навіны

Сальда вонкавага гандлю Беларусі ўпершыню за тры месяцы выйшла ў плюс

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Нацбанк пахваліўся дадатным сальда вонкавага гандлю: у студзені – чэрвені прафіцыт склаў $ 100 млн. Дагэтуль тры месяцы запар Беларусь праядала валюту. 

У першым паўгоддзі 2024 года экспарт тавараў і паслугаў вырас год да года на 3,7 %, а імпарт – на 2,6 %, падлічыў Нацбанк. 

Вонкавы гандаль Беларусі традыцыйна ратуюць паслугі. Іх экспарт павялічыўся на 2,8 %, а імпарт упаў на 4,9 % у параўнанні з студзенем – чэрвенем летась. Сальда – $ 1,6 млрд. 

Калі б не паслугі, вынік быў бы зусім жаласным, бо сальда гандлю таварамі, паводле рэгулятара, склала мінус $ 1,5 млрд. Іх і экспарт, і імпарт вырас амаль аднолькава: на 3,9 % і 3,8 % адпаведна.

Графік «Белсат»
Графік «Белсат»

У Белстату, які часткова раскрывае вонкавы гандаль толькі таварамі, уласныя падлікі, і яны адрозніваюцца ад звестак Нацбанку. Паводле статыстычнага ведамства, у першым паўгоддзі экспарт тавараў вырас на 4,2 % год да года, імпарт – на 3,5 %. 

Найбольш заўважныя змены адбыліся ў імпарце з краінаў СНД (тут галоўную ролю адыгрывае Расея), які павялічыўся ажно на 13 %, і ў экспарце ў краіны па-за СНД: плюс 10 % год да года. 

Пастаўкі ў дзяржавы былога Савецкага саюзу выраслі на 2 %, а імпарт з астатніх краінаў свету скараціўся на 8 %.

 Паводле Белстату, адмоўнае сальда гандлю таварамі вышэйшае, чымся падлічыў Нацбанк: $ 1,7 млрд. 

Графік «Белсат»
Графік «Белсат»

Дагэтуль Нацбанк тры месяцы запар справаздачыўся пра дэфіцыт вонкавага гандлю. У студзені – сакавіку адмоўнае сальда было $ 87 млн, у студзені – красавіку – $ 458 млн, у студзені – траўні – $ 142 млн. 

Цяперашнія ўлады старанна хаваюць усе падрабязныя звесткі пра тое, з якімі краінамі і чым гандлюе Беларусь, таму пэўна растлумачыць змены ў гэтых паказніках немагчыма. 

Сцяпан Кубік, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10