навіны

Марскі курорт на возеры, начное сафары па лесе, падводная рыбалка: як незвычайна адпачыць у Беларусі?

Людзі глядзяць на захад сонца на Менскім моры.
Людзі глядзяць на захад сонца на Менскім моры. Менск, Беларусь. 3 жніўня 2023 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Большая частка лета ўжо за намі, але гэта не нагода сумаваць – наперадзе яшчэ 20 дзён цяпла, сонца і магчымасцяў адпачыць ды назапасіць уражанні, успаміны пра якія будуць саграваць увосень і ўзімку. Мы сабралі для вас спіс з шасці месцаў у Беларусі, адпачынак у якіх можа стаць сапраўды цікавым.

Беларускі Туніс – возера Каташы

Гэтае месца стала папулярным некалькі гадоў таму, калі ў інтэрнэце разляцеліся фотаздымкі пляжа з дробным, амаль белым, вельмі незвычайным для Беларусі пяском. Беларусы параўноўваюць яго нават з Тунісам. Тут ёсць нават дзюны вышынёй да 20 метраў.

Апошнім часам сюды едзе ўсё больш людзей, хоць возера даволі далёка ад буйных гарадоў – адносна блізка толькі Кобрын і Берасце, да Менску – 300 кіламетраў.

Пляж тут цалкам абсталяваны для адпачынку – ёсць зручныя падыходы да вады, парасоны ад сонца на пяску, кавярня і нават пост ратавальнікаў. Сюды можна прыязджаць з намётамі. Дамоў адпачынку, гасцініц каля возера няма.

Само возера – рукатворнае. Падчас будаўніцтва так званай «Алімпійкі» – трасы Берасце–Масква – тут бралі пясок, у выніку чаго ўтварыўся кар’ер. У калгасе «Зара», на балансе якога ён быў, вырашылі зрабіць месца адпачынку – кар’ер паглыбілі і затапілі. Так утварылася возера.

Каташы. Фота: traveling.by
Каташы. Фота: traveling.by

Пляж «Urliki» – марскі курорт у Беларусі

Пляж «Urliki» – папулярнае інстаграмнае месца, якое адкрылася на беразе возера Нарач на тэрыторыі санаторыя «Прыазёрны» у 2023 годзе.

Гэты пляж стварае ўражанне сапраўднага марскога курорту. Тут мяккі белы пясок, драўляныя насцілы, стылёвыя шэзлонгі і парасоны. На пляжы ёсць кавярня, магчымасць арэнды спартовага інвентару, пледаў, лежакоў. Можна замовіць альтанку з мангалам для адпачынку кампаніяй.

Таксама ля возера абсталяваныя дзве пляцоўкі для гульні ў валейбол. Можна замовіць яхту, катамаран, sup-борд, гідрацыкл, лодку. Для дзяцей абсталявалі пляцоўку для гульняў з пяском і вадой.

Пляж «Urliki». Фота: adpachinak.by
Пляж «Urliki». Фота: adpachinak.by

Альманскія балоты: асалода ад цішыні і ўнікальнай прыроды

Адпачынак на балотах апошнім часам набірае папулярнасць у Беларусі. Самым вядомым балотам цяпер з’яўляецца, напэўна, Ельня, таму пра яе мы пісаць не будзем. А распавядзем пра Альманскія балоты, паездка на якія можа стаць найлепшым адпачынкам для тых, хто стаміўся ад шуму буйных гарадоў.

Рэспубліканскі заказнік «Альманскія балоты» знаходзіцца на тэрыторыі Столінскага раёну Берасцейскай вобласці. Гэта найбуйнейшы ў Еўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, што захаваліся да нашых дзён.

Што рабіць на Альманскіх балотах? Напрыклад, прагуляцца па экасцежцы – гэта драўляны насціл даўжынёй 1,3 кіламетры, атрымаць асалоду ад цішыні і сустрэчы з унікальнай прыродай. Падчас шпацыру трэба быць асцярожнымі, найлепш абуць гумовыя боты, бо месцамі драўляная сцежка сыходзіць пад ваду, асабліва пасля дажджоў.

Альманскія балоты. Фота: priroda.club
Альманскія балоты. Фота: priroda.club

Сцежка вядзе да прыгажэннага возера пад назвай Вялікае Засамінае. Назва возера кажа пра ловы самоў – іх тут сапраўды шмат.

Ёсць і Малое Засамінае возера, але яно мёртвае – там няма жывых арганізмаў. Кажуць, у ім з-пад зямлі выходзіць газ.

На Альманскіх балотах можна ўбачыць балотную чарапаху, чорнага бусла, барадатую няясыць, вялікага падорліка і іншых рэдкіх жывёлаў.

Яшчэ на Альманскіх балотах можна сплавіцца на байдарках ці платах па прытоках Прыпяці – рэках Гарынь, Сцвіга і Льва.

Па балотах таксама ладзяць сафары на «козліку» ГАЗ-69. А яшчэ тут можна схадзіць у сапраўдны паход па балотах, у высокіх рыбацкіх ботах, з намётамі, на некалькі дзён. У такую вандроўку пажадана браць з сабой дасведчанага правадніка.

Браслаўскія азёры: дайвінг, бёрдвочынг, начное сафары

Браслаўскімі азёрамі нікога не здзівіш. Аднак, ёсць тут месцы і віды адпачынку, пра якія ведаюць не ўсе.Каля Браславу, на мяжы з Латвіяй, ёсць возера Рычы, якое ўваходзіць у аднайменны заказнік «Рычы». Яно другое паводле глыбіні ў Беларусі – самыя глыбокія мясціны сягаюць 51,9 метраў. Возера ўнікальнае тым, што празрыстасць вады ў ім дасягае 5,5 метраў, а ў яе тоўшчы жывуць рэдкія рэліктавыя арганізмы, занесеныя ў Чырвоную кнігу.

На Рычы праходзіць навучанне дайвінгу.

Канешне, Браслаўшчына – гэта нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», у якім прапаноўваецца шмат цікавых магчымасцяў для актыўнага адпачынку на прыродзе. Напрыклад, тут можна выправіцца на бабрынае сафары і пазнаёміцца з сям’ёй баброў ды паназіраць за іх жыццём у натуральным асяроддзі. Таксама ў гэтым жа нацпарку ладзяць начное сафары – вандроўку ў лес з лесніком на «уазіку», падчас якога можна ўбачыць самых розных жывёлаў.

Браслаўскія азёры. Фота: planetabelarus.by
Браслаўскія азёры. Фота: planetabelarus.by

Па азёрах Струста – Снуды можна пракаціцца на катары. А ў цэнтры возера Дрывяты ёсць камень, да якога можна даплыць толькі на лодцы.

«Браслаўскія азёры» – гэта таксама месца для бёрдвочынгу. Можна замовіць прафесійнага гіда, і ён правядзе вас у месцы, дзе можна будзе назіраць за чарназубай гаграй і белай курапаткай – птушкамі, якіх можна сустрэць толькі тут, на тэрыторыі нацыянальнага парку.

А яшчэ можна ўзяць у арэнду ровар і праехацца па эксасцяжынках нацпарку – там можна ўбачыць рэдкія формы ледніковага рэльефу, розныя расліны, птушак, а таксама неверагоднай прыгажосці панарамы.

Заказнік «Налібоцкі»

Тут у 2016 годзе адкрыўся глухарыны пітомнік, дзе можна пабачыць сапраўднага глухара.

У Налібоцкай пушчы ёсць самотнае возера Кромань, якое называюць ідэальным месцам для інфармацыйнага дэтоксу і спакойнага летняга адпачынку. Вакол возера – высокі лес, на беразе звычайна знаходзяцца лежакі турыстычнага комплексу «Кромань». Тыя, хто тут быў, кажуць пра дзіўную цішыню, у якой можна ляжаць і глядзець на аблокі над галавой.

Возера Кромань. Фота: planetabelarus.by
Возера Кромань. Фота: planetabelarus.by

У Налібоцкай пушчы таксама ёсць экасцяжынкі, з якіх вельмі цікавая інтэрактыўная сцяжынка «Белакорэц», на якой размешчаныя стэнды з цікавай інфармацыяй і аб’екты лэнд-арту.

Сарачанскія азёры

Сарачанскія азёры – гэта 14 азёр і вадаёмаў, якія завуць «жамчужнымі каралямі Астравеччыны». Яны знаходзяцца побач і ўтвараюць нібы нітку ў 18 кіламетраў. Тут ёсць прыгожыя краявіды – раўніны, лясныя сцяжынкі, каньёны. Каля 12 тысяч гадоў тут праходзіў Валдайскі ляднік, які і ўтварыў азёры. Вакол кожнага з азёраў – унікальны ландшафт са сваімі асаблівасцямі.

Вакол азёраў няма дамоў адпачынку, вялікіх гасцініц. Тут можна спыніцца з намётам на турыстычнай стаянцы ці ў аграсядзібах. Гаспадары аграсядзібаў пакажуць экасцяжынкі і найлепшыя месцы для рыбалкі на азёрах, а яшчэ – грыбныя і ягадныя мясціны ў лесе.

Сарачанскія азёры. Фота: belarus.by
Сарачанскія азёры. Фота: belarus.by

У ваколіцах Сарачанскіх азёраў будзе цікава і аматарам культурнага турызму – у Астравецкім раёне ёсць шмат перлінаў культавай архітэктуры: касцёлы ў Гервятах, Міхалішках, Варнянах, Кемелішках. У вёсцы Барані на тэрыторыі заказніка знаходзіцца дом-музей Казіміра Сваяка – святара, дзеяча беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя.

Ганна Ганчар, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10