навіны

«iPhone 16» – колькі будзе каштаваць у Беларусі і ці варта браць?

«iPhone 16» і ягоная меркаваная цана ў Беларусі
«iPhone 16» і ягоная меркаваная цана ў Беларусі. Калаж: Apple.com / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Часы, калі ў «iPhone» штогод з’яўляліся рэвалюцыйныя «фішкі», даўно мінулі. Але цікавасць да новых смартфонаў «Apple» застаецца куды большай, чым да навінак канкурэнтаў. «Белсат» паглядзеў на анансаваныя «айфоны», меркаваныя цэны на іх і на заробкі беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Як чысціць тэлефон перад пераходам мяжы. Парады «Кіберпартызанаў» і «Кібербабра» навіны

Колькі будзе каштаваць новы «iPhone» у Беларусі?


Нашая стаўка: праз тры тыдні «iPhone 16» можна будзе купіць у Беларусі за 3611,75 рубля.


Насамрэч, цана яшчэ невядомая. Новыя «iPhone» прэзентавалі толькі 9 верасня, папярэднія замовы пачнуць прымаць 13-га. 


Сама «Apple» не прадае сваю тэхніку ў Беларусі. На сайце «Apple» можна выбраць сваім рэгіёнам Беларусь, але старонку для Беларусі даўно не абнаўлялі: там прапануюць толькі «iPhone 13» 2021 года выпуску. Калі паспрабаваць адшукаць спіс афіцыйных прадаўцоў у Беларусі, пакажуць толькі крамы мабільных аператараў «МТС» і «А1». Тыя пакуль не анансавалі продажаў «iPhone 16».


Але тэхніку «Apple» у Беларусі прадаюць самыя розныя кампаніі рознай ступені надзейнасці. Некаторыя называюць сябе «афіцыйнымі рэсэлерамі», некаторыя не саромеюцца паведамляць, што завозяць «шэрыя» апараты. 


Паводле адной з беларускіх крамаў, якая ўжо збірае папярэднія замовы на «iPhone 16», цэны стануць хаця б прыблізна вядомыя пасля 20 верасня – у гэтыя дні тэлефоны маюць пачаць прадаваць у большасці краінаў свету. Паводле другой беларускай крамы, якая таксама прымае перадзамовы, цэны стануць вядомыя толькі пасля таго, як стануць вядомыя даты паставак у Беларусь – а гэта будзе не раней як праз чатыры тыдні па выпуску тэлефонаў у сусветны продаж.


Ды цэны ўжо можна прыблізна ўявіць: яны на старце продажаў маюць быць такімі ж, як летась на старце былі на «iPhone 15».


Стартавая цана базавых «iPhone 15» і «iPhone 16» з мінімальным аб’ёмам памяці ў 128 Гб ў Злучаных Штатах была аднолькавая: 799 долараў. У Расеі, паводле расейскага «МТС», новыя «iPhone 16» будуць каштаваць ад 114 990 расейскіх рублёў, а летась на «iPhone 15» на старце продажаў пачыналіся ад 124 990 – ды тады і расейскі рубель быў крыху слабейшым да долара ці еўра. Таксама і ў Польшчы 16-ая мадэль на старце каштуе менш за 15-ю, але тое за кошт росту курсу злотага да іншых валютаў – і змена цаны прапарцыйная змене курсу.


Паводле аднаго з агрэгатараў цэнаў, самая мінімальная цана на «iPhone 15» базавай мадэлі са 128 Гб памяці ў пачатку кастрычніка 2023 года складала 3710 беларускіх рублёў (на самы дарагі, «15 Pro Max» з 1 Тб памяці, было аж 7756 рублёў). На 1 кастрычніка 2023 года Нацыянальны банк Беларусі ацэньваў долар у 3,2851 беларускага рубля – значыць, за «iPhone 15» тады прасілі 1129,34 долара. Калі і зараз будуць прасіць столькі за новы «iPhone 16», то гэта з папраўкай на курс да долара будзе каля 3611,75 рубля. 


Вядома, гэта вельмі прыблізныя падлікі, якія не ўлічваюць нюансаў «шэрых» і «белых» паставак. Але так ці іначай, новы смартфон нават самай базавай мадэлі – раскоша для многіх беларусаў.


Колькі гэта ў бульбе і медыянных заробках?

Возьмем прыблізную цану новага «iPhone 16» – 3611,75 рубля


Гэта каля 145 мяхоў бульбы, калі лічыць, што ў меху 25 кг, і калі браць цану ў 1 рубель за 1 кг – па такой цане прапануюць 1 кг бульбы ў шматлікіх абвестках у інтэрнэце. Вядома, вартасць «айфона» можна ацэньваць у рознай бульбе: дробную, бывае, і бясплатна прапануюць, толькі забярыце!


А яшчэ за такія грошы прапануюць аўтамабіль «Opel Omega B» 1996 года з 2-літровым рухавіком і механічнай скрыняй, прабегам усяго 40 тысяч км. Верыць ці не, вырашайце самі, але такая абвестка ёсць на адным з сайтаў продажу патрыманых машынаў у Беларусі.


Калі сур’ёзна, гэта больш за месячны заробак абсалютнай бальшыні беларусаў. 

Колькі падаткаў плацяць у Беларусі
Колькі падаткаў у Беларусі насамрэч бяруць з сярэдняга заробку. Палічылі з эканамісткай навіны

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сярэдні налічаны заробак у Беларусі ў ліпені 2024 года складаў 2355,1 рубля – і гэта да вынятку падаткаў і збораў. Калі адняць 13 % на падаткі і 1 % на фонд сацыяльнай абароны, застанецца 2025,39 рубля. То бок на новы «iPhone 16» давядзецца працаваць з сярэднім заробкам 1,78 месяца – і ні на што іншае не траціць той заробак.


І сярэдні заробак – далёка не той, які атрымлівае сярэднестатыстычны беларус. Двойчы на год Нацыянальны статыстычны камітэт публікуе медыянны заробак – такі, які атрымлівае сярэдні чалавек са спісу ўсіх заробкаў, адсартаванавага ад меншага да большага. У траўні медыянны заробак да вынятку падаткаў складаў, паводле Белстату, 1688,3 рубля. Па вынятку падаткаў і збораў заставалася 1451,94 рубля – гэта ў пераводзе на новы «iPhone 16» 2,49 месяца працы з медыянным заробкам.


Калі ж шукаць працу ў Беларусі ў надзеі зарабіць на новы «айфон», дык усё яшчэ горш. У дзяржаўным банку вакансіяў у абвестках пра пастаянную працу за апошні месяц медыянны прапанаваны заробак – 950 рублёў. Калі з гэтага адняць падаткі і зборы, застанецца 817 рублёў. Гэта 4,42 месяцы працы з медыянным заробкам з рэальных абвестак, каб купіць новы «iPhone 16» – і зноў жа, калі нічога іншага на той заробак не купляць. Калі цэліцца на самы дарагі «айфон» з новай лінейкі, дык гэта амаль дзевяць з паловай месяцаў працы без усялякіх іншых выдаткаў.


Для параўнання возьмем Польшчу. Там стартавая цана базавага «iPhone 16» са 128 Гб памяці мае скласці 3999 злотых. Найбольш свежыя звесткі пра медыянны заробак – за люты 2024 года, тады сярэднестатыстычны паляк атрымліваў «чыстымі на рукі» 4710,98 злотых. А значыць, зарабіў бы на новы «iPhone 16» за 0,85 месяца працы. То бок сярэдні паляк заробіць на новы «айфон» утрая хутчэй за сярэдняга беларуса.


А варта купляць? Што новага ў «iPhone 16»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Як мог бы выглядаць лагатып «беларускага Youtube». Калаж: Белсат
Улады Беларусі задумалі стварыць «Беларускі Youtube». Адразу прызнаюць: будзе кепска навіны

Практычна ўсе аглядальнікі і каментатары пагаджаюцца ў тым, што ў новай лінейцы «iPhone» няма нічога прынцыпова новага. 


Канешне, «iPhone» новага пакалення атрымалі новыя працэсары і некаторыя іншыя «фішкі». Але самая заўважная навінка – хіба асобная кнопка для камеры.


А самая разрэкламаваная – новыя функцыі штучнага інтэлекту – не была даступная на момант прэзентацыі і з’явіцца толькі з абнаўленнем да аперацыйнай сістэмы «iOS 18», запланаваным на 16 верасня. То бок ацаніць, наколькі сапраўды карысныя новыя AI-функцыі, яшчэ немагчыма. І першыя ўражанні аглядальнікаў ад анонсу тых функцыяў – нічога надзвычайнага, такое ўжо ёсць у канкурэнтаў.


Да таго ж, у базавых «iPhone 16» частата абнаўлення дысплэю па-ранейшаму складае 60 Гц, а ў тэлефонах па такіх цэнах ужо тры гады гэтая частата прынамсі ўдвая большая. Гэта ў «Pro»-мадэляў дысплэі з сучаснай частатой (а яшчэ з танчэйшымі рамкамі вакол экрану).


Паглядзець на новыя «айфоны» можна ў аглядах шматлікіх англамоўных блогераў, якія былі на прэзентацыі. Напрыклад, у Маркеза Браўнлі – самага папулярнага англамоўнага тэхна-блогера на Youtube: 


Браць, не браць? 


Наўрад ці «iPhone 16» можна парэкамендаваць тым, што мае «айфон» мадэлі мінулага года. Але за некалькі пакаленняў паляпшэнні больш заўважныя. 


Калі абнаўляцца з таго ж «iPhone 13», на якім «Apple» перастала цікавіцца Беларуссю, ці амаль ідэнтычнага «iPhone 14», дык у «iPhone 16» будзе заўважна лепшая камера, крыху мацнейшая батарэя і больш актуальны порт «USC Type C» замест састарэлага «Lightning» – можна будзе прасіць зарадку ў сяброў з тэлефонамі на «Android». Розніцу ў вылічальных магутнасцях, праўда, заўважаць у асноўным тыя, хто гуляе ў «цяжкія» 3D-гульні (гэта не крытыка новых чыпаў – проста старыя і так някепска спраўляюцца з амаль любымі задачамі). А новая «iOS 18» прыйдзе і на 13-ы «айфон», і нават на старэйшыя мадэлі, аж да 2018 года выпуску.


Ды для бальшыні беларусаў адказ відавочны: дарагавата. 


Мяркуючы па папулярным агрэгатары абвестак, найбольш беларусаў цяпер цікавіць смартфон «Honor X8b» за 664 рублі. Па цане новага «iPhone 16» можна купіць больш за пяць такіх, а зарабіць на такі можна нават за месяц звычайнай працы з банку вакансіяў, нават на ежу крыху застанецца. І хоць працэсар будзе павольнейшы за той, што ў новага «айфона», ён не зусім «тармазнуты». У «Fortnite» не пагуляеш, але ў «Minecraft» яшчэ можна. Камеры не супер, але даволі прыстойныя (толькі трэцяя макра-камера «ніякая» па якасці). А дысплэй ці не лепшы, чым у «iPhone 16». І батарэю трымае даўжэй прынамсі за 15-ы «айфон». Жыць можна.


Таксама шмат цікавяцца «Poco X6 Pro» за 1259 рублёў, «Xiaomi Redmi Note 13 Pro+» за 1485 рублёў і «Infinix Zero 30 4G» за 748 рублёў. У «МТС» гіт продажаў – дык наогул «Xiaomi Redmi 10» за 569 рублёў, а ў «A1» – «Poco M6» за 349 рублёў.


Такім чынам, беларусаў, якія сапраўды прыглядваюцца да новага тэлефона, цікавяць кітайскія апараты бюджэтнай і ніжняй паловы сярэдняй цэнавай катэгорыі, а не «айфоны» і нават не «Samsung Galaxy» ці «Google Pixel».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10