Прагноз надвор’я для Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Аўстрыі, Вугоршчыны, Чарнагорыі і Албаніі на бліжэйшыя дні неспрыяльны: будуць вялікія дажджы. У польскім Вроцлаве рыхтуюцца да чагосьці горшага за «паводку тысячагоддзя».
Еўропе пагражае Барыс – так назвалі цяперашні цыклон, які ў другой палове бягучага тыдня можа нарабіць бяды ў Цэнтральнай Еўропе, перадае «TVP Info». Чакаюцца вялікія дажджы, моцныя парывы ветру.
Першыя ападкі ад Барыса ўжо прайшлі ў ноч з серады на чацвер. Але дажджы ў цэнтральнай Еўропе працягнуцца да нядзелі, а то і да панядзелку, 16 верасня. Дажджы прагназуюць і на захадзе Беларусі, але гэтыя дажджы маюць быць у разы слабейшымі за тыя, што будуць на поўдні Польшчы, усходзе Чэхіі і захадзе Славаччыны, амаль па ўсёй Аўстрыі, у значных частках Вугоршчыне, Славеніі, Харватыі, на ўзбярэжжы Чарнагорыі і Албаніі.
Польскія «Лаўцы бураў» папярэджваюць, што на самым поўдні Польшчы можа набрацца аж да 400 мм ападкаў. Дакладныя наступствы ўсё яшчэ цяжка прадказаць, але вельмі імаверныя патопы, магутныя парывы ветру, рэзкія перапады тэмператураў, рост узроўню вады ў левых прытоках ракі Одры. У Польшчы ўжо рассылаюць SMS-папярэджанні ў Ніжнесілезійскім і Апольскім ваяводствах, частках Вялікапольскага і Лодскага. Польскія ратаўнікі ўжо рыхтуюцца:
Як у тым серыяле, а то і горш
Падобныя да цяперашняга цыклоны ўтвараюцца блізу Генуі, што на поўначы Італіі, рэгулярна. З’ява атрымала назву «генуэзская нізіна». Ды часцей за ўсё іхныя эфекты адчуваюцца ў раёне Альпаў, Але адзін з магчымых шляхоў, які цыклон выбірае каля 2,3 раза на год, ідзе амаль па прамой лініі з Генуі на Санкт-Пецярбург. І часам, прыблізна ў 23 % выпадкаў (PDF), калі цыклон нясе такім шляхам, здараюцца маштабныя залевы і буйныя патопы.
Асабліва катастрафічныя наступствы былі ад генуэзскага цыклону ў 1997 годзе – тыя падзеі назвалі «паводкай тысячагоддзя». Воды Одры і Відавы затапілі тысячы дамоў у Нямеччыне, Чэхіі і Польшчы, у выніку паводкі загінулі 114 чалавек, шкоду ацанілі з 3,5 млрд долараў.

У «паводку тысячагоддзя» пад вадой апынулася сярод іншага амаль палова Вроцлава. Пра тыя падзеі знялі два польскія серыялы для «Netflix»: другі сезон серыялу «Трасіна» («Rojst») 2021 года і «Вялікая вада» («Wielka woda») 2022-га. Абодва серыялы маюць высокія ацэнкі ад гледачоў.
Прэзідэнт (мэр) Вроцлава яшчэ 11 верасня стварыў крызісны штаб: чакаецца абсалютны рэкорд ападкаў для гораду – мо нават горш за «паводку тысячагоддзя».
Як ні дзіва, са зменай клімату залевы такога тыпу праз цыклоны з Генуі стануць радзейшымі і будуць выклікаць менш ападкаў, ідучы на Санкт-Пецярбург, як паказала такое мадэляванне. Але Еўропе і рэшце свету са зменай клімату пагражае мноства іншых «новых» экстрэмальных з’яваў надвор’я – ад нязвыклых залеваў да нечаканых засухаў і ўраганаў.
У Беларусі пакуль іншыя праблемы
Гідраметцэнтр Беларусі на 12–13 верасня абвясціў чырвоны ўзровень небяспекі на большай частцы Гомельскай і Магілёўскай абласцей (на 12-га таксама Берасцейскай) у сувязі з надзвычайнай пажарнай небяспекай.
Але на 13 верасня на большай частцы краіны на дадатак да таго – аранжавы ўзровень небяспекі праз навальніцы. Да канца бягучага тыдня будзе як мінімум хмарнае надвор’е, але на наступным будзе сонечна, тэмпературы ў Менску днём будуць ад +23 °С.
Алесь Наваборскі belsat.eu