навіны

У Каардынацыйнай радзе прапанавалі пацвердзіць паўнамоцтвы Ціханоўскай праз выбары

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская.
Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Фракцыя «Беларусы» ў Каардынацыйнай радзе прапанавала зладзіць выбары, каб пацвердзіць паўнамоцтвы Святланы Ціханоўскай у якасці нацыянальнай лідаркі. Пры гэтым прадстаўнік блоку Андрэй Ягораў у размове з «Белсатам» заявіў, што гэта мусіць быць класічнае галасаванне з рознымі кандыдатамі. 

Фракцыя «Беларусы» ў Каардынацыйнай радзе надоечы назвала недапушчальным «бестэрміновы» працяг паўнамоцтваў абранай у 2020 годзе прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. У адпаведнай заяве адзначалася, што такая пастанова «падрывае давер да ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі». 

Блок упэўнены, што з 9 жніўня 2025 года мандат Ціханоўскай як нацыянальнай лідаркі будзе нядзейсным «да новай працэдуры пацвярджэння». Цяпер прапанаваная гэтая працэдура: выбары. 

«Мы прапануем выбары як найлепшы спосаб пацвярджэння паўнамоцтваў лідара і пераадолення крызісу ў дэмакратычных сілах», — падкрэсліваецца ў новай заяве фракцыі.

Яна прапанавала выкарыстаць платформу Паўла Лібера, якая стваралася для выбараў у КР і «даказала сваю бяспеку». 

На тых выбарах у Каардынацыйную раду прагаласавала меней за 7 тысячаў грамадзянаў Беларусі, але прадстаўніка фракцыі «Беларусы» Андрэя Ягорава не засмучае, калі прыкладна такі ж лік удзельнікаў будзе ў выбарах лідара. Палітык сказаў «Белсату», што «трэба глядзець на рэальнасць, якая яна ёсць»: 

«Колькасць людзей, якія падтрымоўваюць актыўнымі дзеяннямі грамадзянска-палітычных актараў і перамены ў Беларусі, скарацілася вельмі значна. І мы кажам не пра выбары прэзідэнта, мы кажам пра выбары ўнутры дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, унутры дэмакратычнай супольнасці. І колькі людзей прагаласуе, столькі і зацікаўленыя». 

Ягораў мяркуе, што такія выбары прыцягнуць больш удзельнікаў, чымся галасаванне ў КР: 

«Думаю, што лічба можа быць большай у выпадку выбараў лідара, чым як было на выбарах у КР, асабліва калі самыя дэмакратычныя лідары ўлучацца ў актыўны прамоўшан гэтых выбараў. Тое, што мы бачылі на выбарах у Каардынацыйную раду, гэта было невялікае падтрыманне, напрыклад, з боку самой Святланы Ціханоўскай, што таксама паўплывала на яўку»

Дэлегат Каардынацыйнай рады, прадстаўнік фракцыі «Беларусы» Андрэй Ягораў у студыі «Белсату». Фота: Белсат
Дэлегат Каардынацыйнай рады, прадстаўнік фракцыі «Беларусы» Андрэй Ягораў у студыі «Белсату». Фота: Белсат

Суразмоўца «Белсату» пры гэтым схіляецца не да рэферэндуму з пытаннем кшталту «Ці згодныя вы з прадаўжэннем паўнамоцтваў Ціханоўскай?», а да класічных выбараў з рознымі прозвішчамі ў бюлетэні: 

«Мне падаецца, што такі класічны варыянт, які патэнцыйна дазваляе змяняльнасць лідарства, будзе больш прыдатны для нашай справы. Калі мы хочам канкурэнцыю паміж рознымі лідарамі, апазіцыйнымі групамі, якія будуць выступаць са сваімі праграмамі, ідэямі, то гэта будзе больш нагадваць выбары. Канчатковае рашэнне мусіць быць за Святланай Ціханоўскай і структурамі дэмакратычных сілаў, КР, Пераходным кабінетам. Варыянты могуць быць розныя, але, мне падаецца, яны мусяць быць дэмакратычнымі і базавацца на выбарах». 

Андрэй Ягораў упэўнены, што на міжнароднае прызнанне пераможцы такіх выбараў нізкая яўка не паўплывае: маўляў, заходняму свету больш важныя самыя дэмакратычныя працэдуры, а не колькасць выбарнікаў. 

«Захаванне дэмакратычных прынцыпаў для міжнародных партнёраў — больш важна, і, наадварот, хутчэй паўплывае на працяг паўнамоцтваў Святланы Ціханоўскай, чым адсутнасць дэмакратычнай працэдуры ў ратацыі лідараў. Калі нам патрэбны дэмакратычны лідар, трэба абіраць яго дэмакратычным спосабам», — падсумаваў прадстаўнік фракцыі «Беларусы». 

У Офісе Ціханоўскай гэтую прапанову яшчэ не каментавалі. 

Пра пратакол аб паўнамоцтвах абранай прэзідэнткі абвесцілі на нядаўняй канферэнцыі «Новая Беларусь». Дакумент прадугледжвае, што Ціханоўская застаецца ў статусе нацыянальнай лідаркі да наступных дэмакратычных і свабодных выбараў у Беларусі, такім чынам ейны мандат не канчаецца ў 2025 годзе. 

Сцяпан Кубік, «Белсат»


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10