Вось якія прысуды атрымалі людзі, што 10 жніўня 2020 года выйшлі на мірны пратэст супраць сваволля ўладаў Лукашэнкі.
Суд Берасцейскага раёна 12 верасня вынес прысуд адразу адзінаццаці асобам, абвінаваціўшы іх у актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу РБ).
На лаве падсудных за падзеі 10 жніўня 2020 года апынуліся адзінаццаць берасцейцаў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Берасцейская Вясна». Гэта Ілья Сабко, Аляксандр Зайцаў, Мікалай Каплюк, Кірыл Еўтышык, Мікалай Місюк, Артур Зарэмба, Дзмітрый Лысюк, Алег Бандарук, Міхаіл Верамчук, Дзмітрый Салавейка, Дзяніс Якавенка.
Згодна з абвінавачаннямі, усе гэтыя асобы падчас паслявыбарчых пратэстаў у Берасці 10 жніўня 2020 года «выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, выходзілі на праезную частку».
Фігурантам справы былі прызначаныя тэрміны ад «хатняй хіміі» да паўтара года калоніі.
Так, Ілья Сабко, Аляксандр Зайцаў, Мікалай Каплюк, Кірыл Еўтушык, Артур Зарэмба, Дзмітрый Лысюк, Алег Бандарук, Дзяніс Якавенка атрымалі паўтара года калоніі агульнага рэжыму, Мікалай Місюк – адзін год калоніі. Дзмітрый Салавейка – два з паловай, а Міхаіл Верамчук – два гады «хатняй хіміі».
Праваабаронцы з «Берасцейскай вясны» адзначаюць, што агулам каля 70 чалавек было асуджана ў Берасці паводле артыкула 293 КК («Удзел у масавых беспарадках») за пратэсты, якія адбываліся ў Берасці 10 жніўня 2020 года. Пасля некаторага зацішша з канца 2023 года пачаліся новыя затрыманні за ўдзел у той акцыі пратэсту, аднак гэтым разам людзей пачалі судзіць ужо па артыкуле 342 КК. На дадзены момант вядома, што за пратэсты 10 жніўня 2020 года па 342-м артыкуле асудзілі ўжо 48 чалавек.
Раман Шавель belsat.eu