навіны

«Адліга патрэбная і для ягонага выжывання». Лукашэнку пачулі?

img
«Шпакі прыляцелі». Калаж: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Лукашэнку пачулі, і вяртанне заходніх амбасадараў у Менск магчымае ўзамен за вызваленне палітзняволеных? Які сюрпрыз чакае Беларусь да прэзідэнцкіх выбараў – 2025? І ці павінны дэмакратычныя сілы змяніць стратэгію? Спрачаюцца праўнік Міхаіл Кірылюк і палітолаг Андрэй Ягораў. Новы «Двубой» з Віталём Цыганковым у новым сезоне на «Белсаце».

«Зняцце санкцыяў або аднаўленне дыпламатычных адносінаў павінны адбывацца на фоне вызвалення палітзняволеных і змяншэння рэпрэсіяў», – сказаў Андрэй Ягораў у праграме «Двубой».

Андрэй Ягораў, былы спікер Каардынацыйнай рады, ускалыхнуў дэмакратычныя сілы заяваю пра магчымасць частковага прызнання рэжыму Лукашэнкі і нават вяртанне амбасадараў заходніх краінаў у Менск пры ўмове вызвалення палітвязняў. У той жа час палітык Павел Латушка выступае за працяг ціску:


,,

«Доўгатэрміновы ціск патрэбны, і ніколі не было доўгатэрміновага ціску на рэжым Лукашэнкі. Заўсёды, прабачце, але я ведаю з таго боку, як яшчэ кажуць. Гэта прыводзіла да таго, што пазней ішлі нейкія эпізадычныя адлігі, якія прывялі да чаго? Што зноў кожныя пяць гадоў мы прыходзілі ў тую зваротную кропку, якая была».


Андрэй Ягораў у праграме «Двубой» з Віталём Цыганковым. Фота: Белсат
Андрэй Ягораў у праграме «Двубой» з Віталём Цыганковым. Фота: Белсат

Так жа мяркуе іншы прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення пад кіраўніцтвам Латушкі, праўнік Міхаіл Кірылюк, які адзначае, што сам Аляксандр Лукашэнка даў дэмсілам найлепшую падказку: «Лукашэнка просіць усіх не падтрымліваць санкцыяў, не падтрымліваць узброенай падтрымкі і не выступаць на выбарах. Мне здаецца, што гэта якраз той добры спіс, якому неабходна следаваць».

Андрэй Ягораў лічыць, што для дэмакратычных сілаў прыйшоў час змяніць стратэгію: «Сітуацыя зараз у тым, што на працягу апошніх гадоў стратэгія дэмакратычных сілаў, якую пераследавалі асноўныя структуры дэмакратычных сілаў Беларусі, звязаная з нарошчваннем ціску, дэлегітымізацыяй рэжыму, легітымізацыяй паралельна гэтаму дэмакратычных сілаў, нарошчваннем санкцыйнага ціску, прыцягненнем Лукашэнкі да адказнасці, спадзяваннем на тое, што раптоўна ў Беларусі можа здарыцца новы пад’ём палітычны і пераварот гэтай сітуацыі, – уся гэтая стратэгія хутчэй прывяла да адваротных вынікаў, чым планавалася. Замест дэлегітымацыі Лукашэнкі мы бачым, што прызнанне рэжыму ў краіне расце, паводле апытанняў грамадскай думкі, а давер да дэмакратычных сілаў зніжаецца. Мы бачым, што санкцыі не даюць чаканага выніку, і, урэшце, сітуацыя змянілася з 2020 года. Таму трэба глядзець проста на тую сітуацыю, як яна ёсць, і адпаведна ёй выбіраць іншыя стратэгіі».


Аднак Міхаіл Кірылюк парыруе гэта прыкладам ЗСУ і Украіны, якія нават у найцяжэйшыя хвіліны вайны не здаліся Пуціну і Крамлю, працягнуўшы змаганне. І менавіта такою логікаю, паводле праўніка НАУ, варта кіравацца і цяпер, бо менавіта цяпер рэжым Лукашэнкі слабейшы, чымся быў у 2020 годзе:

,,

«У 2020 годзе не было вайны. А зараз я не бачу, што рэжым сталы, у тым сэнсе, што яны прапануюць перамовы. Але перамовы такія, як быццам бы імітацыю: выпусціць там 30 чалавек яны прапануюць. Выпусціць 50 чалавек яны прапануюць. Напрыклад, той жа прапагандыст Тур – ён сказаў, што ўвогуле мы будзем выпускаць каго захочам і гэта не залежыць ад вашых дзеянняў.


Мне здаецца, што ўсё, што ён [Лукашэнка] робіць, – гэта ў выніку ціску. У выніку таго, што ўкраінскія войскі зайшлі ў Курскую вобласць. У выніку таго, што ідуць размовы з Кітаем наконт таго, што можа спыніцца транзіт. У выніку таго, што могуць быць уведзеныя іншыя санкцыі. Яны могуць вызваліць 50 чалавек заўтра і арыштаваць 150 чалавек паслязаўтра».


Кірылюк апелюе да 30-гадовага кіравання Лукашэнкі, які ўжо неаднаразова напярэдадні ці пасля выбараў ажыццяўляў у Беларусі «лібералізацыю», што ў выніку толькі ўмацоўвала ягоны рэжым.


Але Ягораў сцвярджае, што не заклікае да прызнання легітымнасці рэжыму ці Лукашэнкі ў якасці законна абранага прэзідэнта. Былы спікер Каардынацыйнай рады прапаноўвае «прыняць рэальнасць» і перастаць думаць, што рэжым вось-вось абрынецца. Што прапаноўвае Ягораў?

,,

«Зараз неабходна карыстацца механізмамі скрытай дыпламатыі і па магчымасці ўсталёўваць кантакты з палітычным рэжымам, карыстаючыся тымі нагодамі, якія ён для гэтага дае. Вызваленне палітычных вязняў выглядае сёння як працэс. І гэты працэс трэба пазітыўна ацэньваць. Пакуль што гэтых пазітыўных ацэнак няма. Па-другое, трэба прыбраць крытычную рыторыку адносна кантактаў з беларускім палітычным рэжымам. Вам ніхто нічога не скажа, што робіцца ў гэтых кантактах, таму што ведаюць, што дэмакратычныя сілы нічога з гэтым не зробяць, акрамя таго, што пачнуць крычаць: «Не-не-не, ніякіх [перамоваў]».


Міхаіл Кірылюк у праграме «Двубой» з Віталём Цыганковым. Фота: Белсат
Міхаіл Кірылюк у праграме «Двубой» з Віталём Цыганковым. Фота: Белсат
Аднак ці сапраўды гэта спрацуе? Міхаіл Кірылюк сумняваецца:
,,

«Адкуль у вас ёсць упэўненасць, што калі вы зробіце тое, чаго ад вас чакае Лукашэнка, ён выканае сваю частку? У вас няма ніякіх рычагоў уплыву на гэта, а вы прапануеце адмовіцца ад тых рычагоў уплыву, якія ўжо ёсць, – гэта санкцыі, гэта фінансавая дапамога ЗСУ і гэта актыўнасць на будучых палітычных выбарах. Вось тое, што пералічыў Лукашэнка, тое, што б’е па ім. Я абсалютна з гэтым згодны. Калі мы ад гэтага адмовімся, які ў гэтым сэнс для тых людзей, якія сядзяць у турме, 1500? Ён не абяцае іх выпусціць. Ён дакладна іх не выпусціць, таму што які яму ў гэтым сэнс?».



Цалкам дыскусію Андрэя Ягорава і Міхаіла Кірылюка глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

ДД belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10