У час украінскага ўварвання ў Курскую вобласць Расеі чачэнскія войскі («кадыраўцы») быццам бы выпадкова «размінуліся» з украінскімі войскамі – гэтак апраўдваўся камандзір спецназу «Ахмат». Але відэа, якое апублікаваў украінскі праект «Хочу жить» сведчыць, што ўцяклі не ўсе: у палон трапілі прынамсі тры чачэнцы.
Чачэнскія вайскоўцы былі адной са «страшылак» першых дзён поўнамаштабнай вайны ва Украіне, але ў хуткім часе атрымалі мянушку «TikTok-войскі» праз пазбяганне баявых дзеянняў. У час уварвання ўкраінскіх сілаў у Курскую вобласць Расеі, якое трывае з 6 жніўня, чачэнскія вайскоўцы мелі бараніць памежныя раёны, але чамусьці не далі бою. Камандзір спецназу «Ахмат» Апці Алаўдзінаў заяўляў, што ўкраінцы «прайшлі праз участкі, дзе была вялікая адлегласць ад нашых апорных пунктаў».
Але расейскія «Z-каналы» сцвярджалі, што «кадыраўцы» за тыдзень да ўкраінскага ўварвання былі ў Суджы, за якую цяпер трываюць баі, але як пачалося ўварванне, кудысьці зніклі, а абарону трымалі памежнікі і тэрытарыяльная абарона. Хадзілі чуткі, што «кадыраўцы» ўсё ж былі ў Курскай вобласці і што некаторыя нават былі параненыя, але пасля першых удараў «разбегліся».
Падобна, група чачэнскіх байцоў трапіла ва ўкраінскі палон. Праект «Хочу жить» апублікаваў відэа з некалькімі дзясяткамі людзей у вайсковай форме і з завязанымі вачыма. Адзін з іх кажа, што ён з Грознага і з’яўляецца байцом спецназу «Ахмат», яшчэ два прызнаюць, што яны з Грознага. Чалавек, які здымае відэа, робіць выснову, што і яны з «Ахмату».
Адметна, што палонныя на відэа выглядаюць чыстымі і не напужанымі – не так, як выглядаюць узятыя ў палон у выніку баёў. «Хочу жить» заяўляе, што гэтыя байцы «Ахмату» не аказвалі супраціву.
Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 901 дзень, поўнамаштабная вайна ў Расеі – ужо тыдзень. Паводле звестак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень на тэрыторыі Украіны было 124 баявыя сутыкненні – гэта звычайная інтэнсіўнасць для апошніх месяцаў. Баі трываюць на харкаўскім, купянскім, ліманскім, сіверскім, краматорскім, тарэцкім, кухараўскім, урэменеўскім, арэхаўскім, прыдняпроўскім напрамках. Расейскія войскі за мінулы дзень страцілі 1080 чалавек, тры танкі, пяць бронемашынаў, 65 артылерыйскіх сістэмаў, тры рэактыўныя сістэмы залпавага агню і іншую тэхніку.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што аперацыя ў Курскай вобласці дала Украіне прынамсі часова перахапіць ініцыятыву і прымусіла Расею пераглядзець абарону тысячы кіламетраў мяжы з Украінай. Расейскія афіцыйныя асобы заяўляюць аб «стабілізацыі сітуацыі», але відэа, у якіх удалося вызначыць геалакацыю, паказалі, што 10–11 жніўня ўкраінскія войскі прасунуліся на захад і паўночны захад Курскай вобласці. Яшчэ ўчора абласныя ўлады запэўнівалі, што ў Бялоўскім раёне «стабільна», а сёння раённыя ўлады «пераканаўча просяць» усіх жыхароў эвакуявацца.
Спешна сабраная і разрозненая групоўка абароны, піша ISW, кепска падрыхтаваная, мае слабае камандаванне і меншыя памеры за прадугледжаныя дактрынай. Тым часам украінскія сілы пачынаюць рабіць абмежаваныя вылазкі яшчэ і на захадзе Белгарадскай вобласці.
Чытайце таксама: Наступ пад Курскам і дэсант пад Херсонам. Аналізуем актывізацыю ЗСУ
Алесь Наваборскі, «Белсат»