навіны

Калі на выбарах у Штатах пераможа Трамп, што будзе з Беларуссю? А калі Гэрыс? Спыталі Кавалеўскага

img
Валер Кавалеўскі. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША маюць прайсці 5 лістапада 2024 года, а інаўгурацыя новага прэзідэнта – або новай прэзідэнткі – чакаецца 20 студзеня. Лукашэнкаўская прапаганда сімпатызуе Трампу. Што будзе, калі ён пераможа ці калі прайграе? «Белсат» спытаў дыпламата Валера Кавалеўскага, які якраз збіраецца ў Вашынгтон.

Сцяг ЗША. Фота: Pickpik.com
Гэрыс і Трамп правялі дэбаты. Хто перамог на іх – і хто пераможа на прэзідэнцкіх выбарах? навіны

У ноч на 11 верасня ў Злучаных Штатах прайшлі дэбаты асноўных кандыдатаў на будучых прэзідэнцкіх выбарах: дзейнай віцэ-прэзідэнткі Камалы Гэрыс з Дэмакратычнай партыі і мінулага прэзідэнта Доналда Трампа з Рэспубліканскай партыі. Перамогу ў дэбатах большасць аддае Гэрыс. Але прапагандысты Аляксандра Лукашэнкі ўжо рэагуюць на тыя дэбаты – і па-ранейшаму аддаюць перавагу Трампу. 


Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Валер Кавалеўскі расказвае «Белсату»: 

,,

«Лукашэнка і Трамп вельмі падобныя ў сваім стаўленні да дэмакратычных інстытутаў».


Кавалеўскі згадвае, што ў час свайго прэзідэнцтва Трамп шмат крытыкаваў незалежныя медыі і ціснуў на іх, падвяргаў ціску Кангрэс (парламент) і незалежную судовую сістэму. На думку суразмоўцы, у гэтым Лукашэнка і Трамп падобныя. Ды і для Трампа, адзначае Кавалеўскі, было нормай адпускаць камплементы на адрас Уладзіміра Пуціна і іншых аўтакратаў, як то з Кітаю і Паўночнай Карэі; у Трампа дагэтуль добрыя стасункі з вугорскім кіраўніком Віктарам Орбанам. Лукашэнка таксама прыпісвае сябе да гэткага шэрагу лідараў. Кавалеўскі лічыць, што Лукашэнка бачыць сябе ў вачах Трампа «зразумелай і досыць камфортнай фігурай».


«Са знешнепалітычнага пункту гледжання Трамп выгадны для Пуціна, Лукашэнкі і іншых такіх аўтарытарных лідараў, – перакананы Кавалеўскі. – Што ён, напрыклад, падрываў NATO як галоўны фактар стабільнасці і міру ў Еўропе і стрымліваючы фактар для Расеі. Трамп ставіў адкрытымі пытанні датычна таго, ці будуць Злучаныя Штаты абараняць краіны Балтыі, напрыклад, у выпадку нападу Расеі на гэтыя краіны. 


Таму для Лукашэнкі гэта выгадны варыянт: з ім ужо працавалі, ён ужо зразумелы, ён ужо прадказальны. І ў пэўным сэнсе ведаюць нейкія ключыкі да таго, як з ім размаўляць». 


Камала Гэрыс, імаверна, будзе пераемніцай палітыкі дзейнага прэзідэнта і ейнага супартыйца Джо Байдэна, нагадвае Кавалеўскі. Паводле яго, можна крытыкаваць гэтую палітыку ў сэнсе эфектыўнасці ці своечасовасці, але гэтая палітыка – выразная пазіцыя ў падтрымцы Украіны ў вайне супраць расейскай агрэсіі, а фінансавая і матэрыяльная ЗША стала важным фактарам у працягу змагання ўкраінцаў. 


Трамп жа ў гэтым сэнсе больш невыразны, заўважае Кавалеўскі. Трамп кажа, што вайна павінна спыніцца. Але на якіх умовах – капітуляцыі Украіны ці большай падтрымкі для Украіны – Трамп не кажа. Такая невыразнасць стварае няпэўнасць ва Украіне, Беларусі і рэшце Еўропы, бо ад падтрымкі Штатамі Украіны залежыць і будучыня Беларусі, падкрэслівае Кавалеўскі. 


Калі пераможа Гэрыс, што зменіцца для Беларусі?

Нядзельнае шэсце (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў навіны

Наколькі на тле вайны ва Украіне Беларусь у полі зроку Штатаў, ці не лічаць яе «прычэпам» да Расеі? Кавалеўскі адказвае: ёсць розныя сітуацыі. Нельга сказаць, што беларусаў адназначна запісалі ў сатэліты Расеі, але і нельга сказаць, што Беларусь на высокай пазіцыі ў парадку дня ў Вашынгтоне. Важнасць Беларусі можа вагацца ад таго, як суразмоўца ці інстытут бачаць сітуацыю ва Усходняй Еўропе.


Суразмоўца нагадвае: у Вашынгтон з’язджаюцца прадстаўнікі мноства краінаў са сваімі праблемамі, задачамі і інтрыгамі, усе спрабуюць прасунуць свае інтарэсы, дамагчыся рашэнняў і рэсурсаў. Таму важна там прысутнічаць і важна там размаўляць з людзьмі, якія прымаюць рашэнні ў вонкавай палітыцы. 


Кавалеўскі настойвае на тым, каб Беларусь пад кантролем Лукашэнкі стала ў вачах амерыканцаў месцам, адкуль пачалася вайна супраць Украіны. То бок беларускія палітычны крызіс і гуманітарная катастрофа, якія трываюць з 2020 года, прывялі да вельмі сур’ёзных наступстваў рэгіёну і сусветнай бяспекі. А калі так будзе працягвацца, Лукашэнка будзе працягваць генераваць праблемы і пагрозы для рэгіёну – і гэта відаць па штучна створаным міграцыйным крызісе або згодзе Лукашэнкі размясціць у Беларусі расейскую ядравую зброю.


,,

«Мы не можам казаць, што сітуацыя застыла, яна не развіваецца. І Пуцін, і Лукашэнка будуць развівацца як пагрозы», – даводзіць Кавалеўскі.


Доналд Трамп пасля заявы пра планы ўдзельнічаць у наступных выбарах прэзідэнта ЗША. 15 лістапада 2022 года. (Фота: Jonathan Ernst / Reuters / Forum)
Украіне – сяброўства ў NATO і ЕЗ, Расеі – касаванне санкцыяў. Ці жыццяздольны «план Трампа»? навіны

Ужо гадоў 25 як у Вашынгтоне склаўся кансэнсус адносна Беларусі, кажа Кавалеўскі. Хто такі Лукашэнка, якія ў яго тактыкі, якая ў яго залежнасць ад Расеі, чаго ён хоча – гэта не сакрэт і для дэмакратаў, і для рэспубліканцаў, і іхныя погляды ў гэтым падобныя. Зрэшты, першыя санкцыі адносна Беларусі пасля выбараў-2020 увялі яшчэ за Трампам.


Калі пераможа Гэрыс, а ў Беларусі захаваецца цяперашняя сітуацыя, Кавалеўскі чакае працягу цяперашняй палітыкі ЗША: як мінімум, непрызнання Лукашэнкі, дыпламатычнай і палітычнай ізаляцыі, далейшага ціску.


Ды расклады ў Беларусі могуць змяніцца не толькі праз выбары ў ЗША. Кавалеўскі адзначае, што выбары ў самой Беларусі, хай і не дэмакратычныя, гэта важны момант, за гэтым працэсам будуць сачыць. Суразмоўца заклікае ставіць такое пытанне: што мы зараз можам зрабіць, каб сфармуляваць будучую палітыку Злучаных Штатаў да Беларусі? Нельга проста спадзявацца на тое, што гэтая палітыка будзе такой, як хочуць беларусы. 


Сам Кавалеўскі на наступным тыдні запланаваў серыю сустрэчаў у Дзяржаўным дэпартаменце ЗША, Кангрэсе і Белым доме, а таксама з аналітычнымі структурамі, каб давесці інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і пажаданую палітыку ЗША адносна рэжыму Лукашэнкі ва ўмовах падрыхтоўкі да выбараў-2025.


А ім там не ўсё адно, што ў Беларусі?

Ён адзначае, што Расея ўжо інструменталізавала Беларусь у канфрантацыі з Захадам, а Беларусь згубіла самастойнасць і суверэнітэт у адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. А каб такога не было, Беларусь павінна стаць дэмакратычнай. А дзеля гэтага – каб вырваць Беларусь з кіпцюроў Лукашэнкі і Пуціна, вярнуць Беларусь у еўрапейскую сям’ю – патрэбныя іншыя намаганні, падыходы і энергія ў палітыцы Злучаных Штатаў, Канады, Злучанага Каралеўства або Еўрапейскага звязу. Гэта, верыць суразмоўца, будзе адпавядаць рэгіянальным і еўрапейскім інтарэсам, а значыць, і інтарэсам Злучаных Штатаў.


Валянцін Васіленка, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10