На канферэнцыі будуць прысутнічаць прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, дэпутаты Еўрапарламенту, а таксама прадстаўнікі літоўскіх уладаў.
Міжнародная канферэнцыя «Адказнасць за злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі», арганізатарам якой выступае «Цэнтр права і дэмакратыі (Justice Hub)» адбудзецца ў пятніцу, 13 верасня, у Вільні. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Паўла Латушкі.
Мэта канферэнцыі – акрэсленне шляхоў прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека.
Адкрываць канферэнцыю будзе міністарка юстыцыі Літоўскай Рэспублікі Эвеліна Дабравольска, а таксама прэзідэнтка-элект Святлана Ціханоўская.
Таксама ў канферэнцыі возьме ўдзел намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Сярод удзельнікаў будуць эксперты НАУ, Офіса Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, праваабарончых арганізацый. Чакаецца ўдзел прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў, Генеральнай пракуратуры і Міністэрства юстыцыі Літвы, дэпутатаў Еўрапарламента, юрыстаў у сферы міжнароднага права з Літвы, Злучаных Штатаў, Aўстрыі, Бельгіі, Грузіі і іншых еўрапейскіх краін, прадстаўнікоў замежнага дыпламатычнага корпусу.
Канферэнцыя будзе складацца з трох асноўных частак:
1) Пераадоленне бар'ераў на шляху да ўніверсальнай юрысдыкцыі: прававыя і практычныя перспектывы.
2) Ад канцэпцыі да рэальнасці: Спецыяльны трыбунал па злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі.
3) Санкцыі супраць прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.
Падчас мерапрыемства Павел Латушка і прадстаўнікі НАУ правядуць прэзентацыю напрацовак па выкарыстанні існых міжнародна-прававых механізмаў для прыцягнення Лукашэнкі і яго памагатых да адказнасці.
Акрамя таго, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне збіраецца асобна прадставіць прапановы па далейшым павелічэнні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі.
«Мы рухаемся сістэмна і мэтанакіравана да нашай галоўнай мэты – прыцягнення Лукашэнкі і яго паплечнікаў да адказнасці за злачынствы, якія яны здзейснілі і працягваюць здзяйсняць супраць беларускага народа. Міжнародная канферэнцыя праводзіцца з мэтай аб’яднання намаганняў прадстаўнікоў краін, міжнародных арганізацый, прававых і праваабарончых ініцыятыў, і для большага матывавання і эфектыўнага ўключэння ў дасягненне нашай галоўнай мэты – адказнасці Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму за злачынствы. Міжнародная канферэнцыя ў Вільні аб адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых за злачынствы супраць беларускага народа – гэта моцны крок да нашай мэты», – адзначыў напярэдадні адкрыцця міжнароднай канферэнцыі Павел Латушка.
Нагадаем, што, на думку кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, толькі поўнае спыненне рэпрэсіяў і вызваленне ўсіх палітзняволеных можа стаць падставай для пачатку перамоваў па ўмовах змякчэння санкцыяў у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Раман Шавель belsat.eu