навіны

У Варшаве нацыяналісты здзейснілі напад на беларуса і ўкраінца. Білі за расейскую мову

Траўмы, якія атрымаў Аляксандр. Фота: MOST
Траўмы, якія атрымаў Аляксандр. Фота: MOST
podpis źródła zdjęcia

У Варшаве нацыяналісты збілі беларуса і ўкраінца. Прычынай нападу стала размова мужчынаў паміж сабой на рускай мове. Беларус быў шпіталізаваны з пераломам вачніцы і страсеннем мазгоў. Паводле пацярпелага, напад быў здзейснены на глебе ксенафобіі. Паліцыя расследуе справу, але пакуль невядома, ці будуць злачынцы знойдзеныя і пакараныя.

Здарэнне адбылося ў ноч з 3 на 4 жніўня на вуліцы Дантэ Аліг’еры, што на ўскрайку Варшавы.


У той вечар 38-гадовы беларус Аляксандр, які ў 2019 годзе атрымаў польскае грамадзянства, выйшаў пакурыць побач з домам, дзе ўжо цягам году здымае пакой. Тут жа ён сустрэў знаёмага 20-гадовага ўкраінца. Яны размаўлялі паміж сабой па-руску.


У нейкі момант да мужчын наблізілася група маладзёнаў гадоў па 20–25, апранутыя ў чорнае і з кароткімі стрыжкамі, якія пачалі агрэсіўна выкрыкваць у адрас мужчын абразы і пагрозы, называючы іх украінцамі.


На словы Аляксандра пра тое, што ён з’яўляецца беларусам з польскім грамадзянствам, ніхто з іх не адрэагаваў, мужчын пачалі проста збіваць.


Хутчэй за ўсё, распавядае Алксандр, пры збіцці выкарыстоўвалі кастэт, білі нагамі. Аляксандр страціў прытомнасць, пазней, калі ачуняў, то ўкраінец дапамагаў яму падняцца.


Пацярпелыя мужчыны дайшлі да бліжэйшай крамы, прадавачка якой выклікала хуткую дапамогу і паліцыю.

,,

«Я наагул не разумеў, што, дзе — усё ў тумане. Ужо калі прыехала паліцыя, аказалася, што я без акуляраў. У выніку іх знайшлі паламанымі», — расказвае Аляксандр.


Паліцыя на месцы збіцця знайшла заплечнік Алякснадра, з якога прапалі кашалёк, банкаўскія карткі і дакументы.

,,

«Атрымліваецца, яны і напалі, і абрабавалі — можна кваліфікаваць як разбой», — адзначае Аляксандр.


На думку беларуса, збівалі іх польскія нацыяналісты.

,,

«Гэта быў нацыяналістычны, ксенафобскі напад. Я лічу, што гэта было праявай нянавісці», — адзначае пацярпелы беларус.


У лякарні, куды трапіў Аляксандр, яму зрабілі тамаграфію і дыягнаставалі пералом вачніцы і страсенне мазгоў, пасля чаго накірвалі ў спецыялізаваную клініку.


Лекары адзначаюць, кажа Аляксандр, што могуць быць праблемы з сятчаткай, зараз стаіць пытанне аб тым, ці патрэбная аперацыя. Пакуль жа мужчыне даюць абязбольвальныя прэпараты, антыбіётыкі і капаюць кроплі ў вочы, некалькі дзён Аляксандр не мог расплюшчыць павека з-за моцнага ацёку.


Следчая група, якая прыехала да Аляксандра ў лякарню, завяла справу, але не дае ніякіх прагнозаў.

,,

«Зараз самае галоўнае, каб яе [справу] не адклалі ў доўгую скрыню. Я буду дамагацца праўды», — кажа Аляксандр.


У той жа час пацярпелы ўкраінец меў менш сур’ёзныя траўмы. Ён таксама падаў заяву ў паліцыю.


У чэрвені на той жа вуліцы ў Варшаве нападнікі абрабавалі дастаўніка ежы. Тады паліцыі ўдалося аператыўна затрымаць падазраваных. 


Гэты матэрыял вы можаце прачытаць па-расейску


Раман Шавель, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10