У Менску затрымалі расейскага блогера Глебаса, які гучна расказваў непрыстойныя анекдоты ў метро і затрымліваў рух тралейбуса, бо ў горадзе яму падалося «трохі сумнавата». Інфармацыя пра затрыманага 21-гадовага блогера з’явілася ў канале прэс-службы МУС. У допісе прыводзяцца відэаролікі, якія выклаў блогер у свой акаўнт.
Малады чалавек гаворыць, што вырашыў крыху «навесці мітусні», бо ў Менску яму падалося трохі «сумнавата». Так, у вагоне метро, поўным пасажыраў, Глебас гучна расказаў непрыстойны анекдот. У другім роліку Глебас заскоквае ў кабіну кіроўцы тралейбуса і просіць «паруліць», чым затрымлівае рух грамадскага транспарту.

Супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУС затрымалі 21-гадовага расейца, знайшоўшы выкладзеныя ролікі падчас маніторынгу сацыяльных сетак.
У публікацыі МУС таксама прыводзяцца скрыншоты з каментарамі беларусаў, незадаволеных паводзінамі расейскага госця.
У дачыненні да грамадзяніна РФ былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 19.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ. Акрамя таго, прэс-служба менскага МУС выклала «пакаяльнае відэа», у якім Глебас кажа, што ён «зразумеў і ўсвядоміў», што так рабіць нельга.
«Паказаў няправільны прыклад моладзі. У будучыні ў далейшым не буду такім займацца. Трэба, каб моладзь глядзела і раўнялася на іншыя прыклады – дапусцім, той жа спорт, я сам спартовец, займаюся спортам», – кажа на камеру блогер.
У Расеі Глебас вядомы сваімі ролікамі, у якіх ён прыстае да людзей з рознага роду жартамі і пытаннямі, зачастую вельмі непрыстойнымі.
Раман Шавель, «Белсат»