Журналіст і адзін з лідараў польскай меншасці Анджэй Пачобут за кратамі ў Беларусі з 25 сакавіка 2021 года. Польшча неаднаразова патрабавала яго вызваліць. Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс, якая ўвесну бачылася з Пачобутам, расказала польскаму выданню «Rzeczpospolita», што ён быў згодны на вызваленне з дэпартацыяй з Беларусі.
Улады Польшчы даўно настойваюць на вызваленні палітвязня Анджэя Пачобута, зняволенага ў Беларусі за журналісцкую дзейнасць. Вызваленне Пачобута і спыненне штучна створанага міграцыйнага крызісу Польшча прывязвае да тэмы закрыцця мяжы з Беларуссю. Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Севера расказваў, што ў нядаўным абмене зняволенымі між Расеяй і краінамі Захаду імя Пачобута згадвалася, але «ход перамоваў такога тыпу заўсёды сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі», пра якія ён не змог расказаць.
Лукашэнкаўская прапаганда выказала сваю версію: Пачобута нібы прапаноўвалі аддаць як «жэст добрай волі», а гэта польскія ўлады адмовіліся. Гэта ў каментары выданню «Rzeczpospolita» абверг міністр унутраных справаў і адміністрацыі Томаш Семоняк: падчас абмену з Расеяй з расейскага боку не было прапановаў абмяняць Пачобута, таксама беларускі бок ніколі не прапаноўваў вызваліць Пачобута, нягледзячы на патрабаванні і просьбы Польшчы.
У межах таго абмену Польшча вызваліла расейскага шпіёна Паўла Рубцова, але не атрымала ў замен нікога: ані Пачобута, ані зняволенага ў Расеі грамадзяніна Польшчы Марыяна Радзаеўскага. Выказваліся здагадкі, што лукашэнкаўская Беларусь не хоча выдаваць Пачобута, пакуль той не «прызнае віну» і не напіша прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі – а такое ён неаднаразова адмаўляўся рабіць.
Яшчэ адна тэорыя, якую выказвалі каментатары: Пачобута не вызваляюць, бо ён адмаўляецца з’язджаць з Беларусі ў выпадку вызвалення. Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс сама была палітычнай зняволенай у Беларусі: яе затрымалі на два дні раней за Пачобута, праз год перавялі пад хатні арышт, яшчэ праз год вызвалілі за адсутнасцю складу злачынства. Анджэліка Борыс расказала выданню «Rzeczpospolita», што ў красавіку яна сустракалася з Пачобутам у наваполацкай калоніі – і абвергла, што ён не быў гатовы з’ехаць з Беларусі ў абмен на вызваленне.
Пачобут у кепскім фізічным стане, ён згодны з’ехаць з Беларусі
«Я размаўляла з Анджэем дзьве з паловай гадзіны, – расказала Борыс пра спатканне. – Нашая размова тычылася сітуацыі ў Саюзе палякаў. І я, і Анджэй хочам, каб тут захавалася польскасць, каб мы вучылі польскую мову. Наша Польшча тут, над Нёманам. Ён быў задаволены, што мы працягвалі гэта рабіць у гэтай складанай сітуацыі. Я прасіла яго падумаць аб выездзе з краіны, калі гэта магчыма. Ён сказаў мне наступнае: калі лічыш, што гэта правільна, я зраблю гэта. На маю просьбе ён пагадзіўся пакінуць краіну. Жыццё майго сябра для мяне найважнейшае».
Паводле Анджэлікі Борыс, спатканне з Пачобутам ёй дазволілі пасля таго, як яна напісала ліст на імя Лукашэнкі. Аб спатканні яна раней не расказвала публічна, але запэўнівае: па спатканні неадкладна паехала ў Варшаву і перадала інфармацыю прэзідэнту Польшчы. Цяпер расказвае пра спатканне публічна, каб абвергнуць шматлікія разважанні аб тым, што Пачобут не выходзіць на волю, бо нібы адмаўляецца пакінуць Беларусь.
Жонка зняволенага Аксана Пачобут таксама заявіла, што такія разважанні – няпраўда. Яна напісала на Facebook: «Гэта глупства, мой муж знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі і не мае магчымасці выказаць сваё меркаванне».
Анджэліка Борыс расказала таксама, што Анджэй Пачобут у красавіку быў у кепскім фізічным стане:
«Выглядаў вельмі кепска, сэрца разрывалася, – расказала Борыс пра Пачобута. – Псіхічна ён трымаецца, але фізічна ён выглядаў вельмі дрэнна. Моцна схуднеў, я б яго не пазнала. Пры ім я яшчэ трымалася, але калі выйшла з вязніцы, папросту заплакала».
Яна дадала, што падчас гэтага візіту ахоўнікі пагадзіліся перадаць Пачобуту лекі. Але і аб гэтым яна мусіла прасіць Лукашэнку, калі пісала яму ліст.
Раней, калі яна была ў зняволенні, Анджэліка Борыс сама пісала прашэнне аб памілаванні сваім, і была пераведзеная пад хатні арышт, а потым вызваленая. Па вызваленні яна засталася ў Беларусі і працягнула грамадскую дзейнасць, адмовілася пакінуць краіну.
Чытайце таксама: Чаму Польшча не дамаглася вызвалення Анджэя Пачобута?
Алесь Наваборскі, «Белсат»