Пасля сённяшняга запуску дзяржпартала videobel.by, які павінен быў стаць «беларускім аналагам YouTube», у былога прапагандыста (а зараз міністра інфармацыі) спыталі, ці не забароняць у краіне нармальны YouTube.
«Давайце мы не будзем казаць пра тое, што мы жадаем забараніць YouTube. Пастаноўка пытання такая, на мой погляд, нават не зусім правільная, – заявіў Марат Маркаў расейскаму інфармацыйнаму агенцтву Sputnik. – Як толькі мы адчуем пагрозу з боку пастаўшчыка паслугі, мы будзем адэкватна дзейнічаць, суразмерна, дыпламатычна. Сёння не стаіць задача нешта зачыняць самім».
Нагадаем, 12 верасня пачала працаваць відэаплатформа videobel.by — замена youtube, які не дагадзіў тым, што блакуе пэўны прапагандысцкі кантэнт. Новы сервіс улады Беларусі рабілі, каб захаваць відэа дзяржаўных тэлеканалаў у адным месцы і даць магчымасць глядзець іх з любой кропкі свету.
«А1» ацанілі стварэнне, запуск і абслугоўванне відэахостынгу цягам году ў 600 – 700 тысяч долараў ЗША, калі браць гатовае рашэнне на базе праграмнага забяспечання «VOKA» . Аднак ужо праз месяц перамоваў «БелТА» павялічыла неабходную для запуску і эксплуатацыі медыяплатформы ў першы год суму да 1,5 – 2 мільёнаў долараў, а штогадовыя выдаткі, пачынаючы з другога года – да прыкладна 1 мільёну долараў.
Тое, што videobel.by не дацягвае да звання аналага YouTube прызнаў нават намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімір Перцоў. А эксперты ў галіне ІТ і медыя ўпэўнены, што па добрай волі наўрад ці туды поўдуць гледачы і стваральнікі кантэнту.
Тэса Анэйда belsat.eu