Праваабаронцы паведамляюць, што апошнім часам беларускіх палітвязняў масава прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні. Асабліва актывізаваўся ў гэтым напрамку прапагандыст Юры Васкрасенскі.
Так, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», Васкрасенскі дазвоньваецца да сваякоў і распавядае ім пра ўмовы і акалічнасці памілавання. Такім чынам ён спрабуе загітаваць родных, каб яны паўплывалі на зняволеных напісаць прашэнне на імя Лукашэнкі.
Актыўныя спробы паўплываць на палітвязняў і пісаць прашэнні аб памілаванні працягваюцца ўжо цягам месяца. Так, у ліпені ў калоніі № 1 у Наваполацку прадстаўнікі менскай пракуратуры штодня прыязджалі да палітвязняў па гэтым пытанні. Але гэта датычылася толькі асуджаных да невялікіх тэрмінаў.
За адмову пісаць прашэнні ў некаторых калоніях зняволеных змяшчалі у ШІЗА, а часам пагражалі ўзбуджэннем новай крымінальнай справы паводле сумнавядомага артыкулу 411 («Злоснае непадпарадкававнне адміністрацыі папраўчай установы»). Напрыклад, паводле гэтага артыкулу на дадатковыя тэрміны былі асуджаныя Паліна Шарэнда-Панасюк, Зміцер Дашкевіч, адміністратарка чату «Кіроўцы-97» Вікторыя Кульша і іншыя палітзняволеныя.
Вядома, што 3 ліпеня з турмаў былі выпушчаныя па амністыі або памілаванні 18 палітычных зняволеных: чатыы жанчыны і 14 мужчын. Сярод іх, напрыклад, быў хворы на анкалогію былы старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Раман Шавель, «Белсат»