навіны

Сейм Латвіі прыняў закон, які абавязвае аўта на беларускіх нумарах пакінуць краіну

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Latvijas Televīzija
podpis źródła zdjęcia

Сейм Латвіі канчаткова зацвердзіў пастанову, згодна з якой аўтамабілі на беларускіх нумарах да 31 кастрычніка павінны быць вывезеныя з Латвіі або зарэгістраваныя на тэрыторыі краіны. ГУБАЗіК ужо пацірае рукі і чакае «ў госці» тых, хто заклейваў лукашэнкаўскі сцяг бчб-налепкай. 

12 верасня папраўкі ў Закон аб дарожным руху, у якім прапісаная гэтая норма, былі канчаткова зацверджаныя латвійскім Сеймам у другім чытанні.

«Улічваючы сітуацыю ў Беларусі і яе датычнасць да агрэсіі Расіі супраць Украіны, 1 ліпеня гэтага года ўступілі ў сілу новыя абмежавальныя меры Савета Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі. Сярод іншага, яны перашкаджаюць уезду ў Еўрасаюз праз латвійска-беларускія і латвійска-расейскія памежныя пункты транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі – легкавых аўтамабіляў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Сейма. 

Пасля ўказанага тэрміну уладальнікі транспарту з Беларусі змогуць уязджаць у Латвію толькі для аднаразовага транзіту, папярэдне аформіўшы заяўку праз электронныя сэрвісы Дэпартамента бяспекі дарожнага руху Латвіі.

Уезд дазволяць таксама транспарту для дыпламатычных, консульскіх службаў і гуманітарных місій. Асобы з абмежаванымі магчымасцямі, якія кіруюць спецыяльна абсталяваным транспартам, змогуць запытаць дазвол на ўезд у Службы фінансавай разведкі Латвіі для наведвання родных. Служба фінансавай разведкі таксама зможа выдаваць дазволы на ўезд па запыце міністра замежных спраў у асобных выпадках (калі ўезд звязаны з дзяржаўнымі інтарэсамі) на тэрмін да трох месяцаў.

11 верасня адпаведнае рашэнне было прынятае камісіяй Сейму. Сёння ж латвійскія дэпутаты канчаткова зацвердзілі закон. 

У той жа час ГУБАЗіК ужо пацірае рукі і пагражае беларускім кіроўцам, якія заклейвалі бела-чырвона-белымі налепкамі чырвона-зялёны сцяг на нумарах аўтамабіляў. Пры гэтым сілавікі апублікавалі некалькі фотаздымкаў з такімі нумарамі, падзякаваўшы «нераўнадушным», якія высылаюць падобныя фоты ў чат-бот ГУБАЗіКа.

ГУБАЗіК паказаў нумары беларускіх аўтаў, заклееныя бела-чырвона-белымі налепкамі і пагражае іх уладальнікам. Фота: тэлеграм-канал сілавікоў
ГУБАЗіК паказаў нумары беларускіх аўтаў, заклееныя бела-чырвона-белымі налепкамі і пагражае іх уладальнікам. Фота: тэлеграм-канал сілавікоў

Нагадаем, што Літва і Эстонія таксама забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. У той жа час Польшча не ўводзіла такую забарону, бо не хоча, каб санкцыі, што мусяць закрануць рэжым, закранулі звычайных грамадзянаў. На думку літоўскіх уладаў, забарона не б’е па беларускіх грамадзянах.

Дэмакратычныя сілы Беларусі дамагаюцца змякчэння санкцыяў супраць аўтамабіляў на беларускіх нумарах. А забарона на пастаўкі аўтамабіляў з Беларусі, падобна, не б'е па даходах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Раман Шавель belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10