашай краіны». Гэта няпраўда: «Белсат» не займаецца дыскрэдытацыяй расейскіх уладаў або стварэннем нейкага негатыўнага вобразу Расеі, у нашым калектыве працуюць таксама і расейцы. Дыскрэдытацыяй расейскай улады займаюцца самыя расейскія ўлады. Напрыклад, праз агрэсіўную палітыку ў дачыненні Украіны і Беларусі. А вось тое, што «ва ўмовах правядзення СВА варожая рыторыка дадзенага СМІ толькі ўзмацнілася», акурат праўда. «Белсат» асвятляе агрэсію Расеі супраць Украіны, і нашыя матэрыялы глядзяць як у Беларусі і Украіне, так і ў самой Расеі. Таму гэтае значыць, што нашую дзейнасць у Маскве заўважылі і ацанілі, гэта рэакцыя на тое, што «Белсат» стаў папулярным у Расеі».
Нагадаем, у спісе непажаданых у Расеі арганізацыяў можна знайсці такія выданні, як «Bellingcat», «The Insider», «iStories» («Важные истории»), «Медуза», Каралеўскі інстытут міжнародных дачыненняў («Chatham House»), Еўрапейская сетка арганізацыяў для назірання за выбарамі, Фонд Хадаркоўскага, Фонд «Будучыня Расеі» і шматлікія іншыя. Усяго ў спісе каля дзвюх соцень арганізацыяў.
Тэса Анэйда belsat.eu