Групы ўкраінскіх вайскоўцаў увайшлі ў Бялоўскі раён Курскай вобласці Расеі. Крэмль спрабуе зменшыць сур'ёзнасць сітуацыі пасля прарыву расейскай мяжы ўкраінскімі вайскоўцамі ў Курскай вобласці. Пра гэта гаворыцца ў апошняй справаздачы амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW).
Украінскія вайскоўцы ў ноч на нядзелю, 11 жніўня, увайшлі ў Бялоўскі раён Курскай вобласці і такім чынам пашырылі сваю прысутнасць на тэрыторыі Расеі. Пра гэта паведаміў кіраўнік раёну Мікалай Валабуеў:
«Заход дыверсійна-разведвальных групаў на нашу тэрыторыі стварыў шмат мітусні і панікі. Цяпер сітуацыя стабільная, але вельмі напружаная».
Нагадаем, да 11 жніўня баі ішлі на тэрыторыі двух раёнаў Курскай вобласці – Каранеўскага і Суджанскага. Бялоўскі раён знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад Суджанскага і прымыкае да Белгародскай вобласці.
Напярэдадні блізкі да расейскіх сілавікоў Telegram-канал заявіў, што ЗСУ сцягваюць «баяздольныя войскі» да межаў Белгародскай вобласці:
«У сувязі з гэтым не выключана, што можа адбыцца атака і на гэты расейскі рэгіён».
Крэмль усімі сіламі спрабуе зменшыць сур'ёзнасць сітуацыі пасля прарыву расейскай мяжы ўкраінскімі вайскоўцамі ў Курскай вобласці. Пра гэта гаворыцца ў апошняй справаздачы амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW). Каб не дапусціць магчымую паніку сярод расейцаў рэгіён не быў абвешчаны зонай баявых дзеянняў, гаворыцца ў справаздачы.
Надзея Вольная, «Белсат»