навіны

Польская паліцыя заклікала скардзіцца на парушальнікаў чаргі ў Тэрэспалі

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: granica_bypl / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Паведамленні пра чэргі на мяжы Беларусі з Польшчай часам нагадваюць зводкі з фронту, часам даходзіць да боек з «улезунамі». Ва ўправе паліцыі Белай Падляскай на запыт «Белсату» заклікалі кіроўцаў скардзіцца на парушальнікаў і запэўнілі, што рэагуюць на кожны выклік.

На беларуска-польскай мяжы працуе толькі адзін пасажырскі пункт пропуску – «Тэрэспаль – Варшаўскі мост», і там амаль заўсёды збіраюцца велічэзныя чэргі. А дзе ёсць чарга, там ёсць і людзі, якія імкнуцца гэтую чаргу абмінуць. Ідэальная глеба для канфліктаў. У чатах, дзе абмяркоўваюць пераход мяжы, наракаюць на «ўлезуноў»: найчасцей, як сцвярджаецца, гэта аўтамабілі з нумарамі Берасцейскай вобласці. Часам нават даходзіць да боек.

Прэс-сакратар управы паліцыі Белай Падляскай, што кіруе аддзелам у Тэрэспалі, Барбара Сальчыньска-Пырхля заявіла «Белсату», што праваахоўнікі «рэагуюць на кожны выпадак парушэння правілаў»:

«Калі кіроўцы, якія чакаюць пераходу мяжы, зробяцца сведкамі парушэнняў, што здзяйсняюцца ў прымежнай зоне, яны могуць паведаміць пра гэта праз тэлефон 112 або ў найбліжэйшы пастарунак паліцыі. Яны таксама могуць паведаміць пра гэта працаўнікам Памежнай аховы і паліцыі ў прымежнай зоне».

Прэс-сакратар Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Дарʼюш Сеніцкі ў каментары «Белсату» ўдакладніў, што змагацца з «улезунамі» мусяць паліцыянты, але да памежнікаў таксама можна звяртацца:

«Гарантаванне бяспекі і парадку на дарогах, рэгуляванне руху – задачы паліцыі. Пры гэтым памежны пост у Тэрэспалі, калі мае магчымасць, накіроўвае патрулі, якія дапамагаюць паліцыі».

Пункт пропуску «Варшаўскі мост». Берасце, Беларусь. 12 жніўня 2024 года. Фота: terespol / Telegram
Пункт пропуску «Варшаўскі мост». Берасце, Беларусь. 12 жніўня 2024 года. Фота: terespol / Telegram

Тым часам чэргі на выезд з Беларусі і не думаюць скарачацца. Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту станам на 14:00, перад «Варшаўскім мостам» цяпер 520 легкавікоў, час чакання даходзіць ажно да 36 гадзінаў. У чатах усцяж пішуць пра «ўлезуноў» і гандляроў месцамі, заклікаюць да самаарганізацыі, складання спісаў з нумарамі аўтаў, каб ніхто не ўціснуўся.

У Тэрэспалі ў чарзе каля 50 аўтаў, час чакання – каля 3 гадзінаў.

З аўтобусамі ў Берасці – бяда. Іх цяпер у чарзе 61. Як кажуць у чатах, на мяжы прастойваюць больш за 30 гадзінаў. Адзінае выйсце, каб у гэтай чарзе не памерці, – перасесці ў аўтобус, бліжэйшы да шлагбаума, за ўзнагароду кіроўцу. Аднак з такім лайфхакам змагаецца транспартавая інспекцыя, і калі яна дзяжурыць, на падсадку нікога не бяруць.

Праз спазненне рэйсаў у Польшчу моцна затрымліваюцца і зваротныя рэйсы ў Беларусь. Заставацца ў графіку ў такіх умовах амаль немагчыма.

Аўтобуснай чаргі ў бок Беларусі цяпер няма, хаця чаканне можа расцягнуцца і на 5–6 гадзінаў праз надгляд нашых мытнікаў і размовы спецслужбоўцаў з грамадзянамі Украіны і некаторымі беларусамі.

Чарга перад пунктам пропуску «Каменны Лог». 8 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram
Чарга перад пунктам пропуску «Каменны Лог». 8 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram

У «Каменным Лозе» цяпер каля 210 легкавікоў, час чакання – каля 27 гадзінаў. Шлях дадому амаль свабодны, у чарзе 20 машынаў.

Аўтобусных чэргаў ні з боку Беларусі, ні з боку Літвы там няма, мяжу мінаюць за 3–5 гадзінаў.

У «Беняконях» – 100 легкавых аўтаў, і гэтак сама, як у «Каменным Лозе», давядзецца прастаяць каля 27 гадзінаў. У сумежным пункце пропуску «Шальчынінкай» – менш за 20 легкавікоў.

Там таксама няма аўтобусных чэргаў, мяжу мінаюць за 3–4 гадзіны.

У чарзе ў «Грыгораўшчыне» на мяжы з Латвіяй цяпер 50 аўтамабіляў, час чакання – блізу 6–8 гадзінаў. У бок Беларусі чэргаў няма.

Сцяпан Кубік, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10