Генеральны дырэктар заводу «Атлант» Дзмітрый Харытончык распавёў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ, што ў IV квартале 2024 года прадпрыемства запусціць серыйную вытворчасць «разумных халадзільнікаў». Ці не будзе гэта кітайскім халадзільнікам з налепкай «Атлант»?
У чым будзе праяўляцца «разумнасць» халадзільніка, Дзмітрый Харытончык не ўдакладніў.
Наўрад ці «разумны халадзільнік» будзе беларускім
Звычайна «разумнымі халадзільнікамі» або smart-халадзільнікамі называюць такія, у якіх ёсць убудаваны камп’ютар, сенсарны экран, доступ да інтэрнэту, галасавы памочнік… Некаторыя smart-халадзільнікі даюць магчымасць замаўляць ежу праз онлайн-сэрвісы, а тое і аўтаматычна «папаўняць» халадзільнік праз рэгулярную дастаўку.
Беларускія прадпрыемствы раней не паведамлялі пра распрацоўку ўласных камп’ютараў для бытавой тэхнікі. Хіба заяўлялі аб стварэнні «беларускага ноўтбука» – але ноўтбук, які нібы вырабіў завод «Гарызонт», меў працэсар «Intel» і быў падазрона падобны да кітайскага «Lenovo IdeaPad 3».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, «беларускі ноўтбук» складаўся з беларускіх дэталяў толькі на 12 %. Больш імаверна, што ён быў на самой справе цалкам кітайскім – за выключэннем нанесенага на корпус лагатыпу «Horizont». Раней беларускія прадпрыемствы часам нават не наносілі свае лагатыпы на корпусы замежнай прадукцыі, а проста ляпілі налепкі, пад якімі захоўваліся лагатыпы «Acer», «Phillips», «Benq» і «AOC».

Колькі гэта будзе каштаваць?
У Беларусі на момант публікацыі прадаваліся smart-халадзільнікі вытворчасці «Bosch», «Candy», «Leibherr», «LG», «Samsung», «Siemens» і іншых замежных марак. Кітайскія smart-халадзільнікі ў Беларусі практычна не прадаюцца (у Беларусь хіба заклікалі кітайскую кампанію «Haier», але тая пакуль завозіць толькі «неразумныя» халадзільнікі).
Самы танны smart-халадзільнік заходніх брэндаў каштуе ў Беларусі 1840 рублёў, самы дарагі – 53 550, медыянная цана – каля 5800 рублёў. Халадзільнікі «Атлант» жа каштуюць ад 731 да 3220 рублёў, медыянная цана – 1413 рублёў, то бок танней за самы танны smart-халадзільнік.
Ці зможа беларускі «разумны халадзільнік» мець канкурэнтаздольную цану, невядома, але «беларускія ноўтбукі» маюць параўнальную цану з замежнымі «братамі-блізнюкамі». Нават прыблізнай цаны дырэктар «Атланту» не агучыў.

Беларускія «халадзільнікі Калашнікава» не могуць знайсці новыя рынкі
Дырэктар «Атланту» анансаваў таксама ўкараненне ў халадзільнікі новага інвертарнага кампрэсару, які будзе мець больш высокі клас энергаэфектыўнасці, «А++» ці «А+++», і будзе менш шумець. Завод таксама ўжо распачаў праект вытворчасці лядоўняў тыпу куфараў – з загрузкай зверху. У далёкай перспектыве разглядаюць вытворчасць пасудамыйных машынаў, прапрацоўваюць пачатак вытворчасці пральна-сушыльных машынаў.
У сюжэце прапагандысцкага каналу падкрэслівалі, што халадзільнікі «Атлант» надзейныя «як аўтамат Калашнікава». Дырэктар «Атланту» заяўляў, што галоўны недахоп ягоных халадзільнікаў – такая высокая якасць, бо нават калі хочацца памяняць халадзільнік, стары «ўсё працуе і працуе». Ён запэўніваў, што паніжаць узровень якасці або падвышаць цэны не будуць. З чаго б аб гэтым трэба было хвалявацца, ён не ўдакладняў, але прапагандысты прызналі: санкцыі «паднялі градус фінансавага напружання».
Пазней дырэктар расказаў, што завод страціў многія рынкі, цяпер асноўныя рынкі – Расея і Беларусь, продажы застаюцца таксама ў Казахстане, Таджыкістане і Узбекістане. «Атлант», дадаў ён, «актыўна прапрацоўвае» продажы на рынкі далёкага замежжа, але цана лагістыкі можа дасягаць цаны паловы халадзільніка, а то і цэлага халадзільніка.
Алесь Наваборскі, «Белсат»