навіны

Гэрыс і Трамп правялі дэбаты. Хто перамог на іх – і хто пераможа на прэзідэнцкіх выбарах?

img
Сцяг ЗША. Фота: Pickpik.com
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнцкія выбары ў Злучаных Штатах запланаваныя на 5 лістапада 2024 года. Кандыдаты дзвюх асноўных партыяў, Дэмакратычнай і Рэспубліканскай, правялі ў ноч на 11 верасня дэбаты – гэта надзвычай важная падзея для ЗША, бо пакуль у апытаннях практычна нічыя.

Дэбаты ў межах гэтых выбараў былі ўжо другімі для кандыдата рэспубліканцаў, мінулага прэзідэнта Доналда Трампа. 27 чэрвеня ён дэбатаваў з дзейным прэзідэнтам, дэмакратам Джо Байдэнам, які на той момант лічыўся патэнцыйным кандыдатам на перавыбранне. Ды выступ Байдэна так шмат крытыкавалі, што ён вырашыў не спрабаваць ісці на другі тэрмін і саступіў сваёй віцэ-прэзідэнтцы: Камале Гэрыс, якую Дэмакратычная партыя пазней зацвердзіла сваёй кандыдаткай у прэзідэнты.


Другія дэбаты, з Гэрыс і Трампам, паказвалі на тэлеканале «ABC». Дэбаты трывалі паўтары гадзіны, на відэа ніжэй самі дэбаты пачынаюцца з 1 гадзіны 2 хвіліны:



Перамагла Гэрыс


Тэлеканал «CNN» замовіў апытанне гледачоў, якое паказала перамогу Гэрыс. 63 % сказалі, што яна выступіла лепш, а 37 % – што лепш выступіў Трамп.


Дакладна Гэрыс? Трамп так не лічыць

Кандыдатка ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Камала Гэрыс выступае на перадвыбарным мітынгу ў Мілўокі, ЗША. 20 жніўня 2024 года. Фота: Jacquelyn Martin / AP Photo / East News

Выбары ў ЗША: Камала Гэрыс дала надзею дэмакратам, але яшчэ не развеяла іх страхі

навіны

У Штатах даволі палярызаванае грамадства: прыхільнікі дэмакратаў упэўнена скажуць, што перамагла Гэрыс, а прыхільнікі рэспубліканцаў – што Трамп.


Хоць апытанне праводзіла незалежная кампанія «SSRS», некаторыя рэспубліканцы могуць не паверыць вынікам: апытанне ж замаўляў CNN, які лічаць хутчэй прадэмакратычным.


Сам Трамп перакананы, што перамог ён – у сваёй сацсетцы Truth Social ён апублікаваў пост, у якім назваў сябе пераможцам. Праўда, нават на любімым тэлеканале Трампа «Fox News» кажуць, што перамагла Гэрыс.


У амерыканскіх медыях меркаванні падзяліліся, і хоць большасць аддае перамогу Гэрыс, ёсць і тыя, хто з гэтым не пагаджаецца: напрыклад, як у гэтай дыскусіі на «Newsweek». А заакіянскія адносна Штатаў «BBC» і «Politco» ўпэўненыя ў перамозе Гэрыс на дэбатах.


Тым часам амерыканскі «Vox», які аддае перамогу на дэбатах Гэрыс і камандзе мадэратараў «ABC», таксама лічыць, што прайгралі ў выніку дэбатаў мігранты, якіх Гэрыс не бараніла на тле росту антыімігранцкіх настрояў. Перамогу таксама залічылі фанатам спявачкі Тэйлар Сўіфт, якая па дэбатах паабяцала галасаваць за Гэрыс.


Што да мадэратараў, ім «Vox» аддаў перамогу за праверку фактаў: яны ўступалі ў дыскусію і выпраўлялі фальшывыя заявы. Асабліва адзначаюць, як мадэратары выправілі Трампа, калі ён заяўляў, што быццам бы «дэмакраты падтрымліваюць забойства дзяцей нават пасля нараджэння» і што ў горадзе Спрынгфілд быццам бы «мігранты ядуць сабак і катоў». Гэрыс аж так не выпраўлялі, хоць і яна рабіла некаторыя непраўдзівыя заявы, на якія звярнула ўвагу «NPR».


Пра што казалі?


Доналд Трамп пасля заявы пра планы ўдзельнічаць у наступных выбарах прэзідэнта ЗША. 15 лістапада 2022 года. (Фота: Jonathan Ernst / Reuters / Forum)

Украіне – сяброўства ў NATO і ЕЗ, Расеі – касаванне санкцыяў. Ці жыццяздольны «план Трампа»?

навіны

За паўтары гадзіны – пра многае: пра інфляцыю, беспрацоўе, мыты, аборты, міграцыю, войны ва Украіне і Ізраілі… Пераказ па-англійску рабіў сам тэлеканал «ABC», які праводзіў дэбаты. Пераказ асноўных пытанняў у дэбатах зрабіў па-расейску «Голос Америки».


Галоўнае, што адзначыў «ABC»:


«Гэрыс з самага пачатку паставіла Трампа ў абарончую пазіцыю, заявіўшы, што гледачы „пачуюць тую жа старую і стомленую кружэлку, кучу хлусні, крыўдаў і абразаў“. Пазней яна зачапілася за ягоныя мітынгі і першай выставіла яму некалькі абвінавачванняў.


Тым часам Трамп спрабаваў звязаць Гэрыс з прэзідэнтам Джо Байдэнам як мага часцей. „Яна – Байдэн“, - сказаў ён, раскрытыкаваўшы іхныя эканамічныя вынікі. Пол Гэрыс не быў абмеркаваны падчас дэбатаў, хоць ейная раса была. Трамп падвоіў ілжывыя сцвярджэнні пра ейную расавую прыналежнасць, хоць і сказаў, што яму „напляваць“».


Што да войнаў. Трамп заявіў, што будзь ён прэзідэнтам, нападу тэрарыстаў «Хамас» на Ізраіль не адбылося б, а Расея ніколі б не напала на Украіну, бо ён «добра ведае» і Уладзіміра Пуціна, і Уладзіміра Зяленскага. Таксама, маўляў, не было б і таго, што хусіты чыняць у Емэне.

,,

«Вайна між Украінай і Расеяй скончылася б, калі б мяне выбралі прэзідэнтам, я б завяршыў яе яшчэ да таго, як стаў прэзідэнтам», – заявіў Трамп.


Гэрыс на гэта адказала, што палітыка Трампа ў нацыянальнай бяспецы «слабая і няправільная», бо ён «абажае дыктатараў». Яна нагадала, што сам Трамп казаў, што хацеў бы быць «дыктатарам у першы дзень» новага прэзідэнцкага тэрміну. Дыктатары, казала яна, чакаюць вяртання Трампа ў прэзідэнцкае крэсла, бо змогуць ім маніпуляваць.

,,

«Добра вядома, што ён сказаў Пуціну, што той можа рабіць усё, што яму захочацца, урывацца ва Украіну, добра вядома, што ён назваў „геніяльным“ момант, калі Расея ўварвалася ва Украіну», – сказала Гэрыс пра Трампа.


Трамп сапраўды такое казаў, але за два пачатку поўнамаштабнай вайны і з сарказмам: маўляў, гэта ж геніяльна, што Пуцін проста ўзяў і абвясціў частку Украіны «незалежнай» ад Украіны – ох, як цудоўна, увядзе міратворцаў, будзе мір! І дадаў: «А што на гэта адказаў Байдэн? Нічога».


Што далей?

Камала Гарыс і Тым Ўолз. Выява: Kamala Harris / X

Камала Гарыс выбрала кандыдата ў віцэ-прэзідэнты. Чаму гэта важна

навіны

Тэарэтычна, каманды Гэрыс і Трампа могуць дамовіцца на наступныя дэбаты, але амерыканскія медыі лічаць, што гэтыя дэбаты, хутчэй за ўсё, апошнія між кандыдатамі ў прэзідэнты. Ды запланаваныя яшчэ дэбаты між кандыдатамі ў віцэ-прэзідэнты: 1 кастрычніка на «CBS News». 


Самі выбары пройдуць 5 лістапада. Ды ў гэты дзень амерыканцы галасуюць не наўпрост: кожны штат выбірае так званых электараў, якія аддаюць галасы ад імя штату. Усе акрамя двух штатаў дзейнічае паводле прынцыпу «пераможца атрымлівае ўсё»: калі за аднаго кандыдата 51 %, а за другога 49 %, усе галасы электараў ідуць першаму. І колькасць электараў не наўпрост прапарцыйная насельніцтву: меншыя штаты атрымліваюць больш «электараў на душу насельніцтва».


У апытаннях пра прэзідэнцкія выбары ў ЗША цяпер лідуе Гэрыс. Але адрыў невялікі, ад 1 да 3 адсоткавых пунктаў. Праз складаную выбарчую сістэму ў Штатах можа перамагчы кандыдат, які набраў менш галасоў выбарнікаў і больш электараў – сам Трамп так перамог у 2016-м, атрымаўшы на 2,1 адсоткавыя пункты менш галасоў выбарнікаў, але на траціну больш электараў. Апытанні па асобных штатах пакуль паказваюць нічыю: лёс выбараў вырашаць некалькі штатаў, у якіх галасы пакуль размяркоўваюцца амаль 50 на 50. 


Мяркуючы па тым, што ніхто не кажа аб нейкім катастрафічным правале Трампа, як казалі аб правале Байдэна на мінулых дэбатах, гэтыя дэбаты наўрад ці моцна пахіснуць баланс выбараў.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10