навіны

Беларускі МЗС выклікаў прадстаўніка ЕЗ і пагражае «эскалацыяй канфлікту»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Зеркало
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Зеркало
podpis źródła zdjęcia

У Беларускае МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Еўразвязу ў Беларусі ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы краіны 9 жніўня ўкраінскімі беспілотнікамі. У ведамстве кажуць пра «эскалацыю канфлікту».

Часоваму паверанаму ў справах Еўразвязу ў Беларусі Стэну Нёрлаву была даведзеная пазіцыя беларускіх уладаў з нагоды інцыдэнту, які нібыта меў месца.


Так, у МЗС адзначылі, што на элементах аднаго са збітых дронаў былі знойдзены маркіроўкі вытворцаў з краін Еўразвязу.


Менск папярэдзіў аб рызыцы эскалацыі канфлікту, якая можа прывесці да пашырэння ваенных дзеянняў на тэрыторыю Еўразвязу, і заклікаў ЕЗ паўплываць на Украіну для прадухілення падобных інцыдэнтаў у будучыні.


Нагадаем, што 10 жніўня Аляксандр Лукашэнка зрабіў заяву аб тым, што 9 жніўня паветраная прастора Беларусі ў Касцюковіцкім раёне была парушаная ўкраінскімі беспілотнікамі. У сувязі з чым сілы ВПС і войскаў супрацьпаветранай абароны былі прыведзеныя ў павышаную баявую гатовасць. Паводле Лукашэнкі, некалькі беспілотнікаў былі знішчаныя.


Следам за здарэннем міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў аб распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі аб узмацненні групоўкі на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках.


На абломках дронаў, якія прадэманстравала Міністэрства абароны, не было ніякіх відавочных адзнак аб тым, што яны належаць менавіта Украіне.


У той жа час, згодна з інфармацыяй маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», 9 жніўня падчас вылетаў беларускай авіяцыі «ніякіх дронаў знойдзена не было», роўна як не адбывалася пускаў ракет са знішчальнікаў СУ-30 ці верталёта Мі-24.


Раман Шавель, «Белсат» 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10